Адкрыты дыялог з выбаршчыкамі

0
888

Сустрэчы
На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько сустрэлася з працоўнымі калектывамі ВУ “Жыткавічыміжрайгаз”, ДУ “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці”, ДП “Петрыкаўскі райжылкамгас”, цэнтра па забеспячэнні бюджэтных арганізацый Петрыкаўскага раёна, насельніцтвам аграгарадка Бабунічамі. Тэмы, вынесеныя парламентарыем для абмеркавання, адлюстроўвалі рэаліі сённяшняга часу. Адкрытая размова дала магчымасць аналізаваць, параўноўваць, рабіць высновы.

Адкрыты дыялог з выбаршчыкамі
80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – адна з галоўных тэм у краіне. “Захаванне гістарычнага мінулага – важная задача сучаснага грамадства. Неабходна надаваць асаблівую ўвагу фарміраванню сярод падрастаючага пакалення цікавасці да вывучэння гісторыі Беларусі, роднага краю, сям’і”, – падкрэсліла дэпутат. Было адзначана, што 2020 год паказаў, што не ўся моладзь ведае мінулае краіны, якім коштам дасталася Вялікая Перамога для нашых продкаў. Таму захаванне гісторыка-культурнай спадчыны гэта норма, якая замацавана ў Канстытуцыі краіны.
Не страчвае цікавасць з боку жыхароў Петрыкаўшчыны тэма VII Усебеларускага народнага сходу. Святлана Уладзіміраўна нагадала прысутным пра вынікі УНС у новым статусе, асноўныя яго пасылы, пра паўнамоцтвы, якімі надзелены дэлегаты ў разглядзе важных дзяржаўных пытанняў. Былі закрануты пытанні дзейнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Дэпутат расказала пра законапраекты, якія знаходзяцца на разглядзе парламентарыяў. Рыхтуюцца да другога чытання змены ў законах “Аб ветэранах”, “Аб занятасці насельніцтва”, “Аб пенсійным забеспячэнні ваеннаслужачых”, у першым чытанні будуць заслуханы прапановы паправак ў Кодэкс аб адукацыі. Заканатворчасць – работа, якая патрабуе пастаяннай увагі з боку дзяржавы і накіравана на паляпшэнне жыцця насельніцтва. Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа выказаць меркаванне аб дзеючых законах у краіне.
У час сустрэч увага была нададзена і развіццю сацыяльнай галіны, як індыкатару якасці жыцця. Прадстаўнік улады зрабіла акцэнт: у цэнтры ўвагі ўнутранай палітыкі краіны стаіць чалавек з яго праблемамі, патрэбамі, інтарэсамі. Беларусь займае 30 пазіцыю са 166 краін па ўзроўні жыцця насельніцтва. Такі факт сведчыць аб устойлівым развіцці нашага грамадства. Штогадовае павышэнне пенсій, заработнай платы работнікам бюджэтнай сферы сведчыць пра правільна абраны курс развіцця краіны. Як прыклад: у 2023 годзе пенсійныя выплаты павялічыліся на 111 %, да ўзроўню 2022 года.
Гутарка закранула і новыя формы ў сацыяльным абслугоўванні насельніцтва, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, фінансавыя ўкладанні дзяржавы ў галіну адукацыі – школьныя аўтобусы, харчаванне, абсталяванне для навучальных кабінетаў, медыцыны – набыццё перасоўных амбулаторый, развіццё беларускай фармацэўтыкі, хірургіі.
Адна з тэм павесткі дня сустрэч – Год якасці ў Беларусі. Са слоў дэпутата, такое рашэння садзейнічае дасягненню лепшых паказчыкаў, служыць стымулам для праяўлення новых ініцыятыў, фарміруе адказнасць за вынікі сваёй працы, пачуццё дачынення да будучыні краіны. Адзначана, што ў арганізацый і прадпрыемстваў ёсць усё неабходнае для якаснай працы. У працяг тэмы ўзнімаліся пытанні працоўнай дысцыпліны, адказнага выканання сваіх службовых абавязкаў.
Не абышла Святлана Уладзіміраўна і дату, якая будзе адзначацца ў краіне 10 ліпеня – 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва. Парламентарый расказала пра актуальнасць інстытута прэзідэнцкай улады ў сучаснай палітычнай структуры, пра асноўныя дасягненні Рэспублікі Беларусь перыяду прэзідэнцкага праўлення, яго пазітыўны ўплыў на развіццё краіны. Было адзначана, што за 30 гадоў пад эгідай інстытута сфарміравалася ўласная прадуктыўная мадэль грамадскага развіцця. За гэты перыяд адбыліся значныя змены ў краіне. Эканоміка стала больш устойлівай, сацыяльная сфера актыўна развіваецца, а жыццё грамадзян паляпшаецца. Як вынік – сёння мы жывём у стабільнай і паспяховай краіне.

100-годдзе Петрыкаўскага раёна
Сустрэча з моладдзю – важны напрамак у час прыезду парламентарыя ў рэгіёны. У апошні з яе візітаў на базе Петрыкаўскай раённай бібліятэкі прайшоў круглы стол “Здаровая нацыя – аснова квітнеючай дзяржавы”, мадэратарамі якога выступіў Петрыкаўскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, па ініцыятыве Святланы Уладзіміраўны прайшла дыялогавая пляцоўка да 100-годдзя Петрыкаўскага раёна.
Юбілей Петрыкаўшчыны, які будзе адзначацца 17 ліпеня, для яе жыхароў – важны дзень. У час мерапрыемства супрацоўнік Петрыкаўскага краязнаўчага музея расказала аб развіцці раёна ў розныя часовыя адрэзкі, аб вядомых земляках. У форме дыялогу прысутныя абмеркавалі пытанні развіцця прадпрыемстваў, сацыяльнай сферы і культуры Петрыкаўскага раёна.
У сваю чаргу дэпутат Палаты прадстаўнікоў адзначыла, што дыялогавая пляцоўка сімвалічная тым, што праходзіць у гадавіну 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Адметна і тое, што юбілей раёна пройдзе ў Год якасці. Сёння мы ганарымся пераўтварэннямі на Петрыкаўшчыне. Раён з кожным годам мяняецца, прыгажэе.
– Гісторыя раёна багатая і разнастайная. Яе старонкі напісаны лёсамі землякоў, прасякнуты крывёй барацьбы за свабоду і незалежнасць, потам стваральнай працы дзеля стабільнасці і працвітання. Шлях станаўлення і развіцця нашага раёна быў нялёгкім. Сёння створаны ўмовы для працы, адпачынку, атрымання адукацыі, медыцынскіх паслуг. Петрыкаўшчына багатая не толькі лясамі, рэкамі, нетрамі. Галоўным яго здабыткам з’яўляюцца людзі. Наша слаўнае мінулае павінна служыць арыенцірам для нашай будучыні. Кожны з нас павінен прыкласці намаганні ў працы, у вучобе, каб краіна і раён дынамічна развіваліся і квітнелі”, – адзначыла дэпутат.

Узята на кантроль
У час сустрэч з насельніцтвам, “гарачай тэлефоннай лініі”, праведзенай на базе Петрыкаўскага райвыканкама, у жыхароў Петрыкаўшчыны была магчымасць агучыць праблемныя моманты прадстаўніку ўлады. Цікавіла землякоў функцыянаванне аб’ектаў гандлю, адкрыццё фізкультурна-аздараўленчага комплексу у райцэнтры, пытанні водазабеспячэння – якасць і адсутнасць вады ў сельскай мясцовасці, якасці дарог, бяспекі электраправодкі ў жылым доме.
Па ўсіх зваротах дэпутат, разам з адказнымі службамі, правядуць дадатковае вывучэнне агучаных пытанняў. Рашэнні па зваротах будуць прыняты.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о