9 чэрвеня адзначаюць сваё прафесійнае свята працаўнікі лёгкай прамысловасці

0
279

На Петрыкаўшчыне ў дадзенай галіне працуюць майстрыхі ўнітарнага прадпрыемства “Селюкі” і швейнага атэлье Петрыкаўскага камбіната бытавога абслугоўвання – вопытныя, творчыя і сумленныя зямлячкі. Усе яны карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам у жыхароў за свае адносіны да справы, кліентаў, уменне крочыць у нагу з часам. Напярэдадні падзеі мы наведалі швейнае атэлье, каб даведацца больш пра дружны калектыў, правераны часам і працоўнымі буднямі.

9 чэрвеня адзначаюць сваё прафесійнае свята працаўнікі лёгкай прамысловасціКалектыў, заняты швейнай справай у раённым КБА, невялікі – чатыры чалавекі. Гэта майстрыхі, рукі якіх шоў за швом, радок за радком спрытна спраўляюцца з кавалкам тканіны, ператвараючы яе ў швейныя і трыкатажныя вырабы, спецвопратку, здзейсняючы рамонт рэчаў ад насельніцтва.

Шмат гадоў выдатна спраўляюцца з тонкасцямі вытворчасці Таццяна Стрэльнікава, Людміла Машчанка, Аксана Нахаева, Алена Бараніч (на фота – злева направа). У скарбонцы іх заслуг падзякі, граматы, і галоўнае – цёплыя словы ад кліентаў. Для поспеху ў працы ў гераінь ёсць неабходныя складнікі. Усе яны ў свой час, пасля заканчэння ўстаноў адукацыі раёна, атрымалі адукацыю закройшчыка-краўца ў абласным цэнтры, прыехалі на малую радзіму і засталіся працаваць у абранай галіне. Суразмоўцы не шукалі іншых прафесійных шляхоў, а з году ў год удасканальвалі свае ўменні і навыкі, пераймалі досвед у старэйшых калег па цэху.

Сёння вопытныя швачкі могуць смела сказаць, што асвоілі гэтую тонкую і досыць карпатлівую работу, якая патрабуе засяроджанасці, уважлівасці і ўседлівасці. Іх уменне і адказнасць не засталіся незаўважанымі: на сённяшні дзень, акрамя заказаў ад насельніцтва, майстрыхі шыюць спецадзенне як для мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў, так і Мінскай, Гомельскай абласцей.

На пытанне, ці канкурэнтаздольныя іх вырабы на рынку працы, адказваюць так: новыя матэрыялы, дэкор, віды апрацоўкі і зборкі вырабаў асвойваюць своечасова, сур’ёзна і адказна падыходзяць да ўсіх працэсаў шыцця, у выніку чаго за месяц вырабляюць да ста камплектаў спецадзення. Пры размове, майстрыхі падзяліліся, што іх праца бывае даволі складаная. Кроіць, падбіраць дэталі, штабнаваць на машынцы – таксама навука. Каб якасна зрабіць заказ – трэба прыкласці нямала намаганняў. І такія намаганні яны робяць штодня, прыносячы станоўчыя эмоцыі кліентам і карысць дзяржаве.

Не забылі жанчыны ў гэты святочны дзень і пра сваіх першых настаўнікаў, ветэранаў галіны. Гераіні перадаюць словы ўдзячнасці і віншаванні Алене Яцка, Таццяне Казловіч, Наталлі Панцюк, Тамары Шапаравай, Соф’і Валодзінай, Людміле Гецьманчук, Святлане Траяноўскай, Наталлі Рудзько, якія раскрылі свае сакрэты рамяства, сваім прыкладам даказалі : швяя – прафесія для ўмелых і на ўсё жыццё.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о