Дні вёскі, што яскрава прайшлі на Петрыкаўшчыне, падаравалі шэраг цікавых і незабыўных знаёмстваў. Практычна ў кожным населеным пункце мы сустрэлі вяскоўцаў, якія натхнілі і здзівілі.
Але асаблівае месца ва ўспамінах займаюць тыя, хто нясе праз усё сумеснае жыццё годны прыклад сямейных узаемаадносін. Менавіта з такімі людзьмі мне пашанцавала пазнаёміцца ў аграгарадку Камаровічы.
Гісторыя жыцця Людмілы Чычыкайла – яскравы прыклад таго, што шлях да шчасця можа ляжаць праз вяртанне да сваіх каранёў. Нарадзілася зямлячка ў Камаровічах. Пасля заканчэння сярэдняй школы вырашыла пашукаць сваё месца пад сонцам у горадзе. Маладая дзяўчына накіравалася ў Пінск, дзе атрымала прафесійную адукацыю, скончыўшы з адзнакай вучылішча па спецыяльнасці “Прадзільшчыца”. Перспектыўнага спецыяліста запрасілі на працу на Пінскую трыкатажную фабрыку. На прадпрыемстве яна адпрацавала тры гады, зарэкамендаваўшы сябе прафесіяналам сваёй справы – мясцовая газета ў свой час прысвяціла ёй артыкул “Майстар залатыя рукі”.
Аднак, нягледзячы на поспехі і перспектывы, думкамі Людміла Аляксееўна заўсёды была дома, побач з блізкімі людзьмі. Гэтае жаданне аказалася мацнейшым за любыя прафесійныя амбіцыі. Яна прыняла рашэнне вярнуцца ў Камаровічы.
На сваёй малой радзіме жанчына большую частку прафесійнага жыцця прысвяціла працы ў сельскім Савеце. За дваццаць гадоў у мясцовым органе самакіравання займала розныя пасады: была касірам, землеўпарадчыкам, сакратаром.
Акрамя прафесійнай рэалізацыі ў роднай вёсцы Людміла Аляксееўна знайшла і сваё асабістае шчасце. Хутка пасля вяртання з Пінску яна выйшла замуж за хлопца з Фаставіч, што стала лагічным працягам яе жыццёвага шляху, звязанага з роднымі Камаровічамі.
Сярэднюю школу Віктар Чычыкайла заканчваў у Камаровічах. Тыя гады засталіся ў яго памяці, як час сяброўства, першых юнацкіх пачуццяў. Добра памятае ён і юную Людмілу, якая была старастай школы і часта выконвала абавязкі галоўнай дзяжурнай па школе. Віктар Іванавіч прызнаецца, што ўжо тады яго прываблівала ўпэўненасць і настойлівасць дзяўчыны. Яна мела аўтарытэт нават сярод старэйшых школьнікаў: хоць была малодшай на два гады, здольная была прымусіць іх прыбіраць за сабой клас, несці адказна дзяжурства па школе.
У старэйшых класах Віктар Іванавіч атрымаў правы кіроўцы, што адкрыла перад ім новыя магчымасці. Пасля заканчэння школы пайшоў працаваць у мясцовую сельскую гаспадарку памочнікам камбайнера, асвойваў працу на гусенічным трактары. Гэта была нялёгкая, але важная праца, з якою ў далейшым ён звяжа сваё прафесійнае жыццё.
Наступным этапам у жыцці Віктара стала служба ў войску. Ён трапіў у ракетныя войскі, якія размяшчаліся ва Украіне. Гэты перыяд мужчына ўспамінае як час дысцыпліны і адказнасці. Пасля вяртання з войска, разам з земляком-саслужыўцам Віктар марыў паехаць у Маскву і працаваць міліцыянерам у метрапалітэне. Хлопцы падалі дакументы і хуткім часе прыйшоў выклік. Аднак лёс распарадзіўся інакш: сябар у апошні момант адмовіўся ад гэтай ідэі, а наш герой не адважыўся ехаць без яго. Віктар Іванавіч пайшоў працаваць на ранейшае месца ў сельскую гаспадарку. У той час на малую радзіму вярнулася Людміла. Мае героі ўспамінаюць, што ўжо тады іх зблізіла не толькі жаданне жыць у вёсцы, але і агульныя каштоўнасці, агульныя мары. Яны разумелі адзін аднаго з паўслова, “адчувалі адзін аднаго сэрцам”.
Праз час Віктар і Людміла згулялі вяселле і пачалі сямейнае жыццё. Разам пераадольвалі цяжкасці, радаваліся поспехам, стваралі свой утульны дом і выхоўвалі двух сыноў. Сумесны шлях нашых герояў налічвае не адзін дзясятак гадоў. Іх дом – гэта не проста сцены, а месца, дзе заўсёды пануе цяпло, утульнасць і атмасфера даверу.
Іван і Васілій ужо дарослыя, жывуць сваімі сем’ямі ў сталіцы,працуюць у будаўнічай галіне. Нягледзячы на адлегласць, сувязь паміж бацькамі і сынамі застаецца вельмі моцнай. Дзеці часта прыязджаюць да сваіх бацькоў, прывозячы з сабой пяцёра ўнукаў. Для бабулі і дзядулі гэта сапраўднае шчасце і радасць.
На працягу ўсёй нашай размовы я адчувала паміж мужам і жонкай тую глыбокую сувязь, якая можа з’явіцца толькі ў людзей, што сапраўды разумеюць і цэняць адзін аднаго.
Як аказалася, у сямейнай пары ёсць свае сакрэты моцнага шлюбу і сямейнага шчасця.
– У жыцці бываюць розныя моманты. Бываюць узлёты і падзенні. Але мы з Віктарам ведаем, што можам разлічваць адзін на аднаго, – дзеліцца Людміла Аляксееўна. – Мы ніколі не трымаем крыўды, умеем слухаць і быць пачутымі.
– Узаемная павага – гэта, мабыць, самае галоўнае ў сям’і, – уступае ў размову Віктар Іванавіч. – Калі ты паважаем сваю другую палову, то цэніш чалавека, яго пачуцці і яго асобу.
Гісторыя сямейнай пары Чычыкайла з Камаровіч даказвае, што шчасце можна знайсці ў цішыні роднай вёскі, а сапраўднымі каштоўнасцямі жыцця з’яўляюцца любоў, працавітасць і моцныя сямейныя сувязі.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.








Оставить комментарий