У ААТ “Навасёлкі” працуюць людзі, чыя адданасць зямлі і сваёй справе заслугоўвае глыбокай павагі. Сярод іх – Ігар Кажан, чалавек, які шчыра працуе ў сельскай гаспадарцы больш за 35 гадоў свайго жыцця.

Мужчына свядома абраў прафесію механізатара. Сам ён нарадзіўся ў вёсцы Фаставічы, з дзяцінства захапляўся тэхнікай, дапамагаў бацьку, таму са спецыфікай працы быў знаёмы не па чутках. У школьныя гады атрымаў запаветнае пасведчанне трактарыста, якое стала першым крокам да будучай прафесіі. Пасля школы Ігар Мікалаевіч уладкаваўся ў сельскую гаспадарку. Аднак, як гэта часта бывае, лёс унёс свае карэктывы. Яго прызвалі ў войска. Адслужыўшы належны тэрмін, мужчына вярнуўся на малую радзіму, дзе працягнуў сваю працоўную дзейнасць.
– Больш за 35 гадоў я працую ў сельскай гаспадарцы. Ворыва, сяўба, касьба, адвоз зялёнай масы і ўнясенне ўгнаенняў – асноўныя віды работ, на якіх я задзейнічаны. На вёсцы трактарыст – паважаная прафесія. Каб паспяхова працаваць, трэба любіць тую справу, якой займаешся, – распавядае механізатар.
– Мая сям’я таксама звязана з сельскай гаспадаркай. З жонкай Аленай Іванаўнай знаёмы са школы. Яна таксама ўсё сваё жыццё прысвяціла сельскай гаспадарцы, працуючы аператарам машыннага даення.

“Мы выраслі ў сем’ях, дзе заўсёды шанавалася праца, што гаворыць пра глыбокую адданасць гэтай няпростай, але высакароднай справе.”

– З Аленай разам мы ўжо больш за 30 гадоў. Лічу наш сямейны саюз прыкладам узаемаразумення і агульнай любові да працы, – з гонарам дзеліцца Ігар Мікалаевіч.
Сёння Ігар Мікалаевіч – вопытны механізатар. Працуе аграрый на трактары Belarus 2103 –- магутнай і надзейнай машыне, якая дапамагае яму спраўляцца з любымі задачамі.
За гады працы ў палях Ігар Мікалаевіч набыў неацэнны дос-вед. Ён ведае, калі пасеяць, калі сабраць ураджай, як даглядаць за зямлёй, каб яна давала шчодры ўраджай. Яго працавітасць і адказнасць – гэта тыя якасці, якія адрозніваюць сапраўднага прафесіянала.
Нягледзячы на тое, што большая частка жыцця Ігара Мікалаевіча праходзіць у полі, ён знаходзіць час і для іншых захапленняў. Разам з жонкай яны любяць хадзіць у грыбы. Гэта не проста хобі, а магчымасць адпачыць ад паўсядзённай мітусні, атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды і сабраць багаты ўраджай лясных дароў. Акрамя таго, у іх ёсць хатняя гаспадарка, якая дапамагае накрываць багаты стол.
У руках механізатара спорыцца любая справа, а вынікі, безумоўна, цешаць. І ўсё гэта дзякуючы любові да сельскай працы, веданню тэхнікі, уменню адказна і з душой выконваць любую працу.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о