У сусветны Дзень без аўтамабіля, які сёлета прайшоў пад дэвізам: выбірай экалагічна чысты транспарт, на Петрыкаўшчыне ўрачыста адкрылі веласіпедную дарожку, якая злучыць райцэнтр і вёску Макарычы.
У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Дзягцяр, дырэктар ДРБУ-112 Іван Хамец, начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Зянкевіч.
Аляксандр Фёдаравіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі, пажадаў землякам як мага часцей карыстацца веладарожкай, атрымліваючы асалоду ад прыгожых відаў, але не забываць пры гэтым пра правілы дарожнага руху.
– Эканамічныя і экалагічныя перавагі велатранспарту добра вядомыя. Станоўчы ўплыў на здароўе – таксама ні для каго не сакрэт. Спадзяемся, што адкрытая сёння веладарожка стане добрым стымулам да павелічэння колькасці велааматараў на Петрыкаўшчыне, – пазначыў намеснік старшыні райвыканкама.
Начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Зянкевіч падзякаваў дарожнікам за рэалізаваны праект, які накіраваны на прапаганду экалагічных відаў транспарту, паніжэнне шкодных выкідаў у атмасферу, і як вынік – паляпшэнне экалагічнай сітуацыі.
Ганаровыя госці пад гучныя апладысменты прысутных урачыста перарэзалі чырвоную стужачку.
– Накірунак у аматараў двухколавага транспарту папулярны, таму па ўзгадненні з раённым выканаўчым камітэтам, у мэтах забеспячэння бяспекі дарожнага руху, і было прынята рашэнне абсталяваць праезную частку дарогі веладарожкай. Працягласць яе склала 1600 метраў, кошт будаўніцтва веладарожкі – 400 тысяч рублёў, сродкі на аб’ект былі выдаткаваны з абласнога бюджэту, – пазначыў у размове нашаму карэспандэнту дырэктар ДРБУ-112 Іван Хамец.
Што да перспектыў, то, як адзначыў Іван Андрэевіч, у наступным годзе плануецца пракласці дарожку цягам усяго населенага пункта Макарычы.
Завяршылася ўрачыстасць адзіным велапрабегам, які азнаменаваў адкрыццё першай у раёне падобнага кшталту веладарожкі. Дзясяткі гараджан на двухколым транспарце змаглі ацаніць яе тэхнічныя характарыстыкі і атрымаць асалоду ад велапрагулкі па маршруце Петрыкаў-Макарычы.
Галіна КАЗАК.
Фота Марыі ТАМКО.
Оставить комментарий