Суботнім ранкам першых сваіх тысячнікаў на палетку паблізу Каўпак-гары ўшаноўвалі ў БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы”.

Па намалоце зерневых, зернебабовых культур і рапса сярод экіпажаў камбайнераў “тысячнага” намалоту дасягнулі: Уладзімір Леанідавіч Акульчык і Дзяніс Ігаравіч Акульчык, Руслан Сяргеевіч Качэля, Ігар Іванавіч Харланчук і Уладзімір Сяргеевіч Козінец.


Сярод вадзіцеляў, якія сёлета ў гаспадарцы задзейнічаны на адвозцы ўраджаю зерневых, тысячнага паказчыку дасягнуў Сяргей Уладзіміравіч Саўчанка.
Са словамі віншаванняў да прысутных на палетку механізатараў звярнуўся кіраўнік раёна, які падзякаваў работнікам сельгаспрадпрыемства за якасную добрасумленную працу і пажадаў не спыняцца на дасягнутым.
– Ваша самаадданая праца – падмурак харчовай бяспекі краіны. Дзякуй, паважаныя, за стараннасць, адказнасць і годныя вынікі. Не спыняйцеся на дасягнутым, памятайце: якасна і своечасова ўбранае з палеткаў зерне – аснова моцнай эканомікі гаспадаркі, раёна і краіны. А таксама, кожны з вас гэта добра разумее, і вашага ўласнага дабрабыту.


Ад раённага выканаўчага камітэта аграрыям-тысячнікам былі ўручаны кветкі, лісты Падзякі і грашовыя прэміі.
Дырэктар БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” Сяргей Ракіцкі ўпэўнены, што дасягнутыя паказчыкі – не мяжа: кожны з ушанаваных механізатараў здольны на большае.
– Шаноўныя, разлічваю, што сёлета мы абавязкова ўшануем тых, хто намалоціць і перавязе не адну тысячу тон, а з улікам кукурузы ў нас будуць і трох-, і чатырох-, а можа нават і пяцітысячнікі, – пазначыў Сяргей Мікалаевіч і ўручыў лідарам жніва грашовыя прэміі.
Па добрай традыцыі гаспадаркі, экіпажы-тысячнікі адзначаюцца прэміямі і ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, і ад прафсаюзнага камітэта.
Лідар прафсаюзнага руху аграпрамысловай галіны раёна Алена Галеня шчыра падзякавала механізатарам за годныя вынікі і пажадала сямейнага дабрабыту, падтрымкі родных і блізкіх, высокіх намалотаў і такіх жа заробкаў. Ад галіновага прафсаюза механізатары-тысячнікі атрымалі грашовыя прэміі, а іх камбайны ўпрыгожылі вымпелы “Лідар жніва-2025”.


Не абышлі ўвагай герояў жніва і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый.
Так, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Наталля Ходзька і лідар жансавета павіншавалі работнікаў хлебнай нівы з дасягненнем годнага выніку.
Быць тысячнікаў – пачэсна. Па працы – і пашана. Ад прадстаўнікоў грамадскасці героям жніва ўручаны каштоўныя падарункі.
Па добрай традыцыі, што шмат гадоў “жыве” ў гаспадарцы, усіх, хто задзейнічаны на жніве, частавалі на палетку духмяным караваем і хлебным квасам. Аднак, і цырымонія ўшанавання, і смачны пачастунак былі нядоўгімі: гарачы час жніва вядзе строгі ўлік кожнай хвіліны працоўнага часу – у добрым настроі механізатары заводзяць сваіх сталёвых коней, роўнымі радамі выстрайваюцца на хлебнай ніве і пачынаецца іх шлях да новых працоўных перамог.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о