Ахова навакольнага асяроддзя – задача агульная

0
128

Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя можна лічыць адной з самых важных падзей экалагічнага календара. Гісторыя свята пачынаецца з 1972 года і зараз яго штогод адзначаюць 5 чэрвеня больш чым сто краін па ўсім свеце.

Прырода Петрыкаўшчыны раёна багатая і разнастайная сваімі заліўнымі лугамі вакол поймаў Прыпяці, Пцічы, Убарці і іншых малых рачулак. Шырока раскінуліся лясы, што займаюць 56 % тэрыторыі раёна.

Амаль траціна раёна – запаведныя тэрыторыі і тэрыторыі пад аховай. Гэта землі Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, водна-балотны заказнік “Пойма Пцічу”, ландшафтны заказнік “Камаровіцкі”, гідралагічны заказнік “Варанецкі мох” і 7 помнікаў прыроды, сярод якіх 5 дубраў, Парк Шклярэўскага і геалагічнае агаленне “Дарашэвічы”. У саставе флоры 31 від раслін, што ахоўваецца дзяржавай і 73 віды чырвонакніжных жывёл.

Актуальныя экалагічныя праблемы, што аказваюць негатыўны ўплыў на ўсе кампаненты навакольнага асяроддзя, абумоўлены павелічэннем адходаў. Штогод у раёне з’яўляецца каля 5 тысяч тон адходаў спажывання. Для вырашэння гэтай праблемы на Петрыкаўшчыне ўдасканальваецца сістэма абарачэння з адходамі, вяртання ў гаспадарчы зварот другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Асаблівую заклапочанасць выклікае і праблема пластыкавага забруджвання, звязаная з шырокім распаўсюджваннем адмысловых вырабаў, упакоўкі, тары, пакетаў, аднаразовага посуду. Разам з тым, навукоўцы Гомельскай вобласці распрацоўваюць праект вытворчасці экалагічных, біяразлагаемых упакоўкі, посуду, тары з цэлюлозы і папяровай масы.

Сумесна з працоўнымі калектывамі і жыхарамі раёна праводзіцца работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі. Усё робіцца комплексна: ліквідацыя несанкцыяніраваных звалак, добраўпарадкаванне тэрыторый, азеляненне. Увогуле, перад грамадствам паўстае задача зберажэння прыроды, каб кожны грамадзянін Беларусі адчуваў асабістую адказнасць за змяненне стану навакольнага асяроддзя. З малых гадоў дзіцяці трэба прывіваць любоў і беражлівыя адносіны да прыроды. У гэтым напрамку ў нашым раёне праводзіцца істотная работа па экалагічнай асвеце падрастаючага пакалення, інфармавання насельніцтва. Толькі аб’яднаўшы намаганні, можна спадзявацца на дзейсныя поспехі ў вырашэнні адзначаных пытанняў, папярэджанні негатыўных змен у прыродным асяроддзі.
Дзень аховы навакольнага асяроддзя – гэта не прафесійнае свята эколагаў, а нагода для таго, каб кожны задумаўся пра нашую агульную будучыню. Віншую ўсіх, хто неабыякавы да прыроды, разумее яе каштоўнасці і гатовы ахоўваць яе словам і справай. Жадаю сіл і здароўя тым, хто зберагае азёры і рэкі, выратоўвае ад вырубкі зялёныя насаджэнні на вуліцах гарадоў і вёсак, у парках і скверах, хто абараняе ад браканьераў дзікіх жывёл і прыбірае смецце ў лясах і на вадаёмах Петрыкаўшчыны.

Ігар ЗЯНКЕВІЧ,
начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о