У мінулую пятніцу аграгарадок Чалюшчавічы стаў пляцоўкай правядзення раённага свята хлебаробаў. Сюды з розных куткоў Петрыкаўшчыны з’ехаліся не толькі героі жніва, а і ўдзячныя ім землякі.

Свята адчувалася ўжо на пад’ездзе да аграгарадка – прыгожыя архітэктурныя формы віталі гасцей агра-фэсту.
На пляцоўцы побач з сельскім Домам культуры размясціліся тэматычна прадуманыя, шчодра і багата аформленыя сельскімі Саветамі падворкі. Ганаровыя госці на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Верамеевым і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святланай Сянько завіталі да гасцінных гаспадароў. І сапраўды, на кожным з чатырох падворкаў кіраўніцтва раёна і ганаровых гасцей сустракалі хлебам-соллю, песнямі-скокамі, радасцю-весялосцю. Кожны сельсавет праявіў максімум фантазіі, каб прадставіць сябе найлепшым чынам. Разнастайныя стравы нацыянальнай кухні, прыгатаваныя ўмелымі гаспадынямі, вабілі не толькі знешнім выглядам і пахам, а і дэманстравалі традыцыйную гасціннасць петрыкаўчан, уменне з душой вітаць усіх, хто завітаў да нас з добрымі намерамі. Гледачы, якія назіралі за тым, што адбываецца на падворках, прыйшлі да аднагалоснай думкі, што гаспадары прадставілі свае ўладанні даволі ярка, за некалькі хвілін паказаўшы ўсё самае важнае, добрае, што характарызуе наша жыццё. А заадно і свой творчы патэнцыял прадэманстравалі.


Каля святочнай сцэны размясцілася выстава караваяў. Сёлета, без перабольшання, яны былі асабліва велічныя. Побач – эффектная кампазіцыя ад раённага Дома рамёстваў “З рога ўсяго многа”, дзе ўвазе гасцей свята быў прапанаваны падворак селяніна-гаспадара і сабраны багаты ўраджай садавіны і гародніны. З іншага боку – выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, дарэчы, беларускага вытворцы, прэзентацыю якой правёў кіраўнік мясцовай гаспадаркі – Сяргей Ракіцкі.
І вось урачыстыя фанфары запрасілі ўсіх на галоўную частку свята – цырымонію ўзнагароджання лепшых хлебаробаў раёна. Адкрыла святочную праграму раённай урачыстасці харэаграфічная кампазіцыя “Як пасеялі мы жыта” ў выкананні ўдзельнікаў студыі “Angelina”. Юныя артысткі зрабілі апошні дажыначны сноп, сабралі Багач і дзяўчыны ў нацыянальных касцюмах уручылі старшыні райвыканкама, яго першаму намесніку і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна хлеб новага ўраджаю – сімвал багацця, адзінства, сумленнай і самаадданай працы.

З цёплымі словамі павагі і падзякі да працаўнікоў жніва звярнуўся кіраўнік раёна Аляксандр Верамееў:
– Наш каравай сёлета склаў больш за 32 тысячы тон збожжа і рапсу. Годна папрацавалі на агульны вынік усе гаспадаркі раёна. Вялікую падзяку выказваю камбайнерам, механізатарам, вадзіцелям на адвозцы збожжа, машыністам зернесушыльных установак – яны ўнеслі важкі ўклад у наш агульны бохан.
Асобна старшыня райвыканкама адзначыў моладзь, якая папаўняе рады сельскагаспадарчых арганізацый.
– Дзякуй усім за прафесійную, зладжаную працу, за тое, што кожны на сваім месцы зрабіў усё, каб сабраць ураджай якасна і своечасова, – падзякаваў кіраўнік раёна і выказаў перакананасць, што любоў да роднай зямлі, адданасць прафесіі і адказныя адносіны да справы дапамогуць нарошчваць і мацаваць пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе раёна, што ўраджаі з кожным годам будуць толькі багацейшыя.
– Шчасця ўсім, міру, дабрабыту, моцнага здароўя, поспехаў у высакароднай працы на карысць Петрыкаўшчыны і роднай Беларусі! – пажадаў старшыня райвыканкама.
Цырымонія ўшанавання хлебаробаў пачалася з абвяшчэння лепшай гаспадаркі раёна. Так, за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур ураджаю 2025 года пераможцамі раённага спаборніцтва сярод сельскагаспрадпрыемстваў прызнаны працоўны калектыў СУП “Палессе-Аграінвест”, дырэктар Алена Асадчая. Кіраўніку была ўручана Ганаровая грамата раённага выканаўчага камітэта і грашовая прэмія.


Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў правёў урачыстую цырымонію ўзнагароджання лепшых механізатараў і камбайнераў раёна.
Так, лепшымі механізатарамі раёна сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўлялі перавозку збожжа ад камбайнаў, прызнаны: Андрэй Несцярчук, вадзіцель ААТ “Чалюшчавічы”, Сяргей Саўчанка, вадзіцель ААТ “Чалюшчавічы” і Дзяніс Якушаў, вадзіцель СУП “Палессе-Аграінвест”.
Лепшымі камбайнерамі па выніках сёлетняга жніва прызнаны старшы камбайнер СУП “Палессе-Аграінвест” Віктар Сугрэй, і памочнік камбайнера Юрый Махнаткін; старшы камбайнер ААТ “Чалюшчавічы” Уладзімір Акульчык і памочнік камбайнера Дзяніс Акульчык, а таксама старшы камбайнер ААТ “Чалюшчавічы” Руслан Качэля.
У святочнай цырымоніі ўшанавання лепшых хлебаробаў раёна прыняла ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Жыткавіцкай выбарчай акрузе Святлана Сянько.


У прывітальнай прамове з нагоды раённага свята Дажынкі-2025 парламентарый падзякавала хлебаробам за руплівую працу, пажадала працоўных поспехаў, сямейнага дабрабыту і ўручыла падзячныя лісты і памятныя падарункі.
Прывітальны адрас дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь уручыла кіраўніку раёна Аляксандру Верамееву.
Падзячнымі лістамі і памятнымі падарункамі ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь узнагароджаны: старшы камбайнер СУП “Палессе-Аграінвест” Віктар Сугрэй і памочнік камбайнера Юрый Махнаткін; начальнік Петрыкаўскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Пётр Новік і намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Фешчанка.
У час правядзення святочнага мерапрыемства раённы дажыначны сноп быў уручаны начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алегу Козінцу. Ганаровае права ўнесці дажыначны сноп прадаставілася камбайнеру ААТ “Чалюшчавічы” Дзмітрыю Качэлю.


Да ўдзельнікаў раённага свята “Дажынкі-2025” звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама Алег Козінец:
– Каб атрымаць годны ўраджай, недастаткова проста апусціць зерне ў зямлю. Хлебная ніва патрабуе клопату і догляду, увагі і ведаў, своечасовага прыняцця граматных рашэнняў. Гэта штодзённая карпатлівая праца з раніцы і да позняга вечара, без выхадных і святочных дзён.
Сёння мы святкуем завяршэнне ўборачнай кампаніі, але работа на палетках Петрыкаўшчыны па-ранейшаму кіпіць: закладваецца база пад новы ўраджай. Паважаныя працаўнікі хлебнай нівы, шчыра дзякую вам за вашу самаадданую працу і чарговы раз выражаю падзяку кожнаму, хто добрасумленна працаваў, рабіў усё магчымае, каб вырасціць і сабраць шчодры ўраджай.
Жадаю вам, вашым сем’ям моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і мірнага неба над галавой!


Алег Георгіевіч правёў цырымонію ўзнагароджання лепшых аграрыяў Петрыкаўшчыны. Так, Ганаровай граматай Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта і грашовай прэміяй узнагароджаны: сярод аператараў зернесушыльных установак – аператар зернесушыльнай устаноўкі СУП “Палессе-Аграінвест” Валерый Яцук; сярод маладзёжных экіпажаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых – старшы камбайнер ААТ “Чалюшчавічы” Дзмітрый Качэля; сярод маладых вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку збожжа ад камбайнаў – вадзіцель СУП “Палессе-Аграінвест” Арцём Віннік.


Цырымонію ўрачыстага ўзнагароджання хлебаробаў працягнула лідар галіновага прафсаюза Алена Галеня.
– Спрадвеку чалавек, заняты цяжкай сялянскай працай, карыстаўся ў грамадстве вялікай павагай. І сёння харчовая бяспека Беларусі залежыць менавіта ад вас, працаўнікоў зямлі. Дзякуй ветэранам працы, якія захавалі вернасць сваёй прафесіі, уклалі шмат сіл у развіццё галіны і перадаюць свае веды маладым. Мірнага неба ўсім і здароўя!
Ганаровай Граматай Гомельскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджаны трактарыст-машыніст ААТ “Чалюшчавічы” Уладзімір Козінец.
Падзяка Гомельскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу аб’яўлена: трактарыстам-машыністам ААТ “Чалюшчавічы” Аляксандру Бялько і Сяргею Пекарскаму.
Граматай Петрыкаўскага раённага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджаны: трактарыст-машыніст ААТ “Петрыкаўскі аграсэрвіс” Віталій Ваявода, повар ААТ “Навасёлкі” Святлана Кавальчук, повар ААТ “Петрыкаўскі аграсэрвіс” Марына Майнуленка.
Падзяка Петрыкаўскага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу аб’яўлена трактарыстам-машыністам ААТ “Чалюшчавічы”: Мікалаю Зборыну, Аляксандру Ягуру, Віталю Кананчуку.
Са словамі віншавання да ўдзельнікаў раённага свята “Дажынкі-2025” звярнулася Дар’я Туравец:
– Няма высакародней працы, чым праца на зямлі. Менавіта на гэтым падараваным чалавецтву прыродным рэсурсе фарміруецца галоўнае багацце любой краіны – хлеб. Кожны з удзельнікаў жніва з упэўненасцю можа сказаць, што ў важкім караваі Беларусі ёсць часцінка яго нястомнай працы.
Маладзёжны лідар раёна правяла ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання хлебаробаў.
Падзяка Петрыкаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” аб’яўлена вадзіцелю на адвозцы збожжа СУП “Палессе-Аграінвест” Арцёму Вінніку і старшаму камбайнеру ААТ “Чалюшчавічы” Дзмітрыю Качэлю.

Мы шчыра захапляемся людзьмі, якія звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай, прысвяцілі цяжкай працы значную частку свайго жыцця, унеслі значны ўклад у развіццё галіны.
Не толькі хлебаробы, але і госці свята былі рады цёпламу прыёму гаспадароў і па заслугах ацанілі старанні арганізатараў. Святочная праграма дня была вельмі разнастайная і насычаная. Кожны прысутны на галоўным свяце хлебаробаў знайшоў сабе занятак па душы. Нехта прадаваў, нехта купляў, нехта еў шашлык, глядзеў канцэрт, рабіў фота “на фоне”, атрымліваў эмоцыі на атракцыёнах. Адным словам, весела і цікава было ўсім!
Для герояў хлебнай нівы і гасцей раённага агра-фэсту падчас урачыстасці свае музычныя падарункі прэзентавалі: удзельнікі студыі “Angelina”, ансамбль “Задорынкі”, творчыя калектывы “Вяргіня” і “Вячорніца”, трыа “Сяброўкі”, самадзейныя артысты Чалюшчавіцкага сельскага дома культуры, а таксама госці раённага свята – народны ансамбль народнай песні “Камарынская весялуха” з Брагінскага раёна.
Завяршылася раённае свята ў гонар хлебаробаў – вячэрняй дыскатэкай.
Хлеб сабраны ў засекі, падведзены вынікі, прааналізаваны поспехі і праблемныя моманты. У хлебаробаў працягваецца падрыхтоўка да новага сельскагаспадарчага сезона. Дай Бог, каб ён аказаўся больш шчодрым, чым цяперашні. Ну а нам усім варта падзякаваць аграрыям за іх нялёгкую працу, бо якімі б сямімільнымі крокамі не развіваліся сучасныя тэхналогіі, у аснове дабрабыту нашай краіны была і застаецца харчовая бяспека.
У наступным годзе раённае свята “Дажынкі” пройдзе ў аграгарадку Навасёлкі.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о