Атрымаць адукацыю ў Беларусі і знайсці працу ў Петрыкаве

0
871

Наша сённяшняя гераіня – уладальніца адной з самых сапраўды важных прафесій. Урач-эндаскапіст Петрыкаўскай ЦРБ Ксенія Поляк карыстаецца павагай сярод калег, з вялікай цеплынёй і любоўю да яе адносяцца пацыенты. Родам з Расіі, урач знайшла сваё прызванне ў Беларусі, у нашым горадзе Петрыкаве.

Атрымаць адукацыю  ў Беларусі і знайсці працу  ў Петрыкаве

Ксенія Дзмітрыеўна скончыла сярэднюю школу ў горадзе Клінцы Бранскай вобласці. У выпускным класе марыла стаць паталага-анатамам. Пры выбары вышэйшай установы адукацыі спынілася на Гомельскім медыцынскім універсітэце. Паводле слоў гераіні, урачы Беларусі карыстаюцца вялікай павагай у яе роднай краіне. І без перабольшання з’яўляюцца найлепшымі педагогамі ў сістэме навучання студэнтаў.

“На трэцім курсе ўніверсітэта стала наведваць хірургічныя стацыянары, гэта значыць дзяжурыць разам з дактарамі, прысутнічаць на аперацыях, – пачала знаёміць з фактамі сваёй біяграфіі спецыяліст. – На шостым курсе я працавала медсястрой у аддзяленні экстранай хірургіі. Так і сталася, што я крыху змяніла вектар спецыялізацыі. Пры размеркаванні ў мяне быў свабодны ад адпрацоўкі дыплом, бо я грамадзянка іншай краіны, але маю просьбу застацца працаваць ў беларускіх установах аховы здароўя задаволілі.

Мне прапанавалі некалькі варыянтаў і я выбрала Петрыкаў, тым больш, што мая аднагрупніца была з гэтых месцаў і з горадам я ўжо была знаёмая. Мне тут спадабалася. Працы тут сапраўды было шмат, але самае галоўнае для мяне – гэта практыка.

Вядома, бацькі мае хацелі, каб я прыехала на радзіму. Але зноў жа, у Беларусі доктарскае кам’юніці вельмі шырокае. Я магу атрымаць кансультацыю ад абласных і рэспубліканскіх калег. Знаёмая са шматлікімі вядучымі хірургамі рэспублікі. У беларускіх урачоў сапраўды добрая база, яны выдатна разумеюць пацыентаў. Да таго ж, у студэнтаў няма ніякай магчымасці прагуляць лекцыю ці практычныя заняткі. Цяжка назваць прычыну па якой можна прапусціць пару. Тыя, хто ездзяць на адпрацоўку ў Расію, карыстаюцца вялікім попытам. Нават мая маці пры магчымасці імкнецца патрапіць на прыём менавіта да беларускіх урачоў”.

Суразмоўца 11 гадоў прапрацавала ўрачом-хірургам у Петрыкаўскай ЦРБ, а калі адкрыўся акушэрска-гінекалагічны корпус, ёй прапанавалі прайсці перанавучанне на ўрача-эндаскапіста.

“Эндаскапіст з’яўляецца адначасова і дыягностам, і хірургам, – працягнула Ксенія Дзмітрыеўна. – Таму мая спецыялізацыя хірурга і досвед толькі дапамаглі ў новай вобласці. Шчыра кажучы, пакідаць хірургію мне было нялёгка, таму я перыядычна прашуся на аперацыі. І мяне на іх пускаюць час ад часу. Да таго ж, агляд полых органаў чалавека спецыяльнымі высокатэхналагічнымі меды-цынскімі прыборамі, так званымі эндаскопамі – гэта сапраўды важная вобласць у сістэме лячэння пацыентаў, выяўлення розных захворванняў, у прыватнасці, анкалагічных.

Акрамя таго, эндаскапіст выдаляе іншародныя целы, канкрэменты невялікіх памераў, здымае кардыяспазму. Бывае, што ў людзей костачка ад рыбы засела, ці кавалак мяса. А бывае, што ў дыхальныя органы дзяцей пападуць дробныя дэталі канструктара.
Эндаскапічныя метады даследавання на сённяшні дзень з’яўляюцца самымі дакладнымі для дыягностыкі захворванняў страўнікава-кішачнага тракта і органаў дыхання”.

Ксенія Дзмітрыеўна не хавае: у нашай краіне яна знайшла сваё прызванне, у Петрыкаве – сваё каханне. Разам з мужам яны выхоўваюць дваіх дзяцей.

“Я сапраўды атрымліваю вялікае задавальненне ад сваёй працы. Нягледзячы, часам, на высокую загружанасць, мне падабаецца прафесія, калектыў нашай бальніцы, які заўсёды прыйдзе на дапамогу. Безумоўна, мне хочацца пажадаць пацыентам быць больш уважлівымі да свайго здароўя. Важна памятаць, што хваробу лягчэй прадухіліць, чым лячыць”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о