Днямі ў Нацыянальным парку “Прыпяцкі” прайшла дыялогавая пляцоўка з вучнямі старэйшых класаў Ляскавіцкай сярэдняй школы, накіраваная на экалагічную асвету насельніцтва, у рамках мерапрыемстваў Месяца экалагічнага турызму, якім па ўсёй краіне абвешчаны верасень.

Мерапрыемства распачала выконваючая абавязкі загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама Зінаіда Беламутава, якая прадставіла вучням экспертаў – намесніка генеральнага дырэктара па навукова-даследчай рабоце нацпарку Андрэя Бяспалага і майстра лесу Петрыкаўскага лясгасу Дзіяну Драгун. “У нашай краіне налічваецца 13 відаў турызму, кожнаму з якіх прысвечаны свой час на працягу года. Жнівень, напрыклад, быў прысвечаны падзейнаму турызму, а верасень – экалагічнаму”, – растлумачыла Зінаіда Уладзіміраўна.
Андрэй Аляксандравіч падрабязна распавёў вучням пра экалагічны турызм і тое, як падобныя турыстычныя паслугі рэалізоўваюцца наведвальнікам нацпарка “Прыпяцкі”. Апрача гэтага, намеснік генеральнага дырэктара расказаў прадстаўнікам падрастаючага пакалення пра тое, што ўвогуле жадаюць пабачыць госці прыродаахоўнай установы: ад нацыянальнай кухні і традыцыйных промыслаў да археалагічных даследаванняў ды кальцавання птушак.
“Паняцце турызм у большасці людзей выклікае асацыяцыю з наведваннем славутых курортаў і адметных месцаў. Але, усё больш людзей зараз аддаюць перавагу арганізаванаму адпачынку бліжэй да прыроды. Людзям, канешне, больш падабаецца прачынацца пад спевы птушак, чым пад шум вялікіх, няхай і прыгожых гарадоў”, – рэзюмаваў навуковец.
Далей Андрэй Бяспалы расказаў вучням пра правілы паводзін на прыродзе і экалагічную небяспеку, якую можа прынесці пажар: апрача шкоды маёмасці і знішчэння ці пашкоджання экасістэм, полымя, распаўсюджваючыся на забруджаныя радыяцыяй месцы, падымае ў паветра радыенукліды, якія потым ветрам разносяцца на вялікія тэрыторыі. Гэта ў чарговы раз даказвае, чаму на прыродзе варта бездакорна прытрымлівацца мер бяспекі.
Школьнікі даведаліся і пра навуковую дзейнасць, якая праводзіцца ў нацпарку. Так, сёлета біёлагамі на тэрыторыі “Прыпяцкага” быў выяўлены нетыповы лішайнік і ёсць падстава лічыць, што гэта можа быць новы, невядомы навуцы дагэтуль від лішайніку. Зараз вучоныя займаюцца дэталёвым апісаннем біялагічнага матэрыялу, а генетыкі ўжо ўзялі адпаведныя пробы, каб канчаткова высветліць, ці новы гэта від.
Пра турыстычныя паслугі з прыстаўкай эка-, якія ажыццяўляе Петрыкаўскі лясгас, а таксам пра тое, куды паступаць, калі будучыя абітурыенты маюць намер звязаць сваё жыццё з лесаахоўнай службай, распавяла Дзіяна Драгун.
Пасля дыялогу школьнікі наведалі Музей прыроды, дзе кожны меў магчымасць узбагаціць і замацаваць свае веды пра мясцовую флору і фаўну ды традыцыйны ўклад жыцця палешукоў. Пасля гэтага вучні мелі магчымасць паназіраць за дзікімі жывёламі ў натуральным асяроддзі існавання, праехаўшы па маршруце сафары-парка. Дарэчы, падобны від экалагічнага турызму карыстаецца ў гасцей “Прыпяцкага” вялікай папулярнасцю і ўжо стаў сапраўднай візітоўкай прыродаахоўнай установы.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о