У краіне праходзіць рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя “Беларусь адзіная”, прымеркаваная да Дня народнага адзінства.
Асноўная мэта акцыі – стварыць канструктыўны дыялог паміж уладай, экспертамі і жыхарамі краіны, абмеркаваць дасягнутыя вынікі і актуальныя задачы для далейшага развіцця дзяржавы. На гэтым тыдні акцыя прашла ў Жлобіне. У мерапрыемстве прыняла ўдзел дэлегацыя Петрыкаўскага раёна.
Арганізацыя мерапрыемства дазволіла ўдосталь атрымаць рознай інфармацыі: на пляцоўцы каля Палаца металургаў былі арганізаваны тэматычныя, інтэрактыўныя зоны, удзельнікам прапаноўвалася шмат нагляднага матэрыялу. На другім паверсе Палаца разгарнулася выстава гомельскіх інавацый “Стратэгія будучыні”, якая падкрэслівала: поспехі рэгіёнаў – залог паспяховай будучыні ўсёй Беларусі.
“Беларусь: стратэгія будучыні” – тэма сустрэчы, якая была вынесена на абмеркаванне ўдзельнікамі акцыі. Спікерамі пляцоўкі выступілі тэлевядучы і журналіст Рыгор Азаронак, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Чарняўская, старшыня Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аліна Рацькова.
Спікеры адказалі на важныя для беларускага грамадства пытанні, якімі жыве наша краіна: які вобраз будучыні, якой мы бачым Беларусь, якія мэты стаяць перад нашым грамадствам?
Прысутным было цікава пачуць розныя пункты гледжання, пераканацца, што ўсіх нас аб’ядноўвае імкненне да развіцця нашай краіны.
Меркаванне ўдзельніка.
Наталля ХОДЗЬКА, намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама:
– Сустрэча атрымалася жывой, размова – двухбаковай. Гэтаму шмат у чым спрыяла выкарыстанне чат-бота, праз які ўдзельнікі сустрэчы задавалі пытанні. Спікеры ахвотна дзяліліся сваімі думкамі, а таксама давалі адказ на хвалюючае ўсіх пытанне: што можа аб’яднаць людзей розных пакаленняў. Гэта мір, справядлівасць, бяспека і захаванне гістарычнай праўды.
Прыемна бачыць, што жыхары краіны захоўваюць традыцыйныя беларускія каштоўнасці – гэта аб’ядноўвае і натхняе.
Было цікава пачуць розныя пункты гледжання, адчуць, што ўсіх нас аб’ядноўвае імкненне да развіцця нашай краіны. Атмасфера была добразычлівай, шчырай. Такія пляцоўкі – гэта крок да адкрытага грамадства, дзе людзі не баяцца гаварыць і быць пачутымі. У такіх сустрэчах нараджаюцца ідэі, якія мяняюць нашу рэальнасць да лепшага.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий