Увосень арганізм адчувае асаблівую нагрузку: скарачаецца светлавы дзень, пагаршаецца настрой, з’яўляецца хранічная стомленасць, пачашчаюцца прастудныя захворванні. Адзін з самых надзейных спосабаў умацаваць імунітэт –вакцынацыя. Днямі мы сустрэліся з Ільёй Абелем, намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна установы аховы здароўя “Петрыкаўская цэнтральная раённая бальніца”, які на ўласным прыкладзе паказаў, што сезонная вакцынацыя – асабліва важная восенню.

Вакцынацыя – самы эфектыўны сродак прафілактыкі захворванняў. Кастрычнік-лістапад – гэта самы спрыяльны час для актыўнай вакцынацыі і для прафілактыкі грыпу.
– У Петрыкаўскую ЦРБ ужо паступіла вакцына для прафілактыкі грыпу – “Грыпол-плюс”. Яны выкарыстоўваецца для вакцынацыі насельніцтва на бязвыплатнай аснове, – пазначыў Ілья Сяргеевіч.

Каму асабліва важна зрабіць прышчэпку
– Асноўныя катэгорыі, якія павінны быць абавязкова прышчэплены, – дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, катэгорыі насельніцтва, якія паводле роду сваёй дзейнасці больш рызыкуюць захварэць, чым іншыя. У асноўным гэта работнікі медыцыны, супрацоўнікі ўстаноў адукацыі і гандлю. Да груп рызыкі адносяцца пажылыя людзі і людзі, якія пражываюць ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, дзеці старэйшага ўзросту і дарослыя з хранічнымі захворваннямі: сардэчна-сасудзістымі, лёгачнымі, эндакрыннымі, нырачнымі і імунадэфіцытны. У іх любое інфекцыйнае захворванне можа справакаваць абвастрэнне, а ў некаторых выпадках – стаць прычынай шпіталізацыі. Мы бачым, як нават звыклае ВРВІ ў такіх пацыентаў прыводзіць да цяжкіх наступстваў. Прышчэпка – гэта магчымасць пазбегнуць абвастрэнняў, захаваць здароўе і якасць жыцця, – падкрэсліў урач.

Не адкладайце на потым
– Вакцынавацца можна ў паліклініцы Петрыкаўскай ЦРБ пры адсутнасці супрацьпаказанняў непасрэдна ў дзень звароту. Перад прышчэпкай трэба прайсці медыцынскі агляд, пры адсутнасці супрацьпаказанняў праводзіцца вакцынацыя. Асноўныя супрацьпаказанні для вакцынацыі супраць грыпу – вострае захворванне ў момант вакцынацыі.

Вакцынуйцеся і будзьце здаровыя!
У канцы размовы Ілья Сяргеевіч адзначыў, што восень – гэта час, калі імунітэт мае патрэбу ў падтрымцы, а арганізм – у абароне. Вакцынацыя дапамагае пазбегнуць ускладненняў, захаваць здароўе і знізіць узровень захворвання ў грамадстве. Вірусы не ведаюць ні адпачынку, ні выхадных. Кожны прышчэплены чалавек – гэта не толькі абарона сябе, але і ўклад у агульнае здароўе навакольных. Вакцынацыя – залог здароўя!

Марыя Тамко,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о