Сусветны дзень дабрыні, які адзначаўся не так даўно, прымусіў задумацца: што такое дабрыня і дзе яе шукаць?

Вядома, што гэта катэгорыя філасофская і адразу адназначна не адкажашь на пытанне: што гэта? Шмат вакол добрых і шчырых людзей, нямала ўстаноў, дзе можна адшукаць яе. Але ёсць асаблівыя месцы, дзе, як мне падаецца, жыве дабрыня.
Размова ідзе пра аддзяленні сястрынскага догляду. Ёсць такое аддзяленне і ў Капаткевіцкай участковай бальніцы. Разлічана яно на дваццаць коек, зараз у аддзяленні знаходзіцца васямнаццаць чалавек. Як адзначыў загадчык установы аховы здароўя, Аляксей Гапоненка, аддзяленне сястрынскага догляду – гэта не столькі медыцына, колькі сацыяльная падтрымка. – Пражываючыя маюць патрэбу ў доўгатэрміновым доглядзе і медыцынскім назіранні, але не патрабуюць актыўнага лячэння. Аддзяленне аказвае падтрымку асобам сталага і старэчага ўзросту з хранічнымі захворваннямі, а таксама дапамагае сем’ям, якія даглядаюць цяжкахворых сваякоў.


Разлічана аддзяленне на часовае знаходжанне. У сувязі са змяненнем нарматыўнай базы гэты тэрмін абмежаваны да 180 дзён. Калі чалавеку патрэбен пастаянны догляд, яго пераводзяць у сацыяльны пансіянат. Працаёмкі працэс афармлення ў гэту ўстанову кладзецца на плечы медыцынскага персанала бальніцы: гэта і правядзенне медыцынскіх даследаванняў, кансультацый вузкіх спецыялістаў і запаўненне шматлікіх дакументаў.
Суразмоўца адзначыў, што ў аддзяленні знаходдзяцца людзі з парушэннямі мочаадвяддзення, рухацельнай функцыі рознай ступені, у тым ліку і без ног, якія не могуць сябе абслугоўваць. Звыклыя дзеянні выклікаюць у гэтых людзей цяжкасці ці проста немагчымы. Сама спецыфіка працы ў аддзяленні сястрынскага догляду іншая. У тэрапеўтычным аддзяленні бальніцы на першы план выходзіць менавіта лячэбны працэс: увесці парэнтэральна прэпараты, даць лекі. У аддзяленні сацыяльнай падтрымкі патрэбны дадатковыя намаганні, размова, гутарка. На першы план выходзіць сацыяльны догляд.
Што стаіць за гэтымі словамі? Штодзённая карпатлівая праца, каб пакарміць, пераапрануць, змяніць нацельную і пасцельную бялізну, пасадзіць ці наадварот пакласці хворага чалавека, перавярнуць на другі бок, правесці прафілактыку пролежняў, а таксама памыць. Зразумела, што шмат залежыць ад малодшага медыцынскага персаналу, які тут працуе: Наталля Рог, Ірына Харланава, Таццяна Макарэцкая, Наталля Радзівонава.


Але ж нікто не адмяняў і маральны бок гэтай працы. Кожны чалавек – гэта цэлы свет, ён трапляе ў аддзяленне са сваімі звычкамі, манерай зносін, паводзінамі, характарам.
Павітаць чалавека, спытаць як сябе адчувае, зрабіць камплімент, проста паразмаўляць або выслухаць успаміны пра былое жыццё – састаўляючыя працы медыцынскага персанала ў аддзяленнях сястрынскага догляда. Гапоненка Аляксей адзначае, што гэта не малаважна для людзей, якія знаходзяцца тут: “Чалавек павінен ведаць, што не адзін, што яго адчуванне і настрой для нас, медыцынскіх работнікаў, не пусты гук. Таму што псіхалагічны і фізічны стан цесна ўзаемазвязаны. Часам у такіх месцах людзі знаходзяцца вельмі доўгі час, не маюць родных і сваякоў, і персанал бальніцы становіцца для іх адзінымі роднымі” – адзначыў загадчык установы.
Старшая медыцынская сястра бальніцы Ірэна Юдзенок адзначыла, што зараз у аддзяленні працуе вельмі зладжанная каманда сярэдняга медыцынскага персаналу, штат укамплектаваны. Сярод іх мядыцынскія сёстры Наталля Лакомая, Аксана Друзік, Любоў Буднік, ёсць і знешнія сумясціцелі – Наталля Бабёр і Іламан Пецілаеў. Гэта людзі вопытныя ў прафесійным плане, адказныя і разам з тым добразычлівыя і спагадлівыя.


Калі я спытала: якія якасці патрэбны для медыцынскага персаналу аддзялення сястрынскага догляду, работнікі бальніцы адказалі аднолькава – акрамя прафесійных навыкаў патрэбны чалавечнасць, дабрыня, разуменне і бясконцае цярпенне.
Я запытала людзей, якія якасці яны цэняць у супрацоўнікаў установы. Пачула адказы: дабрыню, шчырасць, спагаду.
Наведаўшы аддзяленне сястрынскага догляду Капаткевіцкай участкрвай бальніцы, зразумела, што ў такіх месцах жыве не проста дабрыня, а Дабрыня з вялікай літары.

Надзея СІГАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о