А вы правялі дзень без аўтамабіля?

0
48

22 верасня штогод адзначаецца Дзень без аўтамабіля. Асноўная мэта дадзенай акцыі – прыцягненне ўвагі да экалогіі. Кіроўцам прапануецца на 24 гадзіны адмовіцца ад паездак на ўласным жалезным кані.
Карэспандэнты “ПН” спыталі ў кіроўцаў Петрыкаўшчыны, як яны правялі гэты дзень і ці лёгка было адмовіцца ад звыклых “чатырох колаў”.

Юлія Туравец, бухгалтар Цэнтральнай аптэкі №95 Петрыкаўскага раёна:
Юлія – ​​кіроўца з 15-гадовым стажам. За гэты час на сваім Volkswagen Golf, якога яна ласкава называе ”Гольфік з Рамашкава”, яна аб’ехала амаль усю Беларусь. Але ў дзень акцыі ключы ад машыны засталіся дома.
– Надвор’е выдатнае, я з задавальненнем падтрымала акцыю, – падзялілася Юлія. – Перамяшчалася па горадзе на ровары.
Аўтамабіль для Юліі – гэта свабода падарожжаў на вялікія адлегласці, правераны сябар, які дапамог ёй убачыць славутасці нашай сінявокай Беларусі.
– Машына – гэта свабода, так. Але пешшу або на ровары – гэта іншая свабода: запаволіцца, адчуць, убачыць. І гэта таксама вельмі каштоўна, – дадае Юлія.

Васілій Міцура, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:
Акцыю падтрымліваюць не толькі звычайныя жыхары, але і прадстаўнікі сур’ёзных прафесій, для якіх транспарт з’яўляецца неад’емнай часткай працоўнай дзейнасці. Васілій Міцура у гэты дзень свядома прыйшоў на службу пешшу.
За плячыма Васілія – 22 гады вадзіцельскага стажу, што гаворыць пра вялікі вопыт. Аднак ён з задавальненнем падтрымаў акцыю і на асабістым прыкладзе паказаў прыхільнасць да здаровага ладу жыцця.
– Адмовіўшыся на некалькі дзён ад машыны, чалавек палепшыць экалагічную сітуацыю, і гэтыя дні з задавальненнем патраціць на сябе. Я лічу такія мерапрыемствы вельмі карыснымі – як для здароўя, так і для навакольнага асяроддзя, – падзяліўся сваім меркаваннем суразмоўца.

Ксенія Коль, культарганізатар і старшыня РС ГА ”БРПА” ДУА ”Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”:
– У апошні час стаяць такія цёплыя восеньскія дзянькі, што я з задавальненнем хаджу пешшу, – падзялілася Ксенія. – Нягледзячы на тое, што была магчымасць паехаць на працу на асабістым аўтамабілі, я свядома зрабіла іншы выбар. Учора ў сацыяльных сетках я прачытала пра Міжнародны дзень без аўтамабіля і вырашыла падтрымаць такую карысную акцыю. Так што сумясціла прыемнае з карысным: і надвор’е прыемнае, і ўнесла свой маленькі ўклад у ахову экалогіі. Ніякіх праблем у такой адмове не бачу. Петрыкаў – горад утульны, кампактны, можна хутка трапіць з аднаго месца ў іншае.
Як мы бачым, правесці дзень без аўтамабіля можна па-рознаму. Хтосьці цалкам адмаўляецца ад паездак, хтосьці сумяшчае неабходнасць з клопатам пра экалогію, выбіраючы ў гэты дзень ровар. Галоўнае – гэта задумацца аб неабходнасці такіх акцый і зрабіць свой уклад у добрую справу. А як вы правялі гэты дзень?

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о