Калі спытаць у большасці з нас, калі мы ў апошні раз бескарысліва дапамагалі людзям, наўрад ці шмат у каго атрымаецца даць на гэтае пытанне хуткі адказ. Зацыкліваючыся на сваіх асабістых справах, мы часта забываем пра тое, што дабро трэба рабіць не дзеля рэпутацыі і ўзнагарод, а проста для таго, каб захаваць у душы святло чалавечнасці і міласэрнасці. Так, як гэта робіць наш зямляк Дзяніс Прысада.

Дапамагайце і станавіцеся больш шчаслівымі

Пра асобу Дзяніса Прысады я даведалася ў Петрыкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Спецыялісты падзяліліся, што жыхар райцэнтра не раз аказваў арганізацыі бясплатную дапамогу, якая заключалася ў рамонтных работах. З апошніх: у памяшканні тэрытарыяльнага цэнтра пацёк кацёл. Малады мужчына ў вольны ад працы час хутка і якасна ўхіліў непаладкі. Дзякуючы яго прафесіяналізму, грамадзяне пажылога ўзросту і інваліды, якія наведваюць аддзяленне, у камфортных умовах змаглі займацца гуртковай і клубнай дзейнасцю, мець зносіны адзін з адным.

Наша сустрэча з Дзянісам Адамавічам адбылася ў гарадскім парку і ў прыемнай гутарцы на фоне цудоўнага восеньскага пейзажу, я ў чарговы раз пераканалася: жаданне дапамагчы бліжняму перш за ўсё залежыць ад унутранай раўнавагі чалавека.

– Я не лічу, што мае ўчынкі заслугоўваюць асаблівай увагі. Дапамагчы людзям, калі ў цябе на гэта ёсць магчымасць або здольнасць, – такая мая жыццёвая пазіцыя. Так выхавалі мяне бацькі, і такія паняцці на ўласных прыкладах я прывіваю сваім траім дзецям, – дзеліцца герой. – Многія думаюць, што добрыя справы магчымы, калі чалавек матэрыяльна забяспечаны. Аднак гэта не зусім так. Для дабрачыннасці дастаткова жаданне, пачуццё адказнасці і спагады.

Як аказалася, мужчына прыходзіў на выручку ў пытаннях кансультацыі, рамонту сістэмы водазабеспячэння, цеплаабсталявання і іншым арганізацыям Петрыкаўшчыны. Зямляк аказваў дапамогу ва ўхіленні паломак сектару культуры райвыканкама, храму Ушэсця Гасподняга. Пасля яго працы людзі гаварылі: у чалавека залатыя рукі.

– Тэма інжынерных камунікацый мне блізкая – не адзін год прысвяціў яе вывучэнню, прайшоў практыку на прадпрыемствах краіны, – прызнаецца суразмоўца. – Закончыў другую гарадскую школу. Затым паступіў у бабруйскі тэхналагічны тэхнікум, дзе на выдатна абараніў дыплом па спецыяльнасці цеплаэнергетыка. Пасля прахо-джання двухгадовай практыкі на Белшыне захацеў вярнуцца на малую радзіму – мяне не прыцягваюць вялікія гарады. Працаваў у будаўнічых фірмах, Петрыкаўскім рудаўпраўленні, завочна скончыў Гомельскі ўніверсітэт імя Сухога па спецыяльнасці “Інжынер-энергетык. Цеплаэнергетыка”. На сённяшні дзень рэалізую свае магчымасці ў індывідуальным прадпрымальніцтве па аказанні паслуг насельніцтва ў пытаннях камунікацый.

Мой новы знаёмы ўпэўнены:  сапраўдная дабрачыннасць пачынаецца перш за ўсё з патрэбнага слова, погляду, любові. Прыемна ўсведамляць, што ты маеш дачыненне да чагосьці добрага, светлага. Што менавіта ты, здзяйсняючы звычайныя рэчы, робіш свет вакол сябе лепшым і дабрэйшым.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о