Як важна для кожнага чалавека знайсці любімую справу і дакладна разумець: “Я на сваім месцы”. Ірына Жогаль – жанчына, якая дакладна ведае, чаго хоча ад жыцця і пераадольвае цяжкасці, нягледзячы ні на што.
Прыгожая жанчына, клапатлівая маці, любячая жонка, таленавіты чалавек, сваёй усмешкай і актыўнасцю яна прыцягвае да сябе людзей. Напэўна, па гэтай прычыне наша гераіня некалі выбрала занятак па душы – стала аніматарам.
– Раскажыце пра сябе. Якая ваша асноўная спецыяльнасць?
– Мае юнацкія гады прыпалі як раз на 90-я гады. У той час многія людзі пачалі займацца прадпрымальніцтвам, магчыма тады я навучылася не баяцца спрабаваць нешта новае.
У 2002 годзе я паступіла ў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факуль-тэт, спецыяльнасць – настаўнік матэматыкі і інфарматыкі. З першага курса вучобы мы з аднагрупнікамі вялі актыўнае жыццё: удзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах, якія праходзілі ва ўніверсітэце, я з’яўлялася капітанам каманды турыстычнага злёту нашага факультэта. Пасля вучобы пайшла працаваць у ДУА “Макарыцкая базавая школа” настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі, дзе працую ўжо 18-ы год.
– Калі і з чаго пачаўся ваш творчы шлях?
– Падчас першага дэкрэтнага адпачынку ў 2010-м я пачала займацца афармленнем вяселляў. З 2011 года аформіла ІП і тады да майго маленькага бізнесу далучыліся паветраныя шары, якіх, дарэчы, я баялася з дзяцінства. Так я пачала свой шлях з маленькага павільёна з усім неабходным для афармлення свята. З трывогай і цяплом успамінаю той час.
– Як да вас прыйшла ідэя арганізоўваць дзіцячыя святы?
– Ідэя аніматарства прыйшла да мяне ў другім дэкрэтным адпачынку, калі толькі сталі папулярнымі дзіцячыя святы.
Маё першае дзіцячае мерапрыемства прайшло летам 2015 года для дачкі маіх сяброў– у стылі лялек, а праз 2 дні я правяла другое свята для сына іншай маёй сяброўкі – у стылі піратаў. З гэтымі двума праграмамі я працавала дзесьці 2 гады.
Пазней я пачала наведваць семінары са спікерамі з розных гарадоў і краін, пазнаёмілася з многімі творчымі людзьмі. Зараз у нас ёсць свае групы, дзе мы заўсёды абмяркоўваем розныя пытанні і, канешне, дзелімся навінкамі.
– Як на сённяшні час ідуць справы з аніматарствам? Што з’явілася новага ў праграме?
– У сваёй справе я разіваюся і ўдасканальваю набытыя веды. Зараз у мяне больш за 30 вобразаў для мерапрыемстваў, некаторыя касцюмы шыю сама, але ў асноўным купляю, так як усё патрабуе шмат часу. У правядзенні свят мне дапамагае дачка, вельмі ёй да твару быць лялькай і аднарожкай. Сама я люблю больш быць проста вядучай, бо ў якім касцюме я б не прыйшла, дзеці крычаць: “Цёця Іра!”.
– Якімі якасцямі трэба валодаць, каб займацца аніматарствам і быць паспяховым у гэтай справе?
– Безумоўна, трэба проста шчыра любіць дзяцей. Яны вельмі адчуваюць людзей і не ўмеюць хаваць эмоцыі. Але ў той жа час трэба трымаць дыстанцыю і паказаць, хто галоўны і па чыіх правілах будзем праводзіць час, інакш ніхто цябе не будзе ўспрымаць. Дзеці не даруюць “промахаў”, калі яны ўсё ж такі адчулі тваю няўпэўненасць, разгубленасць – ім будзе нецікава. Падчас свята заўсёды трэба быць “у тонусе”: трымаць увагу дзяцей, мяняць накірункі дзейнасці амаль кожныя 5 хвілін.
– Чым яшчэ вам падабаецца займацца ў вольны ад працы час?
– Захапленняў у мяне многа: па-першае, гэта рыбалка і начоўка на нашай Прыпяці.
Я нават адвучылася на правы і атрымліваю асалоду ад кіравання маторным маламерным суднам.
Асаблівая любоў у меня да будаўніцтва. Калі мы будавалі дом, усімі пытаннямі займалася я, так як муж працаваў за горадам, а я была ў дэкрэтным адпачынку. Зараз я займаюся рэканструкцыяй дома майго прадзеда. Мне падабаецца не проста нешта пафарбаваць, а кардынальна змяніць, перабудаваць.
Яшчэ я вельмі люблю пада-рожжы, асаблівая любоў Рым і Кападокія ў Турцыі. Абавязкова яшчэ раз наведаю гэтыя прыгожыя месцы.
– Ці ёсць у вас дэвіз, з якім ідзеце па жыцці?
– Так, нават і не адзін.
Галоўны дэвіз: “Бачу мэту – не бачу перашкод”. Гэты выраз цалкам характарызуе маё жыццё. Ну, а яшчэ: “Ідзі па жыцці з усмешкай”, толькі тады ўсё атрымаецца.
Анастасія КІСЕЛЁВА. Фота з сацыяльных сетак Ірыны Жогаль.
Оставить комментарий