Бывай, школьная пара

0
148

Апошні званок – гэта самы кранальны, самы незабыўны момант. Напярэдадні свята развітання з дзяцінствам і ўстановай адукацыі я вырашыла пацікавіцца ў сваіх аднакласнікаў – выпускнікоў гімназіі, пра іх самыя цёплыя, яркія ўспаміны са школьнага жыцця.

Бывай, школьная параГанна Ганчар, выпускніца 11 “А” класа:
– Самым радасным і прыемным момантам апошніх школьных гадоў, пасля асабістых перамог у абласной і рэспубліканскай алімпіядзе па грамадазнаўстве, стала наша калектыўная паездка ў палац Пуслоўскіх у горадзе Косава Брэсцкай вобласці. Сабраўся амаль увесь клас, мы пазнавальна і весела правялі час разам: спявалі песні, успаміналі гісторыі з пачатковай школы, шмат фатаграфаваліся і жартавалі. Думаю, яшчэ не раз з задавальненнем буду згадваць моманты нашага маленькага сумеснага падарожжа.

 

 

Бывай, школьная параУладзіслаў Яцко, выпускнік 11 “В” класа:
– Думаю ўсе пагодзяцца, што аднакласнікі і школьнае сяброўства – гэта самае лепшае, што было ў школе. Да гэтага часу памятаю, як прыйшоў у 5 клас, нікога не ведаючы, баяўся, што мне будзе цяжка знайсці новых сяброў, але прайшло некалькі дзён, і страхі зніклі. Незнаёмыя людзі сталі для мяне падтрымкай і апорай. Магу з упэўненасцю сказаць: пасля заканчэння 11 класа мне будзе цяжка ўсвядоміць, што прайшлі дні, калі мы разам вучыліся. Таксама я з цяплом буду ўспамінаць настаўнікаў, мне здаецца, што лепшых за іх проста быць не можа. Асабліва хочацца падзякаваць настаўнікам фізікі Наталлі Мікалаеўне Мяцельскай, беларускай мовы Алене Уладзіміраўне Трухановіч і рускай мовы Людміле Арсеньеўне Мчэдлавай.

 

Бывай, школьная параМарыя Кандрашонак, выпускніца 11 “А” класа:
– Школьнае жыццё назаўжды застанецца ў маёй памяці самымі яркімі і цёплымі ўспамінамі. Найбольш запамінальным для мяне стаў удзел у абласным конкурсе “Ёлка-фэст”. Кожную рэпетыцыю я згадваю з трапятаннем і ўсмешкай. Мы з вучнямі і настаўнікамі гімназіі вельмі пастараліся і занялі доўгачаканае першае месца.

 

 

 

 

Бывай, школьная параСтаніслаў Шацко, выпускнік 11 “Б” класа:
– Скажу так: калі размова заходзіць пра школьныя ўспаміны, мне цяжка вылучыць сярод іх нейкі пэўны. Але, безумоўна, большасць з іх толькі добрыя і цёплыя, і іх проста не злічыць. Найперш усе яны звязаны з маімі аднакласнікамі і настаўнікамі. Чаго толькі вартыя нашы традыцыйныя “салодкія сталы”, школьныя паездкі, імправізацыі падчас адказаў на ўроках. Яскравы ўспамін пакінула і наша летняя практыка, і зборы па дапрызыўнай падрыхтоўцы, і дні самакіравання, бясконцыя рэпетыцыі і іншыя школьныя ініцыятывы. Вельмі ўдзячны гімна-зіі і за магчымасць паспрабаваць сябе ўсюды: ад тэатральнага і танцавальнага накірунку да занятасці ў галіне дакладных і гуманітарных дысцыплін. Не раз даводзілася быць у ролі вядучага школьных мерапрыемстваў, нават выпускны вечар вёў. Шмат чаго ёсць успомніць, насамрэч, шаную і буду шанаваць гэты перыяд, які, на жаль, для мяне ўжо мінуў.
Ад сябе хачу падзякаваць усім настаўнікам гімназіі за веды, якія вы нам далі, за разуменне і падтрымку. Асабліва хачу сказаць вялікі дзякуй свайму класнаму кіраўніку Вользе Пятроўне Жукавец, настаўніку рускай мовы Людміле Арсеньеўне Мчэдлавай і беларускай мовы Алене Уладзіміраўне Трухановіч.

Анастасія ГАНЧАРЭНКА,
вучаніца 11 класа УА “Гімназія горада Петрыкава”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о