Сёння свой 85-гадовы юбілей адзначае даўні сябар “Петрыкаўскіх навін”, самы адданы “раёнцы” пазаштатны аўтар Уладзімір Пугач. Напярэдадні знакавай падзеі мы сустрэліся з Уладзімірам Мікалаевічам, каб пачуць яго захапляльны аповед пра час і пра сябе.

Дзіця вайны
– Сам часам дзіўлюся, аднак факт застаецца фактам: памяць, здараецца, дорыць мне секундныя рэтраспекцыі ў мінулае. І тады перада мною выразна паўстаюць падзеі вайны: нашы ўцёкі ў лес, жыццё ў курані, холад, голад, хваробы, страх. Памятаю нават як адрывіста крычаў у хвіліны найвялікшага страху, не гучна і працяжна, а менавіта адрывіста, бо ведаў: крычаць нельга, вораг можа пачуць.
Добра памятаю 9 мая 1945 года. У вёсцы працавалі сапёры, работы ў іх хапала – зямля скрозь была начынена мінамі. І вось адзін з іх падбягае да мяне, бярэ на рукі, моцна абдымае і крычыць: “Перамога! Перамога! Вайна скончылася!” Дае мне дробны кавалачак сіняга цукру і акрайчык хлеба. З гэтым скарбам я спяшаюся дадому, а там матуля ўся ў слязах. Бабуля адводзіць мяне ўбок і шэпча: “Цішэй, Валодзька, Арсенік наш памёр”. Па сённяшні дзень у свята Вялікай Перамогі ўспамінаю свайго памерлага ад голаду брата. Яму ішоў сёмы год…
Цяпер часта думаю, як матуля з чатырма малалетнімі дзецьмі на руках выдужала, перанесла страшэнныя выпрабаванні.
Не лягчэй, дарэчы, было і ў першыя пасляваенныя гады: хату нашу немцы спалілі, доўгі час жылі ў зямлянцы, пасля пабудавалі невялікую хаціну, калі ўвабраліся ў сілу старэйшыя дзеці, адужалі хату.
Памятаю, як прывезлі лес, як мы пад кіраўніцтвам старога лесніка часалі бярвенне, самі будавалі сенцы…
Школа – час пошуку свайго месца ў жыцці
– У школу я пайшоў у 8 гадоў. З першага дня вучыцца вельмі падабалася, аднак школу першы год наведваў не рэгулярна: узімку не было ў чым, увесну і восенню дапамагаў часам бацькам па гаспадарцы. Памятаю, што за стараннасць і поспехі мяне часта хвалілі настаўнікі, ад гэтага стараўся яшчэ больш. Асабліва любіў чытаць. За паспяховае заканчэнне 4-га класа дырэктар падараваў мне кнігу Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”, якая перавярнула мой дзіцячы свет.
Сёння з упэўненасцю магу сказаць, што менавіта яна стала маім правадніком у загадкавы і таямнічы свет прыроды.
Пазней, за допісы ў “Піянер Беларусі”, рэдакцыйная калегія прыслала мне факсімільнае выданне твораў Янкі Маўра –для мяне, падлетка, гэта быў сапраўдны скарб.
У школьныя гады я пачаў пісаць вершы, асобныя з іх памятаю і сёння.
Пасля 7-га класа вырашыў паступаць на настаўніка. Аднак у мяне, вясковага хлопца, нават дакументы не прынялі, параілі паступаць у сельскагаспадарчы тэхнікум.
Шлях ад агранома да дырэктара школы
– Так я трапіў у Мар’іну Горку. Вучыўся добра, на ўсіх, нават профільных дысцыплінах,
адказваў па-беларуск у, чым заслужыў павагу ў настаўнікаў і аднагрупнікаў.
Па завяршэнні  навучання прыехаў у родную вёску, уладкаваўся аграномам у калгас.
Працаваў апантана, падабалася бачыць вынікі сваёй працы. Маім прафесійным гонарам быў яблыневы сад, што пры падтрымцы кіраўніцтва гаспадаркі з’явіўся каля царквы. У гэты ж перыяд мяне запрасілі выкладаць біялогію і спецдысцыпліны ў школу – такая практыка па прычыне адсутнасці настаўнікаў была. І тут мяне, што называецца, зацягнула. Вельмі спадабалася перадаваць свае веды, запальваць жывы інтарэс у дзяцей да свайго прадмета, прыроды, зямлі. І вось я ужо не аграном, а настаўнік: з калгаса звольніўся і перайшоў у школу ў Белы Пераезд. Праз некаторы час паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута на хіміка-біялагічны факультэт. Прапанавалі пасаду дырэктара – згадзіўся. Вучобу сумяшчаў з
працай, было цяжка, нагрузка настаўніцка-дырэктарская вялікая, аднак, калі справа па душы, на ўсё хапае сіл і часу.
Амаль 15 гадоў адпрацаваў у Белым Пераездзе, 10 з іх – дырэктарам. Некалькі гадоў педстажу звязана з Філіпавіцкай школай, больш за 20 – з Навасёлкаўскай. На момант выхаду на заслужаны адпачынак “напрацаваў” амаль 40 гадоў.
Сям’я – майго жыцця аснова
– У Белым Пераездзе я зрабіў прапанову рукі і сэрца сваёй будучай жонцы, з якой душа ў душу пражыў 53 гады і якая падарыла мне сына і дачку.
У яе за плячыма таксама быў час работы ў гаспадарцы, аднак, будучы дзяўчынай надзвычай граматнай, вырашыла вучыцца  на настаўніцу. Ужо маючы сына Юрку, ездзілі па чарзе на сесію. Дзякуй бацькам, падтрымалі нас у той няпросты перыяд. Вось так заўсёды разам і ішлі мы па жыцці.
Жонка была маім надзейным дарадцам і сябрам: далікатная, шчырая, тактоўная, уважлівая, клапатлівая… У нашай сям’і заўсёды панавалі мір і згода. Можа, таму і дзеці выраслі людзьмі годнымі: сын Юрка жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу, чалавек ён сур’ёзны і пасаду займае адпаведную, Наталля настаўнічае ў Лучыцах – яна мой працяг, піша вершы і прозу. Добра піша. Маладзец. Не забываюць пра бацьку, тэлефануюць, прыязджаюць. Нагоды для гонару з кожным годам становіцца болей: цяпер ужо сваімі поспехамі радуюць мяне ўнукі і праўнукі, якія спрабуюць сябе ў навуцы і спорце. Вучу іх: чалавеку, які ўмее і любіць вучыцца і захапляцца жыццём, усе
дарогі адкрытыя – выбірай любую і смела кроч да сваёй мары-мэты.
Уважліва слухаюць, прыемна.
Пішу ўсё свядомае жыццё
– Што да літаратурнай творчасці,  то гэта дзіцячае захапленне я пранёс праз усё сваё жыццё. Спачатку гэта былі рыфмаваныя радкі-водгукі на падзеі школьнага жыцця, з’явы прыроды, пасля – узважаныя і глыбокія роздумы-разважанні пра людзей, іх месца ў маім жыцці, час і маё стаўленне да падзей. Прозу пачаў пісаць пазней. І зацягнула. Бывала, мае кладуцца спаць, а я сядаю за пісьмовы стол, уключаю настольную лямпу, каб нікому не перашкаджаць, і … падзеі і вобразы з’яўляюцца самі, толькі паспяваю запісваць. Жонка часта прасіла: адпачні, дзень быў складаны і заўтра не лягчэйшы, я абяцаў, што хутка лягу, а сам спыніцца не мог.
Прайшло столькі часу, а ў гэтым сэнсе ў маім жыцці нічога не змянілася. У любых жыццёвых сітуацыях: сумна мне, весела, усхваляваны я ці занепакоены – пішу. Галоўным чынам пра тое, што бачыў і перажыў, што люблю і падабаецца. Дзякуючы падтрымцы прыхільнікаў маёй творчасці пабачыў свет зборнік “Флейтавыя гукі”. Шэраг маіх твораў увайшлі ў іншыя выданні і альманахі.
Узрост свой не адчуваю – кожны дзень абавязкова здзяйсняю “вылазку” ў лес. Ён – мая крыніца натхнення, жыццёвай сілы і добрага настрою.
Новы накірунак дзейнасці –патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі
– Апошнія гады са старшынёй ветэранскай арганізацыі Уладзімірам Жукаўцом амаль штотыдзень наведваю ўстановы адукацыі раёна, дзе выступаю перад вучнямі і распавядаю пра сваё жыццё і творчасць. Прыемна бачыць зацікаўленыя твары і ведаць, што твой жыццёвы вопыт некаму можа быць цікавы і карысны. Лічу, што
патрыятычнае выхаванне – аснова ўсяму. З любові да Радзімы пачынаецца ўсведамленне ўласнай грамадзянскай адказнасці за ўсё тое, што адбываецца вакол, у чым ты непасрэдна ўдзельнічаеш ці па нейкіх прычынах ігнаруеш. Быць патрыётам – значыць быць надзейным для Радзімы чалавекам.
За актыўную грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у выхаванні моладзі два гады запар я быў ганараваны памятнымі юбілейнымі медалямі “80 гадоў вызвалення Беларусі” і “80 гадоў Вялікай Перамозе”. Урачыстасць праходзіла ў аблвыканкаме. Узнагароду мне ўручаў губернатар вобласці Іван Крупко.
З вышыні пражытых гадоў без лішняй сціпласці скажу – усё не дарэмна: справа, якой прысвяціў жыццё, дорыць шчасце і ўсведамленне важнасці і сёння.
– Дзецьмі ганаруся. Аднадумцаў паважаю і дзякую за падтрымку. Удзячны раённай газеце за магчымасць дзяліцца творчасцю з землякамі. Больш за шэсць дзесяцігоддзяў з’яўляюся пазаштатным аўтарам “раёнкі”. Друкуюся і ў рэспубліканскай перыёдыцы. Прыемна канешне, што мае творы запатрабаваныя.
Усім землякам жадаю мірнага неба над галавой, згоды і дабрабыту ў сем’ях, а таксама справы па душы.
Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о