Кожны год 15 мая адзначаецца Міжнародны дзень сям’і. Што такое сям’я? Гэтае багацце, якое, на жаль, даецца не кожнаму, бо сям’я – гэта радасці і гароты, якія перажываюцца разам, гэта каханне і падтрымка, гэта клопат пра мінулае і старт новага жыцця, гэта штодзённая праца і ўменне зразумець і пачуць адзін аднаго. Без перабольшання менавіта з сям’ёй звязаны практычна ўсе найважнейшыя падзеі ў жыцці чалавека.
Жыхары горада, абапіраючыся на асабісты досвед, распавялі пра сакрэты моцных адносін. Для адных найважнейшым з’яўляецца паразуменне і падтрымка, для іншых – давер і агульныя мэты, а хтосьці кажа, што ўсякія адносіны будуюцца на самым галоўным пачуцці – на каханні.
Ганна ТУРАВЕЦ, начальнік аддзела ЗАГС:
– Сям’я для мяне – гэта ціхая гавань і крэпасць, апора і падтрымка, месца, дзе я магу перажыць любыя нягоды.
Дома заўсёды цёпла і спакойна, таму што побач родныя людзі, якія любяць цябе, разумеюць і падтрымліваюць, нягледзячы ні на што. Калі ёсць павага адзін да аднаго і ўзаемадапамога, нічога не страшна. Я расла ў дружнай шматдзетнай сям’і і ведаю, што такое клопат і бязмежнае каханне. Сваю сям’ю я абавязкова буду будаваць па выяве і падабенству бацькоўскай.
Таццяна ГАЛІЦКАЯ, дырэктар Петрыкаўскай сеткі публічных бібліятэк:
– Сям’я з’яўляецца самым вялікім нашым багаццем, якое толькі можна знайсці. І такому стаўленню да сям’і і сваякоў нас вучылі з самага дзяцінства бацькі і бабулі. Выказванне «Мая сям’я – маё багацце» на слыху і вуснах практычна ў кожнага чалавека.
Родныя людзі заўсёды шчыра перажываюць адзін за аднаго, імкнуцца максімальна быць у курсе ўсіх падзей з жыцця родных людзей, а калі ўсе блізкія людзі жывыя і здаровыя, то ўсім спакойна на душы і ўсе шчаслівыя.
З цудоўным цёплым святам усіх! Няхай у вашых сем’ях пануе каханне і павага!
Наталля ЧАПЛІНСКАЯ, інжынер па пажарнай бяспецы:
– Добра, што ёсць такое свята – Дзень сям’і. У нас з мужам трое дзяцей, нам падабаецца быць шматдзетнай сям’ёй. Лічу, што самая вялікая радасць – гэта калі ў сям’і ёсць паразуменне, калі ў расстанні нудзімся, а сустрэчы становяцца самымі шчаслівымі момантамі. Самае галоўнае для бацькоў – каб дзеці атрымалі прафесію, знайшлі сябе, але не забывалі дарогу да бацькоўскай хаты. Каб ведалі, што тут іх заўжды чакаюць, заўсёды падтрымаюць!
Віншую ўсіх з Днём сям’і і жадаю ўсім цяпла і радасці! Няхай дзеці радуюць бацькоў, а бацькі любяць сваіх дзяцей і ганарацца імі! І, вядома, мірнага неба над галавой!
Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий