У межах Адзінага дня інфармавання з калектывам Петрыкаўскага рудаўпраўлення сустрэліся старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў, генеральны дырэктар ААТ “Беларуськалій” Андрэй Рыбакоў, дырэктар рудаўпраўлення Юрый Пятроўскі і намеснік гендырэктара прамысловага гіганта Беларусі Ігар Дзялендзік.
Асноўная тэма сустрэчы абумоўлена тэматыкай дня інфармавання – “Беларусь суверэнная: ад аднаўлення народнай гаспадаркі да інавацыйных праектаў будучыні”.
Кіраўнік Беларуськалія нагадаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны акупантамі было знішчана больш за палову нацыянальнага багацця краіны. І ва ўмовах разрухі, практычна “з нуля” беларускі народ здзейсніў сапраўдны працоўны подзвіг – за даволі кароткія тэрміны была адноўлена цалкам разбураная і разрабаваная краіна.
У першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі былі ўзведзены флагманы беларускага машынабудавання – МАЗ і МТЗ, БелАЗ (Жодзіна), Бярозаўская і Лукомская ДРЭС, Салігорскі калійны камбінат і не толькі. Дынамічна развіваліся іншыя галіны прамысловасці. Галоўным вынікам савецкага перыяду было тое, што Беларуская ССР набыла магутны сацыяльна-эканамічны базіс, які забяспечваў далейшы прагрэс краіны.
– За восем дзесяцігоддзяў мірнага існавання Беларусь дасягнула шмат чаго. Не маючы вялікай колькасці карысных выкапняў, мы здолелі правільна расставіць прыярытэты развіцця. Драйвер эканомікі – высокія тэхналогіі, якія вядуць да павышэння ўзроўню жыцця грамадзян, дапамагаюць асвойваць новыя рынкі, умацоўваюць міжнародны аўтарытэт дзяржавы і рухаюць навуку. Сярод комплексных “праектаў будучыні”: “Нацыянальны электратранспарт”, “Біятэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе”, “Дакладнае земляробства” і іншыя, – засяродзіў увагу прысутных Андрэй Рыбакоў.
Сапраўды, як справядліва зазначыў генеральны дырэктар ААТ “Беларуськалій”, сёння Беларусь паспяховая ў засваенні касмічнай прасторы, увайшла ў “Клуб краін мірнага атама”. Беларуская атамная станцыя – наш брэнд, які забяспечвае суверэнітэт краіны.
За апошнія дзесяцігоддзі дзякуючы граматна выбудаванай, прадуманай стратэгіі развіцця сельскай гаспадаркі, рэалізацыі маштабных рэспубліканскіх праграм аграрны сектар дасягнуў каласальных поспехаў. Наша дзяржава – адна з нямногіх у свеце, якая цалкам забяспечвае харчовую бяспеку. Мы ўваходзім у лік сусветных лідараў па экспарце прадуктаў харчавання.
– У Беларусі не аспрэчылі і не адкінулі дасягненні савецкага часу. Наадварот, захавалі прынцыпы справядлівага жыццяўладкавання і прымножылі ўсё лепшае, што было створана папярэднікамі.
І сёння ў нас ёсць галоўнае – унікальная магчымасць жыць у незалежнай краіне, – нагадаў генеральны дырэктар.
Пасля абмеркавання асноўнай тэмы Андрэй Рыбакоў спыніўся на аналізе стану спраў і перспектывах развіцця прадпрыемства.
– Без нас сусветны калійны рынак не зможа гарантаваць харчовую бяспеку на планеце, – упэўнена заявіў кіраўнік ААТ “Беларуськалій” ў сваім выступленні.
Андрэй Аляксеевіч расказаў аб прыняцці шэрагу перспектыўных рашэнняў, планах на бліжэйшы час і будучы год, у тым ліку канкрэтна па Петрыкаўскім рудаўпраўленні. Усе яны накіраваны на паляпшэнне вытворчай дзейнасці і вырашэнне важных сацыяльных пытанняў. У частцы апошніх садзейнічанне аказвае і Петрыкаўскі райвыканкам.
Супрацоўнікі рудаўпраўлення задалі пытанні. Большасць з іх датычылася арганізацыі жыццядзейнасці. Як запэўніў кіраўнік раёна Аляксандр Верамееў, па ўсіх узнятых пытаннях адказнымі службамі праводзіцца сур’ёзная работа: вядзецца пастаянны маніторынг стану дзіцячых пляцовак і вулічнага асвятлення. Як справядліва зазначыў Андрэй Рыбак, пытанні парадку і добраўпарадкавання павінны быць у зоне інтарэсаў і адказнасці як мясцовай ўлады, так і пражываючых у мікрараёне.
На ўсе агучаныя пытанні дадзены адказы.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий