У нашай краіне ёсць добрая традыцыя – адкрываць знакавыя сацыяльныя аб’екты напярэдадні святочных дат.
На гэтым тыдні, напярэдадні дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі на Петрыкаўшчыне ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылі адразу дзве станцыі абезжалезвання пітной вады – у населеныя пункты Муляраўка і Курыцічы Муляраўскага сельскага Савета прыйшла чыстая вада.
Як вядома, для нармальнага функцыянавання чалавечага арганізма жалеза з’яўляецца важным мікраэлементам. Аднак празмернасць яго ўтрымання ў вадзе можа нанесці сур’ёзную шкоду і стаць прычынай захворванняў. Праблема дысбалансу вырашаецца з дапамогай станцый абезжалезвання. Іх будаўніцтва ў Беларусі ажыццяўляецца ў рамках рэалізацыі падпраграмы “Чыстая вада” дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2021-2025 гады. Па даручэнні Прэзідэнта якаснай пітной вадой без старонніх прымесяў павінны быць забяспечаны жыхары ўсіх населеных пунктаў краіны.
Дачакаліся сваёй чыстай вады і жыхары Муляраўкі і Курыцічаў. Вада, багатая на жалеза, патрабавала ў гэтых населеных пунктах ачысткі. Цяпер гэта стала магчымым. Чыстая пітная вада, якая адпавядае ўсім нормам, прыйшла на гэтым тыдні ў дамы землякоў.
Ва ўрачыстай цырымоніі пуску станцый прынялі ўдзел намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дзягцяр, дырэктар філіяла “Калінкавічыводаканал” камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельводаканал” Міхаіл Пархоменка, мясцовыя жыхары.
Як пазначыў у прывітальным слове Аляксандр Дзягцяр, толькі ў 2024 годзе на будаўніцтва станцый у Слабадзе, Муляраўцы і Курыцічах з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў было выдаткавана 946 тысяч рублёў.
– Такім чынам, задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы па забеспячэнні насельніцтва чыстай вадой, у Петрыкаўскім раёне паспяхова выконваецца: на сённяшні дзень мы маем ўжо 22 станцыі, – пазначыў Аляксандр Фёдаравіч.
– У нашай краіне шмат робіцца для таго, каб людзі жылі ў камфортных умовах, і ўвод станцый абезжалезвання стане чарговым этапам у развіцці сістэмы водазабеспячэння на Петрыкаўшчыне, – падкрэсліў Міхаіл Пархоменка. – Узводзілі станцыі ў аптымальна сціслыя тэрміны, працуючы ва ўмовах няхай сабе і не надта сцюдзёнай, аднак усё ж такі зімы.
Станцыя, якая ўяўляе сабой будынак кантэйнернага тыпу, здольна чысціць да 10 кубаметраў вады ў гадзіну. Лічыцца, што такой магутнасці дастаткова для невялікага населенага пункта. Працуе яна ў аўтаматычным рэжыме, не патрабуючы пастаяннай прысутнасці персанала.
Будаўніцтва станцыі ажыццяўлялася пры падтрымцы ПМК-67 “Калінкавічы вадбуд”, пастаўка абсталявання ажыццяўлялася Гомельскім заводам.
Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку і адкрыць станцыю абезжалезвання вады было дадзена пачэсным гасцям мерапрыемства. Пасля чаго ўсе жадаючыя скарысталіся магчымасцю і пазнаёміліся з работай станцыі абезжалезвання, а таксама пакаштавалі адпавядаючаю ўсім нарматывам пітную ваду.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий