З 2 па 8 чэрвеня ў краіне праходзіць Рэспубліканская акцыя па папулярызацыі ўнутранага турызму ”Вандруй. Адчуй. Надхняйся”. З гэтай нагоды карэспантэнт ”Петрыкаўскіх навін ” наведала сядзібу ”Сонечны бераг” у вёсцы Галубіца.
Аграэкатурызм у Беларусі становіцца ўсё больш запатрабаваным. Сёння гаспадары аграсядзіб, фермеры, рамеснікі, прадстаўнікі турбізнесу аб’ядноўваюцца ў кластары, прапаноўваючы гасцям шырокі комплекс паслуг, ствараючы ўнікальныя турыстычныя маршруты і ўласныя брэнды. Ідэя паўнавартаснага і адначасова змястоўнага адпачынку ва ўмовах Беларусі заўсёды была звязана з сельскай мясцовасцю.
Аграсядзібе “Сонечны бераг” у вёсцы Галубіца сёлета спаўняецца шаснаццаць гадоў. Прыгожы дом будаваўся як месца адпачынку на беразе ракі Прыпяць. І па сённяшні дзень без усякай рэкламы сюды прыязджаюць госці, прыцягнутыя добрымі водгукамі з вуснаў знаёмых.Леанід Алехнік, уладальнік аграсядзібы, пачынаў усё з нуля, даў гэтаму месцу новае жыццё.
– Я заўсёды марыў жыць каля ракі, калі я ўпершыню прыехаў сюды, на гэтым месцы было поле, рабіў усё сваімі сіламі, прадаў машыну, каб пабудаваць утульнае месца, якое будзе радаваць не толькі мяне, але і турыстаў, – дзеліцца Леанід Мікалаевіч.
Жонка нашага героя Іна Анатольеўна паказала карэспандэнту ўтульную зону адпачынку на беразе Прыпяці, дзе госці могуць паабедаць і павячэраць. Дарэчы, вялізны стол і многае іншае Леанід Мікалаевіч зрабіў сваімі рукамі.
Аграсядзіба таксама папулярная ў аматараў лазні. Тут выдатная апарня. Для дзяцей на прыдамавой тэрыторыі – раздолле. Хапае месца і на самакаце пакатацца, і на ровары, і ў футбол, бадмінтон пагуляць, ёсць дзіцячая пляцоўка.
А як жа рыбалка, спытаеце вы? Для рыбакоў тутэйшая акваторыя – сапраўды рай! Ніхто не застанецца без добрага ўлову.У Прыпяці водзяцца шчупак, судак, сом, лінь. Але не толькі ў летнюю пару тут рады гасцям з вудамі: у “Сонечным Беразе” вітаюць і аматараў парыбачыць зімой.
Для тых жа, хто хоча пазнаёміцца з мясцовымі славутасцямі, Леанід Мікалаевіч арганізоўвае, напрыклад, водныя экскурсіі па Прыпяцкім ландшафтна-экалагічным запаведніку.
Паселяць гасцей ў доміку, разлічаным на 5 чалавек. Усе неабходныя для адпачынку ўмовы ёсць на маляўнічым беразе ракі, у 5-ці метрах ад сядзібы: альтанка, мангал, вогнішчы, прычал з лодкай. Прыемна здзівяць і прыгатаваныя Інай Анатольеўнай стравы, зробленыя па-хатняму, з прадуктаў з асабістага падворка гаспадароў. Парадуе гасцей сваёй фірмовай юшкай і гаспадар аграсядзібы.
– Зусім хутка нашу сядзібу ўпершыню наведаюць 20 байкераў, 10 чалавек будуць пражываць у нумарах, 10 – на тэрыторыі ў палатках. Шмат сем’яў-пастаяльцаў, многія прыязджаюць да нас сем’ямі па два разы на месяц. Шчаслівы, што лёс так распарадзіўся: у мяне ёсць любімы занятак, бо ўсё, чым мы займаемся, робім для радасці і адпачынку людзей, – адзначыў Леанід Мікалаевіч.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Оставить комментарий