Быў загад, які мы выканалі сумленна
Дваццаць шэсць супрацоўнікаў райаддзела ўнутраных спраў прымалі ўдзел у ахове правапарадку ў зоне адсялення беларускіх вёсак пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вясной і летам 1986 года.
Атрымаўшы загад пра нясенне службы ў месцы, дзе ўсяму жывому пагражала небяспека, ніводзін праваахоўнік не адмовіўся выканаць яго. Больш за тое, былі сярод іх і тыя, хто выязджаў на нясенне службы ў зону не аднойчы. Пра льготы і ўзнагароды, якія чакалі іх пазней, тады зусім не думалі, як не думалі і пра наступствы для ўласнага здароўя такіх камандзіровак. Быў загад, які яны выканалі сумленна.
Першыя супрацоўнікі РАУС выехалі ў складзе зводнага атрада міліцыі яшчэ ў красавіку 1986 года. У маі ў зону быў накіраваны наступны атрад, у складзе якога быў і наш герой, ветэран органаў унутраных спраў Іван Кабановіч.
Свой аповед пра нясенне службы ў зоне адсялення Іван Піліпавіч пачаў няспешна і разважліва:
– Атрымаўшы загад, шмат не разважалі. Адно ведалі дакладна – яго трэба выконваць. Разумелі, што небяспечна, але наколькі – тады ніхто не ведаў. Нёс службу я ў Брагінскім раёне. Рассялілі нас па класах у будынку школы ў вёсцы Савічы. Вёска была падзелена галоўнай вуліцай, якая стала свайго роду мяжой адсялення. Па адным баку дарогі – адселеная тэрыторыя, па другім – працягвалі жыць людзі. Гэта было дзіўна і незразумела: як так, адна вуліца, дарога, адно паветра – тут жыць можна, а праз дарогу ўжо небяспечна…
Першыя ўражанні былі ва ўсіх аднолькавыя – здзіўленне і нават шок. Людзей у вёсках, на патруляванне якіх мы выязджалі, не было. Складвалася ўражанне, што ты знаходзішся на здымачнай пляцоўцы фільма-катастрофы: жыццё населенага пункта нібы замерла, усе людзі кудысьці сышлі, забыўшыся пры гэтым зачыніць свае хаты і кватэры.
Спачатку было страшна нават дакранацца да ўсяго. Нас засцерагалі пра небяспеку, якую тояць забруджаныя радыяцыяй рэчы. Аднак потым неяк прызвычаіліся – пагрозы яўнай не было, некаторыя нават сталі ласавацца мёдам з вулляў на пакінутых пасеках.
Вельмі моцна ўрэзалася ў памяць нашага героя, як патрулявалі вёску Крукі, што знаходзілася за пяць кіламетраў ад самой электрастанцыі.
– Памятаю: ідзеш па вёсцы – усё адкрыта, тэхніка стаіць прама пасярод дарогі. Я зазірнуў у акно дома, а там кураняты дохлыя ляжаць. Відаць, малыя перад трагедыяй толькі вывеліся і гаспадыня яшчэ трымала іх у хаце. Птушкі кінутай, дарэчы, было вельмі многа. Увогуле, жывёл з прыватных падворкаў забралі не ўсіх. Часам даводзілася бачыць кароў, коз, свіней, якія самі шукалі сабе пракорму.
Здаралася і такое: ідзеш па вуліцы ўначы, цёмна ўсюды і раптам недзе побач гучна закрычаць індыкі. Ад іх пранізлівага крыку і ўдзень перапужацца можна, не тое што ўначы, – згадвае наш герой.
У час нясення службы праваахоўнікі павінны былі не толькі патруляваць па пэўным маршруце вёску, але і ў пэўны час у пэўных месцах рабіць замеры радыяцыі. Неяк пасля дажджу дазіметр паказаў у паветры 150 адзінак, а на зямлі – 250 адзінак.
Што да індывідуальных сродкаў аховы, то, па словах суразмоўцы, каб засцерагчыся ад пылу, а дні стаялі надзвычай спякотныя, ім выдавалі рэспіратары. Іншых сродкаў не было. Некалькі разоў на дзень у памяшканнях рабілі вільготную ўборку. І харчаванне было ўзмоцненым: тушонка, згушчонка, каўбаса – прадукты, якія ў магазінах у той час былі, што называецца, у “дэфіцыце”.
Узгадвае Іван Піліпавіч, што марадзёраў лавіць даводзілася часта. У большасці сваёй гэта былі асацыяльныя людзі, якія такім чынам здабывалі сабе сродкі на выпіўку ці саму выпіўку. – Здаралася ў час патрулявання выяўляць і мясцовых жыхароў, якія імкнуліся да сваіх сядзіб. Людзей вярталі, тлумачачы, што іх знаходжанне тут небяспечна. Аднак іх жаданне было нам зразумелым: цяжка, асабліва пажылым людзям, апынуцца на чужыне з чамаданам самых неабходных рэчаў, пакінуўшы дома ўсё тое, што на працягу жыцця будавалі і цяжкай працай нажывалі.
На тэрыторыі адселеных вёсак праз некаторы час пачалі працаваць механізаваныя атрады, якія вывозілі сельгастэхніку і запчасткі да яе, – дзеліцца ўспамінамі Іван Кабановіч.
Ужо потым, прыгадвае ветэран, для супрацоўнікаў МУС, якія выконвалі абавязкі па ахове грамадскага парадку ў адселеных населеных пунктах, было вызначана шэраг ільгот: дадатковыя дні да водпуску, штогадовае лячэнне ў санаторыі, ільготы па налічэнні падаходнага падатку.
– Аднак для кожнага з нас было галоўным захаваць здароўе. Дзеля гэтага рабілася нямала: акрамя санаторна-курортнага лячэння кожны год мы праходзілі дасканалую медыцынскую камісію ў абласным цэнтры. Час і гады сваё бяруць, аднак жыццё працягваецца – і гэта самае галоўнае, – лічыць наш герой.
Нягледзячы ні на што, Іван Піліпавіч перакананы: мірны атам можа прынесці вялікую карысць нашай краіне. Галоўнае – не забываць урокі Чарнобыля, колькі б год ні мінула.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий