На мінулым тыдні на сцэне раённага Дома культуры прайшоў конкурс “Супер-бабуля-2025”.
Ні аднаго свабоднага месца ў зале, кветкі ў руках гледачоў, перашэптванне наведвальнікаў пра ўдзельніц конкурсу – усе чакалі яркага прадстаўлення і ўпартай барацьбы. А як інакш? На конкурс заявіліся творчыя і маладыя духам Галіна Вабішчэвіч з гарадскога пасёлка Капаткевічы, Кацярына Ліцвін і Таццяна Семяніцкая з Петрыкава, Наталля Стракач з аграгарадка Бабунічы – землячкі, якія перасягнулі 60-гадовы ўзрост, але вядуць актыўны лад жыцця, цікавае і рознабаковае жыццё.Чаканні гледачоў апраўдаліся спаўна: дзве гадзіны разам з жыццелюбівымі супер-бабулямі падарылі незабыўныя эмоцыі. Хоць па праўдзе сказаць, называць іх бабулямі не хочацца: занадта канкурсанткі выглядаюць добра, апранаюцца з густам, умеюць танчыць, спяваць, чытаюць вершы, актыўна карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі.
Мерапрыемства адкрыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама Мікалай Семяніцкі, які адзначыў:
–У краіне, у тым ліку на Петрыкаўшчыне, створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі творчых навыкаў і талентаў беларусаў, незалежна ад узросту. Вядома, суайчыннікі, выходзячы на заслужаны адпачынак, імкнуцца прысвяціць час сабе і ўнукам. Але многія пры гэтым вядуць актыўнае грамадскае, творчае жыццё. Гэта дапамагае не страціць сацыяльныя кантакты, адчуваць сябе запатрабаванымі, служыць прыкладам для моладзі.
На суд журы і гледачоў удзельніцы прадэманстравалі свае таленты ў конкурсах: “Будзем знаёмы” – расказ пра сябе, “Ох, ужо гэты гаджэт” – выказванне сваіх адносін да сучасных тэхналогій, “Казка для сучаснага ўнука” – інсцэніроўка казкі ці мультфільма, “Сэрца, табе не хочацца спакою” – дэманстрацыя творчых магчымасцей, “Капялюшны баль” – дэфіле ў капелюшах.
Кожны з пяці іспытаў паказаў уменне жанчын здзіўляць, пераўвасабляцца ў адпаведнасці з вобразам. Удзельніцы праявілі адказнасць у падрыхтоўцы да мерапрыемства: касцюмы, музычнае суправаджэнне, дэкарацыі – усё было прадумана да дробязяў. Прыемна адзначыць, што на сцэну разам з канкурсанткамі выходзілі і іх групы падтрымкі. Калектывы Петрыкаўскай раённай бібліятэкі, Капаткевіцкага Дома культуры, наведвальнікі аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і забеспячэнні дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту ТЦСАН дапамаглі зрабіць мерапрыемства незабыўным, ператварыўшы яго ў свята, дзе можна было пасмяяцца ад душы і расчуліцца да слёз.
У выніку конкурсу ў намінацыі “Самая абаяльная бабуля” перамогу атрымала Кацярына Ліцвін – дыплом уручыла старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Алена Трухановіч. Таксама ўдзельніцы быў уручаны падарунак ад Петрыкаўскага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь”.
У намінацыі ”Самая запальная бабуля” перамогу атрымала Наталля Стракач – дыплом і падарунак уручыла старшыня Петрыкаўскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Святлана Блінец.
У намінацыі “Самая элегантная бабуля” перамогу атрымала Таццяна Семяніцкая – дыплом і падарунак уручыла старшыня раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Галіна Казак.
У намінацыі “Супер-бабуля-2025” перамогу святкавала Галіна Вабішчэвіч. Падарунак пераможцы ад сектара культуры Петрыкаўскага райвыканкама ўручыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама, намеснік старшыні раённага аддзялення Гомельскай вобласці Беларускай партыі ”Белая Русь” Мікалай Семяніцкі.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.










Оставить комментарий