Быць матуляй – найвялікшае мастацтва

0
151

Дзень маці – адно з самых добрых і кранальных свят. Мама, як анёл-захавальнік, заўсёды з намі, беражэ і дапамагае. Яна дорыць нам жыццё і бескарысліва аддае ўсе свае сілы, клопат, ласку і пяшчоту. Для многіх гэты вобраз асацыюецца не толькі з роднай мамай, але і з выхавацелем з дзіцячага сада, любімым настаўнікам ці класным кіраўніком. Як правіла, усё гэта жанчыны, якія паспяваюць выхаваць не толькі сваіх дзяцей, але і не адно пакаленне вучняў.

Напярэдадні свята мы завіталі ў Петрыкаўскую дзіцячю школу мастацтваў. Ва ўтульным класе музычнай школы раздаюцца звонкія пералівы баяна. Тут не проста вучаць нотнай грамаце – тут выхоўваюць любоў да мастацтва, цярпенне і ўпартасць. А дапамагае дзецям раскрыць іх талент Марына Ашарчук – таленавіты педагог па класе баяна, мой першы настаўнік і мама двух чароўных дзяўчынак. Наша размова напярэдадні свята атрымалася з дзвюх частак: гутаркі пра работу і яе ўласных дзяцей.

Больш за 20 гадоў Марына Пятроўна працуе ў школе мастацтваў. За гэты час клапатлівы настаўнік выпусціла больш за 30 вучняў, навучыўшы іх не толькі віртуозна іграць на баяне, але і любові да мастацтва, цярпенню і ўседлівасці. Любоў да прафесіі Марыне Пятроўне прывіла яе маці Святлана Іванаўна Адась, якая ўсё жыццё прысвяціла дзеткам, працуючы педагогам у дзіцячым садку.

– Галоўным у выхаванні дзяцей у школе з’яўляецца паразуменне і давер з вучнямі. Апроч навучання ігры на інструменце, мая задача выхаваць кожнага вучня, як асобу. Зрабіць кожнае дзіця добрым, спагадным, – дзеліцца педагог.
Дома Марыну Пятроўну чакаюць свае “зорачкі” – дочкі Маргарыта і Паліна.

– Мацярынства для мяне – гэта сэнс усяго жыцця, бо дзеці – гэта наш працяг. Шчасце матулі – калі ў дзяцей усё добра. Трэба напаўняць жыццё яскравымі падзеямі, аднолькава важнымі для кожнага. Падзяляць агульныя інтарэсы. Быць для дзяцей любячай матуляй, добрым сябрам, мудрым настаўнікам, – з цяплынёй дзеліцца гераіня артыкула. – Дзеці – мой гонар, мае праменьчыкі святла. Старэйшай дачцэ Паліне 14 гадоў, вучыцца ў 9 класе гімназіі. Пераможца алімпіяд па гісторыі і грамадазнаўству. З адзнакай скончыла музычную школу па класе скрыпкі. Дыпламант і лаўрэат розных конкурсаў. Маргарытцы – 11 гадоў, вучыцца ў пятым класе. Займаецца танцамі ў Цэнтры творчасці, ходзіць у музычную школу па класе фартэпіяна, таксама з’яўляецца лаўрэатам многіх конкурсаў, вясёлая, яркая дзяўчынка. Дома ў нас заўсёды гучыць музыка. Таксама вельмі любім бавіць час разам. Штогод на летніх канікулах ездзім на мора. Усей сям’ёй наведалі ўсе замкі і славутасці Беларусі. Абавязковая традыцыя летам – гэта паездка ў Мінскі аквапарк і Нацыянальную бібліятэку. Кожныя выхадныя ўсёй сям’ёй ездзім у лес на шпацыр.

У завяршэнне нашай сустрэчы мы спыталі жанчыну, што трэба для мацярынскага шчасця. Яна адказала: – Павага адзін да аднаго, давер і, вядома, усё пачынаецца з сям’і. Для нас сям’я – на першым месцы. Зусім не складана быць мамай, асабліва з такімі дзецьмі, як мае. І, вядома ж, наша надзейная абарона і апора – гэта мой муж Віталій. Мы ўсё робім разам. Нашая цеплыня і пяшчота, якія мы укладваем у дзяцей, вяртаюцца шматразова.

А галоўная парада ад шчаслівай мамы і выдатнага настаўніка – любіць і ва ўсім падтрымліваць сваіх дзетак.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о