У абласным цэнтры прайшоў Vl злёт юных журналістаў і блогераў Гомельшчыны.
Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі і вучні Петрыкаўскага раёна Анастасія Кудравец з Пціцкай сярэдняй школы, Дзяніс Бычкоўскі і Паліна Невяроўская з Конкавіцкай сярэдняй школы. Пуцёўку на ўдзел у злёце нашы маладыя землякі заслужылі сваёй працай і мэтанакіраванасцю: вучні прынялі ўдзел у раённым конкурсе юных журналістаў і блогераў, арганізатарам якога стала рэдакцыя газеты “Петрыкаўскія навіны”. Па выніках – лепшыя работы былі накіраваны для ўдзелу ў абласным этапе. Так, Анастасія стала пераможцай у намінацыі “Журналістыка”, Дзяніс – “Журналістыка. Фотарэпартаж”, Паліна – “Журналістыка. Відэасюжэт”.
Абласное мерапрыемства распачалося ў памяшканні тэлерадыёкампаніі “Гомель” з урачыстай цырымоніі адкрыцця і ўзнагароджання прадстаўнікоў моладзі, якія пры дапамозе газет, сацыяльных сетак адкрываюць сваю малую радзіму ўсёй краіне.
У час мерапрыемства ўдзельнікі мелі магчымасць для адкрытых зносін з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, якія дзяліліся прафесійным вопытам, адказвалі на пытанні, давалі парады. Журналісты тэлерадыёкампаніі арганізавалі для рабят майстар-клас.
Для моладзі была прапанавана цікавая і насычаная праграма. Удзельнікі мерапрыемства наведалі кандытарскую фабрыку “Спартак”, абласны Цэнтр алімпійскага рэзерву, Музеі друку і фотаздымкаў, паўдзельнічалі ў рабоце круглага стала “Моладзь у сферы медыа. Майстэрня ідэй”, ацанілі навагодняе ўпрыгожанне абласнога цэнтра.
Маладыя землякі прызналіся, што злёт юных журналістаў і блогераў іх уразіў. Гэта стала добрай магчымасцю падрабязней даведацца пра такую прафесію, як журналіст. Вучні пазнаёміліся з моладдзю з іншых раёнаў. Такі фармат сустрэчы – гэта зусім новы досвед для іх, які кожнаму ў далейшым спатрэбіцца.
Арганізатары мерапрыемства раілі ўдзельнікам сур’ёзна прыгледзецца да прафесіі журналіста: яна запатрабаваная і гарантуе цікавае і насычанае жыццё. Дадзены накірунак набірае попыт і папулярнасць як сярод выпускнікоў абласнога цэнтра, так і ў рэгіёнах – асабліва пры выкарыстанні мэтавага накіравання.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий