26 кастрычніка ў Беларусі адзначаюць Дзень аўтамабіліста і дарожніка – прафесійнае свята тых, хто ў няпростых умовах, у спякоту і мароз, у дождж і снег утрымлівае, рамантуе і будуе нашы дарогі. Аб працы работнікаў дарожнай гаспадаркі распавёў дырэктар філіяла Петрыкаўскага ДРБУ-112 камунальнага праектна-рамонтнага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельаблдарбуд” Іван Хамец.

Жыццё – гэта пастаянны і бесперапынны рух, які напрамую звязаны з дарогамі. Мы кожны дзень ходзім, ездзім на працу, у школу, у госці па адных і тых жа шляхах. У Беларусі штогод пракладваюцца многія кіламетры дарог, і ажыццяўляецца рамонт старых. Гэта каласальная праца, з якой спраўляюцца работнікі дарожных службаў.
Пра асабістае
У ДРБУ — 112 Іван Андрэевіч трапіў невыпадкова. З дзяцінства марыў стаць будаўніком. З бацькам мары ўвасобіліся ў рэальнасць. Вось ужо больш за 10 гадоў добрасумленна працуе ў дарожнай галіне.
Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага дарожна-будаўнічага каледжа імя Ленінскага камсамола Беларусі пачаў працоўную дзейнасць майстрам філіяла Петрыкаўскага ДРБУ-112 КПРУП “Гомельаблдарбуд”. Пасля службы ў войску працягнуў працу ў ДРБУ. Пазней закончыў “Беларуска-Расійскі ўніверсітэт”.
Працаваў галоўным інжынерам, а сёлета ў жніўні ўзначаліў калектыў, прайшоўшы складаны шлях ад майстра да дырэктара, вывучыўшы ўсе вытворчыя працэсы знутры. Акрамя працы – мужчына клапатлівы бацька і любячы муж, якога заўсёды сустракаюць дома жонка Алена, сыны Данііл і Станіслаў.
Працоўныя будні
– Асноўным відам дзейнасці і адной з галоўных задач філіяла ДРБУ-112 як структурнага падраз-дзялення КУП “Гомельаблдарбуд” з’яўляецца ўтрыманне, бягучы і капітальны рамонт аўтамабільных дарог нашага раёна, якія стаяць на балансе, – распавядае Іван Андрэевіч. – Што тычыцца стану тэхнічнага парку, то ён укамплектаваны цалкам. У бягучым годзе набыты МАЗ — 10 тонік, Амкадор — 732, да канца 2025 года таксама чакаем МАЗ-20 — тоннік і Амкадор-342.
Сёлета арганізацыя выконвала работы пры будаўніцтве такіх аб’ектаў, як стадыён КВП ДРАЦ “Пціч”, стадыён “Капаткевічы”, зараз брыгада задзейнічана пры будаўніцтве МТК “Агра-Ляскавічы”.
Па словах дырэктара, за гэты сезон па праграме “Добрыя дарогі” пабудаваны 3 прыпыначныя пункты: у вёсках Брынёў, Баклань, аграгарадку Курыцічы. Абноўлены аўтамабільныя дарогі Акцябярскі — Капцэвічы, Коржаўка — Залессе. Павярхоўная апрацоўка ажыццяўлялася на аўтамабільных дарогах Пціч-Петрыкаў — Жыткавічы, пракладзена веласіпедная дарожка ў накірунку вёскі Макарычы.Выконваліся падрадныя работы па замове камунальніка на вуліцах Рабочая, Францыска Скарыны, Асенняя, Вароўскага.
– Адным словам, бярэмся за ўсё, што ў нашых сілах. У наступным годзе мы будзем працягваць бягучы рамонт аўтамабільных дарог раёна ў напрамку Петрыкаў-Капцэвічы, плануем ажыццявіць рамонт пад’езда да школы ў вёсцы Макарычы, – адзначыў Іван Андрэевіч. – Таксама пачалася падрыхтоўка да зімовага перыяду. Зараз вядуцца работы па пабудове вех уздоўж праезнай часткі. Устанаўліваюцца дарожныя знакі для зімовага перыяду. З надыходам зімы ў дарожнай арганізацыі будзе ўстаноўлена кругласутачнае дзяжурства дыспетчараў. У зімовую пару па неабходнасці супрацоўнікі ДРБУ-112 выклікаюцца на працу і ноччу – для барацьбы са снегам і галалёдам на дарогах раёна.
– Кожны з нас займаецца рознымі відамі работ на дарозе: высечкай хмызняку, кладкай асфальтабетону, устаноўкай аўтапавільёнаў, уборкай снегу ў зімовы перыяд і многім іншым, але мэта ў нас усіх адна – добраўпарадкаванне дарог і вуліц, дапамога землякам, – дзеліцца суразмоўца. – Карыстаючыся выпадкам, віншую калег з прафесійным святам і дзякую калектыву дарожнікаў за высокі прафесіяналізм, адказны падыход да справы, уменне спраўляцца з няпростымі задачамі і падтрымліваць камандны дух. Асобныя словы падзякі шаноўным ветэранам дарожнай галіны.
Жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і згоды.


Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о