Традыцыйна напачатку жніўня дзіцячыя садкі і школы трымаюць своеасаблівы экзамен – на гатоўнасць да новага навучальнага года. Колькі рэсурсаў ўкладваецца ў абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы і стварэнне камфортных і бяспечных умоў для дзяцей, даведалася камісія ў складзе: намесніка старшыні райвыканкама Наталлі Мікалаеўны Ходзькі, начальніка аддзела адукацыі Людмілы Мікалаеўны Жукавец, адказныя за санітарна-эпідэміялагічную і пажарную бяспеку.
Рамонтныя работы завершаны, у некаторых засталіся толькі апошнія штрыхі. На працягу лета ва ўстановах адукацыі праводзіліся неабходныя работы, каб палепшыць і ўдасканаліць матэрыяльна-тэхнічную базу, падрыхтаваць навучальныя кабінеты і іншыя памяшканні для прыёму дзяцей у новым навучальным годзе.
У полі зроку – класы, спартыўныя і актавыя залы, харчаблокі, сталовыя, пакоі вольнага часу, а таксама стадыёны, пажарная і дарожная бяспека.
ДУА “Гімназія горада Петрыкава”
Харчаблок гарадской гімназіі
Асноўныя працы завершаны, абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база, а ўсе памяшканні гатовыя сустракаць гімназістаў свежасцю і парадкам.
Не выклікаў пытанняў і харчаблок. Дырэктар школы Людміла Рыгораўна Хільман у час гутаркі нагадала, што некалькі гадоў таму іх гімназісты сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”. У якасці прыза былі выдаткаваны фінансавыя сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Так, абнавілі большую частку кухоннага абсталявання і тэхнікі. Швейная майстэрня і тэхнічнай працы – усё зроблена з такой любоўю да дзяцей, што не навучыцца тут карыснаму і важнаму, што абавязкова спатрэбіцца ў жыцці, проста немагчыма. Для юнакоў устаноўлены новыя паліцы на станках для інструментаў. Акрамя таго, сёлета быў закуплены новы камплект посуду для харчаблока. Дзякуючы мэтанакіраваным закупкам, у гімназіі з’явіліся два новыя параканвектаматы. Гэта сучаснае абсталяванне забяспечвае вышэйшую якасць і смак страў, эканомію часу і рэсурсаў.
ДУА “Брынёўская сярэдняя школа”
Утульны дворык Брынёўскай сярэдняй школы
– Прышкольная тэрыторыя ў сельскай школе заўсёды лічылася адной з самых дагледжаных у раёне. Педагагічны калектыў, навучэнцы і іх бацькі зацікаўлены не толькі ў поспехах падрастаючага пакалення, але і прыгажосці ў навакольнай прасторы, – акцэнтавала Людміла Жукавец.
– Значны ўклад у добраўпарадкаванне школы ўнесла мэтанакіраваная праца калектыву ў супрацоўніцтве з нацыянальным паркам “Прыпяцкі”. Дзякуючы сумесным намаганням, была зароблена і своечасова атрымана значная сума сродкаў, якія накіраваны на неадкладныя патрэбы школы па паляпшэнні яе матэрыяльнай базы. Так, былі набыты 130 метраў бардзюра – для ўпарадкавання тэрыторыі і стварэння бяспечных пешаходных зон. 2,5 тоны цэменту – неабходнага матэрыялу для рамонтных і будаўнічых работ. Неацэнную падтрымку школе аказала прадпрыемства ААТ “Беларуськалій” бязвыплатна перадалі ва ўласнасць адукацыйнай установы 200 квадратных метраў тратуарнай пліткі. Гэты шчодры падарунак знайшоў сваё прымяненне на тэрыторыі школьнага двара. Таксама абноўлены інтэр’ер установы, адрамантаваны ўсе класныя пакоі.
– Усе набытыя матэрыялы і выкананыя работы дазволілі нам якасна падрыхтаваць школу, – адзначыла дырэктар Алена Іванаўна Сасноўская.
ДУА “Курыціцкі дзіцячы сад”
Гульнявая пляцоўка чакае выхаванцаў сада
Галоўным прыярытэтам для калектыву застаецца бяспека маленькіх выхаванцаў. Адміністрацыя і супрацоўнікі ўстановы пастаянна і ўсебакова працуюць над гэтым пытаннем, каб на працягу ўсяго года дзеці былі надзейна абаронены з усіх пунктаў гледжання: экалагічнай, санітарнай і пажарнай бяспекі.
– Наша галоўная задача – стварыць для дзяцей умовы, дзе яны будуць адчуваць сябе спакойна, камфортна і, найперш, бяспечна, – адзначае загадчык дзіцячага сада Аксана Міхайлаўна Кавальчук. У гэтым годзе гэтаму спрыяў шэраг важных работ. Сіламі адміністрацыі, педагогаў і бацькоў было абноўлена інфармацыйнае асяроддзе дзіцячага сада. Двор стаў яшчэ больш зялёным і прывабным. Для забеспячэння санітарных норм і бяспечнага прыгатавання ежы быў выкананы бягучы рамонт абсталявання на харчаблоку. Таксама ў рамках узмацнення мер пажарнай бяспекі быў прыведзены ў поўную гатоўнасць самаспасальнік – важны элемент сістэмы абароны ў надзвычайных сітуацыях. Усе гэтыя меры – не проста спіс работ, гэта наш пастаянны клопат пра тое, каб кожны дзень, праведзены дзецьмі ва ўстанове, быў для іх карысным і бяспечным.
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці”
Камісія ў час прыёмкі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці
Асаблівая ўвага падчас праверкі была нададзена матэрыяльна-тэхнічнаму забеспячэнню. Дзякуючы аказанай спонсарскай дапамозе, у цэнтры былі праведзены важныя паляпшэнні. Так, для групавога пакоя быў набыты новы сучасны лінолеум. Гэта не толькі надало памяшканню свежы, акуратны і эстэтычны выгляд, але і забяспечыла дадатковы камфорт, бяспеку і гігіену для маленькіх выхаванцаў. Акрамя таго, спонсарскія сродкі дазволілі папоўніць матэрыяльную базу цэнтра музычнай калонкай. Гэты набытак мае вялікае значэнне для арганізацыі музычных заняткаў, ранішняй гімнастыкі, святаў і забаўляльных мерапрыемстваў. Усе неабходныя рамонтныя работы выкананы ў тэрмін, памяшканні акуратна прыбраны, абсталяванне і інвентар правераны і гатовы да эксплуатацыі.
– Важна адзначыць, што ў кожным з наведаных аб’ектаў праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Установы адукацыі раёна цалкам гатовыя сустрэць дзяцей і пачаць новы навучальны год у абноўленых, камфортных і бяспечных умовах, – адзначыла Наталля Ходзька.
Марыя ТАМКО.
Фота аўтара, Галіны КАЗАК, з архіва ўстаноў адукацыі.
Оставить комментарий