Днямі ў канферэнц-зале “Дома экалагічнай асветы” нацпарка “Прыпяцкі” прайшла прэзентацыя новага лагатыпу і рэбрэндынгу прыродаахоўнай установы.

Было

Стала

Нацыянальны парк – гэта не толькі прыродная тэрыторыя, але і калектыў людзей, якія, дзякуючы сваім ведам, экспертнасці, прафесійным навыкам і паўнамоцтвам забяспечваюць захаванне прыроды. Менавіта дзеля прасоўвання інфармацыі пра ўнікальнасць “Прыпяцкага”, яго сур’ёзны турыстычны патэнцыял і была запланавана, а днямі паспяхова рэалізавана агучаная ініцыятыва.
Праведзены рэбрэндынг, па меркаванні распрацоўшчыка і калектыву нацпарка, прызваны працаваць на імідж турыстычнага аб’екта, яго пазнавальнасць, каб кожная дэталь абуджала асацыяцыі менавіта з “Прыпяцкім”.


Новы лагатып нясе ў сабе шмат сэнсаў і метафар. Так, праз фарбы і вобразы ён аб’яднаў тры стыхіі: паветра, зямлю і ваду, а разам з імі непаўторнасць ландшафту, багацце экасістэмы і, як вынік, – комплекс турыстычных паслуг.
Сапраўды, у мяккіх лініях глыбокага блакітнага колеру пазнаеш Убарць, Сцвігу і Прыпяць, у міжрэччы якіх і кіпіць жыццё “Прыпяцкага”. Закальцаваная “ракой часу” (менавіта да такой метафары часта звяртаюцца даследчыкі, гаворачы пра Пряпяць) тэрыторыя нацпарку дэманструе вечны кругазварот жыцця ва ўсіх яго праяўленнях.


Дынамічная кампазіцыя новага лагатыпу, як пазначыла ў час прэзентацыі спецыяліст па экалагічным турызме Вольга Харытановіч, перадае бясконцы кругазварот у прыродзе, узаемасувязь і неад’емную важнасць кожнага элемента.
– Каляровае спалучэнне грунтуецца на дваістасці вады і сушы. Акварэльная графіка ў сваю чаргу надае знаку лёгкасць, падтрымліваючы пры гэтым філасофскі складнік канцэпцыі. Строгі лёгкачытальны шрыфт без засечак надае знаку ўстойлівасці, дапаўняючы складаную форму асноўнага элемента, – пазначыла ў час прэзентацыі Вольга Мікалаеўна.


Сапраўды, тэрыторыя ў 89 тысяч гектараў з’яўляецца нацыянальным здабыткам краіны: тут размешчаны ўнікальныя поймавыя лясы, балоты, якія з’яўляюцца адным з найбуйнейшых масіваў пераходных і верхавых балот у Еўропе. Парк замацаваў за сабой статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі. Так, тут жыве рэкордная ў краіне колькасць птушак, у тым ліку 65 відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Пры гэтым пойма Прыпяці ў Тураве служыць найбуйнейшым у Еўропе міграцыйным шляхам пры пералёце птушак у цёплыя краі. Акрамя таго, на тэрыторыі парка захавалася больш за 1073 рэдкія віды раслін, 47 з іх занесены ў Чырвоную кнігу. Не варта забываць пра гістарычныя і археалагічныя аб’екты, у ліку якіх старажытны горад Тураў.


Нацпарк да ўсяго іншага яшчэ і мека рыбалоўства, а Прыпяць – адна з багацейшых на рыбу рэк. Што ў сваю чаргу раскрывае магчымасці для развіцця гастранамічнага турызму, бо прыгатаваныя паварамі нацпарка рыбныя стравы – шэдэўр кулінарнага майстэрства.


Усё гэта ў вобразах і сімвалах знайшло сваё адлюстраванне на лагатыпе, распрацоўшчыкам якога выступілі прадстаўнікі расійскай кампаніі, якая працуе непасрэдна на рынку экалагічных брэндаў. Працуючы над лагатыпам, распрацоўшчыкі вывучылі экасістэму, што называецца “на месцы”, пачулі пажаданні заказчыка і, натхнёныя прыгажосцю “Прыпяцкага”, прадставілі пяць варыянтаў лагатыпа. Спыніліся на акварэльнай графіцы. На сённяшні дзень ідзе актыўная работа па папулярызацыі новага аблічча нацпарку праз прасоўванне лагатыпу на сувенірнай прадукцыі. У бліжэйшы час ён будзе нанесены на водны транспарт, аўтамабільную тэхніку – адным словам, яго прысутнасць у рэальным жыцці і нфармацыйнай прасторы будзе максімальная. Бо, як адзначылі ў Нацыянальным парку, яго ўнікальнасць на сённяшні дзень усё ж недастаткова растыражавана, а непаўторнасць мала і далёка не ў адпаведнасці са спектрам разнастайнасці прапанаваных паслуг разрэкламавана. Гэта выправяць, заявіўшы пра сябе ярка і сучасна.
Гэтай мэце падпарадкавана работа і мультымедыйнай відэапрылады, прэзентацыя якой таксама адбылася ў межах сустрэчы. Цяпер у комплексе турыстычных паслуг нацпарка значацца і віртуальныя экскурсіі. Іх унікальнасць у тым, што можна адправіцца па самых аддаленых турыстычных маршрутах. Найбольш актуальна гэта для непадрыхтаваных ці недастаткова мабільных турыстаў: дзяцей ці тых, хто па розных прычынах не можа сплавіцца на байдарцы або адчуць энергетыку і маштаб “пятага сезону” на Прыпяці – так у Нацпарку называюць разлівы ў пойме вясною.


Рэбрэндынг – гэта, безумоўна, новы этап у жыцці Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, які, несумненна, прынясе свежыя ідэі і павысіць прывабнасць прыродаахоўнай установы як для турыстаў, так і для мясцовага насельніцтва. Такія ініцыятывы падкрэсліваюць імкненне ўстановы развіваць экатурызм і прыцягваць увагу да прыродных багаццяў рэгіёну, абяцаючы новую якасць успрымання навакольнага свету.
Упэўнены, новы сімвал зробіць нацпарк “Прыпяцкі” пазнавальным турыстычным брэндам не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о