Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько з рабочым візітам наведала выбарчую акругу.

За час работы на Петрыкаўшчыне народны абраннік правяла шэраг сустрэч з працоўнымі калектывамі, наведала палеткі сельгаспрадпыемстваў, правяла маніторынгі, асабісты прыём грамадзян, удзяліла ўвагу дабрачыннасці.
У ходзе сустрэч былі абмеркаваны актуальныя пытанні краіны. Адно з іх – вынікі другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Святлана Уладзіміраўна адзначыла: сесія праходзіла ў перыяд найважнейшых падзей для нашай краіны. Вынікі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі наглядна паказалі ўсяму свету сталасць беларускага грамадства. Наш народ цалкам падтрымаў курс кіраўніка дзяржавы на мір, эканамічны рост, народнае адзінства і захаванне традыцыйных духоўных каштоўнасцей. Гэты грамадскі запыт і вызначыў у канчатковым выніку заканадаўчыя і міжнародныя прыярытэты павесткі дня другой сесіі, працу дэпутатаў у выбарчых акругах. За справаздачны перыяд прынята 25 законапраектаў у першым чытанні, 64 – у другім, у тым ліку 35 законапраектаў аб ратыфікацыі міжнародных дамоў. Змест усіх дакументаў накіраваны на стабільнае і якаснае жыццё насельніцтва краіны.
“Адукацыя і навука – рухаючыя сілы развіцця грамадства і дзяржавы” – важная для кожнага беларуса тэма. Пры яе абмеркаванні прадстаўніком улады быў зроблены акцэнт на тое, што Беларусь з’яўляецца дзяржавай, дзе рэалізуецца прынцып бесперапыннай адукацыі і гарантуецца права на бясплатнае атрыманне адукацыі. Дзяржаўная падтрымка галіны адыгрывае ключавую ролю ў забеспячэнні роўнага доступу да ведаў для ўсіх слаёў насельніцтва.
– У Рэспубліцы сфарміравана сістэма, якая аб’ядноўвае заказ на падрыхтоўку кадраў, аб’ём і структуру падрыхтоўкі, а таксама працаўладкаванне спецыялістаў, рабочых, служачых, падрыхтаваных за кошт бюджэтных сродкаў, – адзначыла парламентарый. –Толькі наша краіна на постсавецкай прасторы захавала сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Была нададзена ўвага зменам, замацаваным у абноўленым Кодэксе аб адукацыі, якія ўступяць у сілу з 1 верасня 2025 года.
Так, з новага навучальнага года пры наведванні вучэбных заняткаў навучэнцы абавязаны прытрымлівацца дзелавога стылю ў вопратцы, за выключэннем заняткаў па фізкультуры і працоўнага навучання.
Пашыраюцца магчымасці арганізацыі бясплатнага падвозу дзяцей. І што важна, падвоз магчымы не толькі на ўрокі, але і на мерапрыемствы ў шосты школьны дзень. Выключаецца па законе магчымасць дыстанцыйнага навучання ў іншых краінах пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі на тэрыторыі Беларусі. Уведзены новыя нормы пры здачы ЦТ, прадастаўлена магчымасць навучэнцам 10-11 класаў асвойваць адукацыйную праграму падрыхтоўкі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын. Шэраг змяненняў датычыцца размеркавання і пераразмеркавання выпускнікоў.
Падчас наведвання ўстаноў адукацыі парламентарый азнаёмілася з падрыхтоўкай да новага навучальнага года, добраўпарадкаваннем тэрыторый.Быў праведзены маніторынг работы прафарыентацыйнага лагера, які дзейнічае на базе Капаткевіцкай школы. Падчас наведвання дадзенай установы адукацыі, дэпутат падарыла школьнаму музею кнігу “Невядомыя старонкі вайны”, выданне якой стала магчымым дзякуючы дэпутацкаму корпусу краіны. У кнізе, па ініцыятыве Святланы Уладзіміраўны і ў выніку даследчай дзейнасці педагогаў установы адукацыі, размешчаны матэрыял пра ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, уражэнца Першай Слабодкі Пятра Андрэевіча Бяляцкага.


Па добрай традыцыі парламентарый прыняла ўдзелу ў акцыі “Збяры партфель першакласніку”. Святлана Уладзімраўна ўручыла заплечнік са школьнымі прыналеж-насцямі будучаму першакласніку Капаткевіцкай сярэдняй школы Мацвею Ганчару. Не застаўся без заплечніка да Дня ведаў і брат Мацвея, трэцякласнік Ягор. Таксама ад парламентарыя падарунак атрымала сястра хлопчыкаў, дзевяцікласніца Мілана.
Святлана Уладзіміраўна павіншавала першакласніка з новым этапам у жыцці, пажадала дзецям добрых адзнак, поспехаў у вучобе, імкнення да ведаў і мірнага неба над галавой.


У такую важную для краіны пару прадстаўнік улады наведала сельгаспрадпрыемствы раёна. На палетках БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” парламентарый уручыла падарунак самаму маладому камбайнеру гаспадаркі Дзмітрыю Качэлю, адзначыўшы ўклад маладога пакалення ў будучы каравай. Для ўдзельнікаў уборачнай парламентарый прывезла яшчэ адзін прэзент – вялікі кавун, які не толькі ўзняў настрой механізатарам, але і наталіў смагу.
– Мы разумеем, наколькі важная роля маладых людзей ва ўборцы ўраджаю. Кожны сабраны калосок, кожная высушаная тона зерня мае вялікае значэнне, як для нашага рэгіёна, так і для краіны ў цэлым, – адзначыла прадстаўнік улады.
Пад час наведвання акругі дэпутат удзяліла ўвагу маніторынгу гандлёвых аб’ектаў па продажу школьных тавараў, вывучэнню кошту і асартыменту тавараў, якія дастаўляюцца аўталаўкай у сельскую мясцовасць.
– Пытанне цэнаўтварэння вельмі важнае. Колькі беларусы выдаткоўваюць грошай на рэчы першай неабходнасці, прадукты харчавання, з’яўляецца паказчыкам узроўню дабрабыту насельніцтва, – адзначыла дэпутат. – Няўхільнае выкананне ўсімі зацікаўленымі структурамі даручэння Прэзідэнта аб недапушчэнні росту цэн, забеспячэнні жыхароў даступнай, якаснай і ў першую чаргу айчыннай прадукцыяй – гарант сацыяльна-эканамічнай стабільнасці краіны.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о