“Блакітнае паліва” ў надзейных руках!

0
29

У першую нядзелю верасня ў краіне адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Напярэдадні знакавай для супрацоўнікаў галіны падзеі мы завіталі ў Петрыкаўскі раён газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Жыткавічыгаз” РВУП “Гомельаблгаз”, каб пагутарыць пра прафесію з тымі, хто сёлета адзначаны кіраўніцтвам за шматгадовую бездакорную працу.

Наша работа важная і запатрабаваная
На ганку адміністрацыйнага будынка нас сустрэў намеснік начальніка – галоўны інжынер Мікалай Алейнік, які ў агульных рысах распавёў пра задачы, што стаяць перад прадпрыемствам, і калектыў, які паспяхова з пастаўленымі задачамі спраўляецца.
Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што калектыў у першую чаргу працуе ў накірунку бесперабойнага, безаварыйнага і якаснага забеспячэння газам насельніцтва, юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і камунальных бытавых спажыўцоў.
– Калі гаварыць пра кліентаў у лічбах, то гэта больш за 13,5 тысяч абанентаў, з якіх 6,2 тысячы спажываюць прыродны газ, а больш за 7 тысяч – звадкаваны.
– Дзеля забеспячэння якасных паслуг у пытанні тэхнічнага абслугоўвання, падтрымання патрэбных параметраў газаразмеркавальнай сістэмы і дастаўкі газу, у мінулым годзе мы істотна абнавілі аб’екты газаразмеркавальнай сістэмы. Так, былі заменены тры газарэгулятарныя пункты, лінейныя збудаванні з запорнымі адключаючымі прыладамі на шаравыя краны. Сёлета ўзводзіцца новы склад для балонаў звадкаванага газу, ідзе маштабная мадэрнізацыі базы, – заўважыў намеснік начальніка.
Па інфармацыі суразмоўцы, з нагоды прафесійнага свята за паспяховую працу і вытворчыя паказчыкі Ганаровай граматай Петрыкаўскага райвыканкама адзначаны майстар аварыйнага паста Петрыкаўскага ўчастка газазабеспячэння Іван Міцура, а Ганаровай граматай філіяла ВУ “Жыткавічыгаз” РВУП “Гомельаблгаз”, – кантралёр 5 разрада Наталля Вянгура.
– Калі праца членаў нашага калектыву адзначаецца кіраўніцтвам раёна і філіяла – гэта заўсёды прыемна. У такія моманты, без перабольшання, павышаецца матывацыя ў іншых калег і мацнее ўсведамленне: наша работа важная і запатрабаваная.
Спяшаемся пазнаёміцца з адзначанымі ўзнагародамі работнікамі.

У сваёй камандзе я ўпэўнены
Завіталі да майстра аварыйнага паста Петрыкаўскага раёна газазабеспячэння Івана Міцуры і папрасілі распавесці пра службу ў газавай галіне.
Іван Васільевіч – ураджэнец раёна. Скончыўшы Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога па спецыяльнасці эканоміка і кіраванне, мужчына ўладкаваўся майстрам унутранай сістэмы газазабеспячэння ў Петрыкаўскі раён газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Жыткавічыгаз” РВУП “Гомельаблгаз”. І вось ужо больш за 20 гадоў ён адданы газавай галіне. За гэты час працаваў на розных пасадах, уключаючы Мінскаблгаз. Апошнія 10 гадоў наш герой з’яўляецца майстрам аварыйнага паста. Па словах мужчыны, праца яго брыгады заключаецца ў лакалізацыі і ўхіленні аварыйных сітуацый у сістэмах газазабеспячэння ў кругласутачным рэжыме сем дзён на тыдзень.
– Зыходзячы з таго, што раён наш даволі вялікі, у будныя дні паралельна працуюць два экіпажы: адзін замацаваны за горадам, а другі – за сельскай мясцовасцю. Вядома, у пазаштатных сітуацыях на выклік могуць выехаць адразу дзве машыны. Тэрмін выезду строга рэгламентаваны і складае да 5-ці хвілін. У начны час і ў выхадныя дні адзін з экіпажаў заўсёды на дзяжурстве.
Што да аварыйных сітуацый, то здараюцца яны не часта. У асноўным даводзіцца выязджаць на пах ці спыненне падачы газу. Прычыны нашых выездаў у большасці выпадкаў абумоўлены чалавечым фактарам. Здараецца, што “біць трывогу” пачынаюць часам суседзі, а не гаспадары. Але паўтаруся, нашыя кліенты даволі дысцыплінаваныя і адказныя спажыўцы, таму выязджаць на ўхіленне аварыйных сітуацый да гаспадароў па частцы газазабеспячэння выпадае не часта.
Увогуле, праца з людзьмі – важная частка нашай работы. І часам менавіта ад умення ладзіць з людзьмі залежыць “рабочы настрой” аварыйнай брыгады. Нашы хлопцы добра разумеюць, што едуць да кліентаў, калі тыя знаходзяцца ў стане страху ці разгубленасці, калі эмацыянальнасць у людзей падвышаная. І тут вельмі важна і над ухіленнем аварыйнай сітуацыі працаваць, і землякоў супакойваць, бо мы павінны забяспечыць не толькі якаснае і бесперабойнае прадастаўленне паслугі па газазабеспячэнні, аднак не забываць пра бяспеку і задаволенасць кліентаў.
Але адзначу, што пераважная большасць землякоў даволі дысцыплінаваныя і ўраўнаважаныя людзі і да нашых патрабаванняў яны ставяцца з адпаведнай адказнасцю. Таму заўваг і тым больш прэтэнзій да работы нашай службы няма, – падзяліўся Іван Міцура.
У час размовы Іван Васільевіч неаднаразова пазначаў, што эвалюцыя тэхналогій у газавай галіне, новае абсталяванне і камп’ютарызацыя не толькі паляпшаюць эфектыўнасць працы, аднак і патрабуюць ад работнікаў павышэння ўзроўню прафесійных кампетэнцый. А гэта, як вядома, дасягаецца падчас бесперапыннага навучання і адаптацыі да новых тэхналогій дзеля падтрымання высокіх стандартаў газавых паслуг.
У сваёй камандзе майстар аварыйнага паста ўпэўнены: вадзіцелі Аляксандр Генадзьевіч Шпігановіч і Аляксандр Васільевіч Міцура і слесары па рамонце Сяргей Джардэмгаліевіч Джумагаліеў, Васілій Мікалаевіч Трухановіч у газавай службе не навічкі – мужчыны працуюць на прадпрыемстве не адзін дзясятак гадоў. Яны не толькі прафесіяналы сваёй справы, але і адказныя работнікі, сумленныя людзі і надзейныя таварышы. Сяргей Джардэмгаліевіч і Васілій Мікалаевіч, напрыклад, да ўсяго іншага – актыўныя ўдзельнікі прафесійных галіновых спаборніцтваў, якія перыядычна праводзяцца галаўным прадпрыемствам дзеля павышэння прафмайстэрства, а таксама дэманстрацыі навыкаў і падтрымання матывацыі ў камандзе.
Іван Васільевіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам: у яго моцная, любячая і любімая сям’я, работа па душы і ў будучыню ён глядзіць з упэўненасцю. Старэйшая дачка нашага героя сёлета заканчвае школу і стаіць на парозе прафесійнага выбару. Як шчыра прызнаўся бацька, ён быў бы не супраць, каб сямейная дынастыя працягнулася, аднак мужчына прыме любы выбар дачкі, бо ўпэўнены: выбіраць прафесію трэба сэрцам, і тады табе гарантаваны шчаслівы лёс.
У дзень прафесійнага свята Іван Васільевіч дасылае калегам шчырыя пажаданні моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, прафесійных поспехаў і матэрыяльнай стабільнасці.

Маё жыццё – гаргаз
– На прадпрыемстве я з 1996 года, у наступным годзе адзначу 30-гадовы прафесійны юбілей. Гаргаз – маё адзінае месца працы, – з непрыхаваным гонарам пачынае свой аповед Наталля Пятроўна. – Пачынала я са службы ўліку. У мае абавязкі ўваходзіла наведванне абанентаў, зняцце паказанняў з прыбораў уліку, праверка аплаты за аказаную паслугу. Нагадвала спажыўцам газу, што яны павінны ўтрымліваць устаноўленае ў доме газавае абсталяванне ў чысціні і спраўнасці, своечасова праводзіць тэхнічнае абслугоўванне і абавязкова рабіць аплату не толькі за спажыты газ, але і за работы па тэхнічным абслугоўванні.
З 2018 года я працую кантралёрам ў службе па абслугоўванні ўнутрыдамавога газавага абсталявання.
Цяпер я адказваю за своечасовасць абслугоўвання газавага абсталявання, працую таксама з заяўкамі, якія паступаюць ад насельніцтва, размяркоўваю нарады сярод служб і адпраўляю брыгады на ўхіленне аварыйных сітуацый ці планавае тэхнічнае абслугоўванне, напрыклад,газавых пліт ці катлоў.
Акрамя таго я вяду ўлік базы дадзеных нашых кліентаў, дзе пазначана поўная інфармацыі пра кожную газавую гаспадарку: прозвішча, імя, імя па бацьку абанента, пералічана газавае абсталяванне, якое маецца ў домаўладанні, занесены дамовы па аказанні паслуг, дадзеныя, калі праходзіла апошняя планавая праверка ці замена “аджыўшага” свой век абсталявання.
Па словах Наталлі Пятроўны, менавіта ў гэтым і заключаецца яе работа: забяспечваць зладжаную працу ўнутраных падраздзяленняў прадпрыемства і ў той жа час кантраляваць своечасовасць, аператыўнасць і якасць абслугоўвання насельніцтва. І тут, як пазначыла суразмоўца, паказчыкам зладжанай і якаснай работы брыгады з’яўляецца адсутнасць нараканняў збоку кліентаў.
Узроўнем высокага прафесіяналізму Наталлі Пятроўны можа служыць база дадзеных, якую жанчына вядзе бездакорна.
– Абаненты павінны разумець, што да “блакітнага паліва” і да прыбораў яго ўліку неабходна ставіцца асцярожна і акуратна, бо газ выбуханебяспечны. Таму і працуе наша служба ў рэжыме нон-стоп, імгненна рэагуе на выклік і спяшаецца на дапамогу ў любую кропку раёна.
Аднак галоўнае ў нашай рабоце – не дапусціць аварыйных сітуацый, таму і робім стаўку на своечасовае і якаснае абслугоўванне газавага абсталявання, якое не даруе памылак і недагляду, а часам збоі ў яго рабоце могуць прывесці да аварыйных сітуацый. “Выбівае” памылку на катле, газавае пліта не працуе, гарэлка засмецілася – тэлефануйце нам і пакідайце заяўку на ўхіленне непаладак. Мы працуем максімальна аператыўна: магутнасцяў у прадпрыемства хапае, – пазначыла суразмоўца.
Наталля Пятроўна адзначыла, што людзі ў арганізацыі працуюць адказныя, якія ведаюць сваю справу. Калектыў дружны і згуртаваны, кожны з калег гатовы падтрымаць у цяжкую хвіліну, падставіць плячо. А такая атмасфера, пагадзіцеся, надае ўпэўненасці ў сваіх сілах, дадае жаданне працаваць і з задавальненнем хадзіць на працу.
Старэйшы сын нашай гераіні Кірыл абраў прафесію газавіка і працуе побач, што надае матулі гонару. Яно і не дзіўна: шчыраю любоў да абранай справы перадалася роднаму чалавеку і з’явілася сямейная дынастыя.
У дзень прафесійнага свята жанчына дасылае калегам свае віншаванні і найлепшыя пажаданні: міру, згоды, дабрабыту, сямейнага шчасця і рэалізацыі ўсіх жыццёвых планаў.
Калектыў рэдакцыі далучаецца да пажаданняў і дзякуе газавікам за цяпло і ўтульнасць, якія, дзякуючы іх адказнай і бездакорнай працы, пануюць у нашых дамах. Са святам, шаноўныя!

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о