Менталітэт беларускага народа знаходзіць адлюстраванне ў культуры і традыцыях. Адданасць гісторыі, збліжэнне з прыродай, цікавасць да звычаяў і традыцый прашчураў з’яўляюцца важнымі аспектамі нашага жыцця. Жыхары Петрыкаўшчыны не выключэнне. Шмат у нашым куточку творчых і таленавітых людзей. Амаль у кожным населеным пункце ёсць землякі, здольныя здзівіць сваім майстэрствам рукадзелля. Адна з такіх – жыхарка аграгарадка Пціч Ніна Стрэха.

Зямля, якой ты часцінка.

Апынуўшыся ў доме Ніны Паўлаўны, не хаваю здзіўлення і захаплення: ва ўсіх пакоях назіраецца адбітак творчай натуры гераіні. Жанчына ў акрузе славіцца як вышывальшчыца, і колькасці яе работ пазайздросціў бы любы музей. Навалачкі на падушках, ручнікі, карціны, сурвэткі, накідкі, кілімкі ўпрыгожаны рукатворнымі ўзорамі. Усе работы яркія і светлыя. Такое размяшчэнне вышыванак ніколькі не псуе сучасны інтэр’ер пакояў, а наадварот – надае ім асаблівы, непаўторны выгляд.

– Вышываю я з юнацкіх гадоў. Валодаць іголкай і ніткамі навучыла яшчэ мяне матуля, яна ж і перадала майстэрства вышыўкі гладдзю. Усур’ёз захапілася справай сорак тры гады таму, калі нарадзіўся першынец і з’явілася больш вольнага часу, – пачынае свой аповед жыхарка аграгарадка. – Падтрымала мае пачынанні і свякруха. У яе, у Лельчыцкім раёне, першы раз пазнаёмілася з працэсам вышывання крыжыкам. З тых часоў, як толькі выдавалася вольная хвілінка, – брала ў рукі пяльцы. З цягам часу пачала асвойваць самастойна новыя стылі нанясення ніткі на матэрыю.

Гаспадыня праводзіць мяне па прыгожых, утульных пакоях. У адным з іх раскладзены яе ранейшыя працы, на якіх раз-мясіліся неверагодныя рознакаляровыя суквецці. Немагчыма адвесці позірк ад немудрагелістых узораў. Відавочна, што жанчына валодае тонкім адчуваннем прыгажосці і гармоніі.

Вясковая майстрыха пры-знаецца: калі пачынала толькі вышываць  – выбару  матэрыялу для справы не было. Гэта цяпер можна набыць усё неабходнае для творчасці, “падгледзець” у інтэрнэт прасторы схемы нанясення ўзору.  Успамінае: былі часы, каб здабыць ніткі, куплялі дзіцячыя рукавіцы, распускалі іх, прапускалі праз пар, а тканінай служылі палатняныя мяхі.

– Чароўная іголачка зацягвае не толькі нітку, паступова яна “зацягвае” і майстра. Паспрабавала я гэтую справу – і не змагла ўжо ад яе адмовіцца, – дзеліцца сваімі думкамі Ніна Паўлаўна. – З цягам часу ў доме пачалі з’яўляцца вышытыя іконы, дываны, элементы вопраткі.

На маё пытанне, у чым сакрэт яе майстэрства, гаворыць: натхненне прыходзіць у звычайных, простых вобразах. Убачыла карцінку, яна спадабалася, намалявала на тканіне і пачынаю працаваць. Усё зразумелае і блізкае яе душы клалася на палатно. Прысутнічае жаданне хутчэй закончыць, каб убачыць вынік. Жанчына прызнаецца: калі пачынае нешта вышываць – спыніцца ёй цяжка. Можа сядзець над вышыўкай да поўначы, кожную дэталь прадумвае і ўкладвае ў яе душу. Так, з-пад яе рук вышлі рэчы, якія знайшлі сваё прызначэнне ў сем’ях дзяцей, знаёмых, сяброў. Не так даўно, на “Вечары сустрэчы выпускнікоў”, былым аднакласнікам падарыла па вышытай сваімі рукамі карціне. “Няхай мае работы засцерагаюць ад непрыемнасцей, нясуць радасць і добры настрой людзям”, – жадае зямлячка.

Вельмі цікавы чалавек і суразмоўца мая новая знаёмая. Павагі заслугоўвае  і яе  жыццёвы лёс. Родам з Багрымавіч, калі стварыла сям’ю, то  жыць сталі ў Пцічы. Кажа, другога кутка, акрамя Петрыкаўшчыны, дзе пражыць усё жыццё, і не разглядала. Нарадзіла і выхавала  пяцёра сыноў. Усе яны перанялі ад маці творчыя задаткі, гаспадарскі падыход да справы.  Суразмоўца – “багатая” бабуля, бо  мае адзінаццаць унукаў. Родныя наведваюць яе, не забываюць.

Заслугоўвае Ніна Паўлаўна павагі і ад аднавяскоўцаў. Працавітая, не абыдзе бокам, калі патрэбна дапамога. Доўгі час займала пасаду загадчыка гаспадаркай у мясцовай школе, а зараз працягвае дзейнасць ва ўстанове адукацыі ў якасці тэхнічнага работніка. Прывівае цікавасць да рукадзелля падрастаючаму пакаленню, бо лічыць, што беларусы не павінны страціць рамесніцкія традыцыі роднага краю. У вышыўцы яна знайшла сваю крыніцу натхнення, а калі знаходзіш справу па душы, жыць заўсёды цікавей.

Напрыканцы сустрэчы гэтая прыгожая жанчына з “залатымі” рукамі  бярэ ў рукі ніткі і кавалак тканіны. І я з хваляваннем назіраю,  як з  клетачак на тканіне вырысоўваецца вобраз, а пустое палатно запаўняецца фарбамі і ажывае.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о