На прыканцы мінулага тыдня па ініцыятыве спартыўнай грамадскасці, ветэранаў футбола Бабуніцкага сельскага Савета на стадыёне «Прыпяць» прайшоў футбольны таварыскі матч памяці нашага земляка Івана Глушко.
Іван Уладзіміравіч – ураджэнец Бабуніцкага сельскага Савета, вялікую частку свайго жыцця прысвяціў грамадска-спартыўнай рабоце на малой радзіме, паспяхова абараняў на спаборніцтвах гонар сельсавета. У 2024 годзе спартсмен заўчасна пайшоў з жыцця, пакінуўшы глыбокі след у памяці тых, хто яго ведаў.
Перад пачаткам матчу з прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся старшыня раённай арганізацыі ветэранаў спорту і фізічнай культуры Аляксей Каюкала, адзін з арганізатараў гэтага памятнага мерапрыемства Іван Кот. У арганізацыі і правядзенні мерапрыемства актыўны ўдзел прымаў прадпрымальнік з вёскі Міхедавічы Аляксандр Ганцэвіч і сектар спорту і турызму Петрыкаўскага раёна.
Пасля невялікай размінкі пачалася гульня. На полі сышліся дзве каманды, у складзе якіх былі прадстаўнікі Бабуніцкага сельсавета – сябры, аднавяскоўцы, ветэраны спорту, тыя, хто гуляў з Іванам Уладзіміравічам і тыя, хто прыйшоў, каб ушанаваць яго памяць. Землякі гулялі з запалам, з павагай, з душой. Сярод гледачаў – суседзі, сябры, блізкія і родныя Івана Уладзіміравіча. На памятным матчы прысутнічала сям’я Івана Глушко: дачка Паліна, жонка Тамара Леанідаўна і сястра Кацярына Уладзіміраўна. Іх вочы, поўныя цёплых успамінаў, казалі больш, чым словы.
Матч прайшоў у добрым настроі і завяршыўся з лікам 7:5. Па выніках матча памятныя прызы атрымалі: «Лепшы варатар» – Міхаіл Кот; «Лепшы нападаючы» – Сяргей Корж; «Лепшы абаронца» – Сяргей Кавальчук.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.
Оставить комментарий