Дзеці з Магадана пераадолелі 11 тысяч кіламетраў, каб адпачыць у Беларусі

0
179

Зараз у ДРАЦ “Пціч” адпачываюць 80 хлопчыкаў і дзяўчынак – вучні магаданскай школы-інтэрната і абласнога цэнтра адукацыі. Прыехалі яны ў наш Петрыкаўскі раён, каб адпачыць, палепшыць здароўе, атрымаць асалоду ад пейзажаў нашай жывапіснай Прыпяці, а таксама пазнаёміцца з культурай і побытам беларусаў.

Дзеці з Магадана пераадолелі 11 тысяч кіламетраў, каб адпачыць у БеларусіЯк распавяла дырэктар установы Аксана Кайтанава, ДРАЦ “Пціч” вядомы далёка за межамі Беларусі. Сюды прыязджаюць з самых далёкіх куткоў, асабліва санаторый карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў Расіі.

“Мы даўно наладзілі сувязь праз інтэрнэт-крыніцы, у розныя арганізацыі і ўстановы рассылаем інфармацыю пра наш санаторый, і вось адгукнуліся дзеці з Магадана. Так, нас раздзяляюць 11 тысяч кіламетраў. Уражвае, што дзеля адпачынку ў нашай краіне людзі гатовы пераадолець такую вялікую адлегласць. Гэта пра многае гаворыць. Першае, пра што спыталі ў нас дзеці: “А гэта праўда, што ў Беларусі жывуць самыя разумныя людзі?” Упэўнена, што гэта так”, – падзялілася з намі Аксана Васільеўна.
Гасцей з горада-порта на паўночным усходзе Расіі сустрэлі традыцыйна – з размахам. Работнікі санаторыя арганізавалі цёплы прыём з караваем, а артысты Капаткевіцкага Дома культуры пазнаёмілі з нацыянальнай культурай, выканаўшы беларускія бытавыя танцы і народныя песні.

Па словах Аксаны Кайтанавай, гэта першы такі сур’ёзны візіт расійскіх адпачываючых.
“Дзеці разам з суправаджаючымі на працягу лета атрымаюць поўны комплекс розных аздараўленчых працэдур, а таксама яны выказалі жаданне наведаць Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Плануем паездку ў Нацыянальны парк “Прыпяцкі” ў сафары-парк”. Спадзяёмся, адпачынак па-беларуску будзе па сэрцу нашым маленькім гасцям з паўначы Расіі і яны будуць прыязджаць да нас зноў і зноў.
Уражаннямі ад першых дзён адпачынку падзяліўся Дзмітрый Мышаў.

“Нас сустрэлі так сардэчна. Мы такога нават не чакалі. Канешне, прыехалі мы стомленыя, але як толькі пачулі танцавальныя беларускія матывы, адразу з’явілася энергія. Умовы вельмі камфортныя, вакол утульна і прыгожа. Перш за ўсё пакармілі нацыянальнай стравай “бабка”, спадзяюся, з намі падзеляцца рэцэптам, каб мы змаглі павезці яго дадому. Плануем наведаць беларускія гістарычныя месцы, тым больш, што вельмі цікава вывучаць гісторыю не праз інтэрнэт, а праз месцы, людзей, якія тут жывуць”.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о