Днямі мы завіталі ў ААТ “Чалюшчавічы”, каб даведацца, як у гаспадарцы праходзіць уборка кукурузы на сілас.

Зараз у самым разгары ўборка кукурузы на сілас. Яго нарыхтоўцы надаюць асаблівую ўвагу: сакавіты корм складае 60-70% рацыёну жывёл, менавіта ад яго шмат у чым залежаць і будучыя надоі.
Аграрыі працуюць не пакладаючы рук. Праца кіпіць з самай раніцы. Уся тэхніка ў страі: трактары, корма- і збожжаўборачныя камбайны. Закладка сіласных траншэй у гаспадарцы працягваецца адначасова з уборкай кукурузы. Як паведаміў дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Ракіцкі, аграрыям неабходна ўбраць плошчу 2 500 гектараў.
– Ужо прыбрана 724 гектары і нарыхтавана 15 000 тон зялёнай масы. Увогуле неабходна нарыхтаваць 40 тысяч тон сіласу. Ура-джайнасць маем годную. Цяперашняя восень падарыла нямала пагодлівых дзён, дзякуючы чаму ўборачная ідзе хутка. Кукуруза сёлета вырасла нядрэнная, а ўсё дзякуючы своечасова выкананым работам па сяўбе і падкормцы ўгнаеннямі, – пазначыў Сяргей Мікалаевіч.
Аграрыі адзначаюць, што самая важная пара – гэта ўборка збожжавых культур. Трэба нарыхтоўваць корм на зіму і адначасова рыхтаваць зямлю і праводзіць азімую сяўбу. Наяўнасць тэхнікі на палях гаворыць сама за сябе. У полі працуюць вопытныя механізатары сельгаспрадпрыемства. Заўважаем за штурвалам кормаўборачнага камбайна Віталія Кананчука. Яго магутны КВК-800 акуратна зразае высокія сцябліны кукурузы і, здрабніўшы іх, адпраўляе ў кузаў трактара. Мы сустракаемся на ўскрайку палетка, для гутаркі з Віталіем Уладзіміравічам.
– Родам я з Селюцічаў. Пазней пераехалі з жонкай у Колкі, пабудавалі ўласны дом. Працую ў гаспадарцы больш за 20 гадоў. Да працы ў полі прывучаны з дзяцінства. Яшчэ падлеткам пазнаёміўся з тонкасцямі ўборкі. Мусіць, таму мне гэтая прафесія падалася бліжэй за ўсе іншыя, таму пайшоў працаваць адразу пасля школы, адслужыў у войску і зноў прыступіў да працы ў гаспадарцы, – распавядае суразмоўца.
У мінулым годзе камбайнер стаў лідарам на корманарыхтоўцы. Сёлета Віталій Уладзіміравіч нарыхтаваў 11 739 тон кукурузы – і гэта далёка не мяжа. З кожным днём лічба расце, бо ўборачная ў самым разгары, а “царыца палёў” шчодра аддае свой ураджай тым, хто ўмее з ёй абыходзіцца. Мужчына распавёў, што працаваць усюды нялёгка, але дзейнасць на зямлі дастаўляе задавальненне.
– Падабаецца працаваць з тэхнікай у дружным калектыве. Заўсёды імкнемся дасягнуць высокіх вынікаў, – адзначыў суразмоўца.
Са слоў аграрыяў, расслабляцца і думаць пра адпачынак ім яшчэ рана. Чарада сельскіх спраў працягваецца. Што ж, для паспяховых восеньскіх палявых работ створаны ўсе ўмовы. Пажадаем хлебаробам здароўя, пагодлівых дзянькоў і паспяховага завяршэння сезону.

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о