Дзень выратавальнікаў, свята тых, хто беззапаветна дапамагае людзям у бядзе. Гэты дзень – не толькі нагода падзякаваць мужным людзям за іх нялёгкую і высакародную справу, але і аддаць даніну павагі і ўдзячнасці за іх адвагу і самаахвярнасць.
Напярэдадні свята мы сустрэліся з калектывам Петрыкаўскага ТВВод. Іх праца – гэта не толькі прафесія, але і пакліканне.
– Раскажыце, калі ласка, як вы патрапілі ў сваю прафесію і што натхніла вас стаць выратавальнікам ТВВод?
– З дзяцінства ішоў да гэтай прафесіі, – адказвае старшыня раённай арганізацыі ТВВод Аляксандр Трухановіч. – У васямнаццаць гадоў Раённы ваенны камісарыят заклікаў мяне на службу. Па прапанове кіраўніцтва ўзброеных сіл я паступіў у піцерскае Ваенна-марское вучылішча, пасля заканчэння якога адразу ж трапіў на службу на ваенны, баявы карабель.
Працу ў Петрыкаве я пачынаў сезонным матросам-выратавальнікам.
Пазней паступіла прапанова стаць Старшынёй арганізацыі.
Я заўжды хацеў дапамагаць людзям у цяжкіх сітуацыях, таму вырашыў стаць выратавальнікам. Мяне натхняе магчымасць быць карысным і рабіць дабро іншым.
– Якія парады вы дадзіце людзям, каб пазбягаць небяспечных сітуацый на вадзе?
– Заўсёды выконваць правілы бяспекі, не ігнараваць папярэджанні і рэкамендацыі спецыялістаў, быць асцярожнымі і ўважлівымі пры адпачынку на вадзе, не пераацэньваць свае сілы і здольнасці.
– Якія павінен мець якасці і навыкі выратавальнік?
– Каб быць эфектыўным выратавальнікам, нам трэба мець добрую фізічную падрыхтоўку, – адказвае на пытанне начальнік выратавальнай станцыі Алег Паўлючок, – медыцынскія навыкі па аказванні першай дапамогі, па адпрацоўцы і атрыманні дапамогі, веданне алгарытмаў дзеяння ў выпадку надзвычайных сітуацый. Таксама важна мець сапраўдную мужнасць і смеласць, выдатныя камунікацыйныя навыкі для ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі ў складаных сітуацыях.
– Жанна Валер’еўна, цяпер пытанне да вас. Як вы трапілі на выратавальную станцыю?
– Я была медсястрой у бальніцы, але заўсёды марыла працаваць на выратавальнай станцыі. Калі з’явілася магчымасць перайсці на гэтую працу, я адразу ж пагадзілася. Мне вельмі імпануе, што вакол нас прырода, можна сказаць, як на курорце, – з усмешкай распавядае медыцынская сястра выратавальнай станцыі Жанна Петравец, – для мяне гэта было не толькі новым выклікам, але і магчымасцю дапамагаць людзям у крытычных сітуацыях. Калектыў робіць усё магчымае для бяспекі землякоў.
– Дзякуй! Дарагія вырата-вальнікі за вашу працу. Віншуем вас з прафесійным святам! Вы – сапраўдныя героі, гатовыя прыйсці на дапамогу ў любы час, у любых умовах. Ваша адвага, мужнасць і самаахвярнасць заслугоўваюць усяго самага лепшага! Няхай вашыя добрыя справы ўзнагароджваюцца падзякай і прызнаннем, а праца прыносіць толькі радасць і задавальненне. Жадаем моцнага здароўя, паспяховых рэйдаў і заўсёды вяртацца дадому здаровымі і ў добрым настроі. Беражыце сябе і ведайце, што ваша праца неацэнная! Са святам!
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.
Оставить комментарий