Атрымаць дапамогу к школе

0
374

У выкананне падпраграмы “Сям’я і дзяцінства” Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2021-2025 гады з 1 жніўня будзе ажыццяўляцца выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да пачатку новага навучальнага года ў памеры 30 % бюджэту пражытачнага мінімуму на душу насельніцтва, які дзейнічае на 1 жніўня каляндарнага года. За тлумачэннямі дакумента мы звярнуліся да загадчыка аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіны ВАЛОДЗЬКІНАЙ.

– Галіна Аляксандраўна, якая катэгорыя бацькоў мае права на дадзены від дапамогі ад дзяржавы?

– На яе маюць права сем’і, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей. Дапамога выплачваецца з мясцовага бюджэту на кожнага навучэнца, які навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі – на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, у Рэспубліцы Беларусь. Не ажыццяўляецца выплата на дзяцей, якія навучаюцца ў прафесійна-тэхнічных, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах і іншых установах па падрыхтоўцы кадраў, а таксама дзецям, якія знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні.

– Якія крокі патрэбна зрабіць шматдзетным бацькам для атрымання матэыяльнай дапамогі на дзіця-навучэнца?

–  Бацькам дадзенай катэгорыі неабходна звярнуцца ў кабінет 5 ці 8 тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які размешчаны ў горадзе Петрыкаў па вуліцы Гогаля 1. З 1 ліпеня спецыялістамі цэнтра ўжо ажыццяўляецца прыём заяў.

– Якія дакументы неабходна мець з сабой законным прадстаўнікам?

– Копію пашпарта або від на жыхарства абодвух бацькоў, копію пасведчання шматдзетнай сям’і, даведку аб тым, што дзіця з’яўляецца навучэнцам установы агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі – на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, з указаннем класа на 1 верасня 2024 года, нумар разліковага рахунку, адкрытага ў банку для пералічэння матэрыяльнай дапамогі. Непасрэдна падчас візіту спецыялісты прапануюць напісаць заяву для аказання дапамогі.

– Калі шматдзетныя бацькі зарэгістраваны не на Петрыкаўшчыне, але пражываюць у нашым раёне, яны маюць права на дапамогу?

– Матэрыяльная дапамога выплачваецца сем’ям, зарэгістраваным на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна. Шматдзетным бацькам навучэнцаў, якія пражываюць у нашым раёне, але маюць рэгістрацыю ў іншым рэгіёне Беларусі, трэба звярнуцца непасрэдна па месцы рэгістрацыі.

– Галіна Аляксандраўна, не сакрэт, што дзяржава асабліва падтрымлівае шматдзетныя сем’і. Колькі землякоў маюць магчымасць атрымаць такога  роду дапамогу  сёлета, колькі скарысталася ў мінулым годзе?

– Так, сапраўды, у нашай краіне для падтрымкі шматдзетных сем’яў робіцца нямала. У Беларусі за апошнія дзесяць гадоў дадзенай катэгорыі сем’яў стала ўдвая больш. Канешне, гэта не выпадкова. Дзяржава пастаянна інвесціруе ў сям’ю.

Што да вашага пытання, то ў бягучым годзе грашовую падтрымку ёсць магчымасць атрымаць 498-мі сем’ям Петрыкаўшчыны, у мінулым годзе скарысталася дапамогай 507 сем’яў.

Калі ўзніклі пытанні, можна патэлефанаваць па нумарах тэлефонаў: 5-50-10, 5-40-97. Спецыялісты акажуць усебаковую кансультацыю.

Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о