На календары першыя дні вясны, а гэта значыць, што спецыялісты інспекцыі па насенняводстве і абароне раслін вядуць актыўную работу па падрыхтоўцы да пасяўной кампаніі. Гаспадаркі Петрыкаўшчыны да дадзенага каляндарнага перыяду ачысцілі і падрыхтавалі насенны матэрыял да працы і служба правярае яго на ўсходжасць, вільготнасць і наяўнасць хвароб. Карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” сустрэліся з калектывам раённай інспекцыі, каб даведацца пра планы сельгасарганізацый раёна, пра забяспечанасць іх насенным матэрыялам.
– Вызначыць якасць насення, яго вільготнасць, усходжасць, наяўнасць шкоднікаў перад тым, як яно трапіць у зямлю, праверка насення на гатункавыя і пасяўныя якасці – абавязковыя працэдуры, без іх правядзення пасяўной забаронена. Бо і ад гэтай працы ў тым ліку шмат у чым залежыць будучы ўраджай, – дзеліцца начальнік аддзела Пётр Новік. – Спецыялістам неабходна абследаваць кожную партыю, прадстаўленую гаспадаркамі ў лабараторыю, і, у выпадку неабходнасці, давесці яе да стандартных норм. Таму работа ў гэтым напрамку вядзецца ўжо з мінулай восені.
Па словах Пятра Васільевіча, пад яравыя, збожжавыя, каласавыя, зернебабовыя і крупяныя на 2024 год у раёне адведзена 5040 гектар. Усе гаспадаркі, акрамя ААТ “АграЛяскавічы”, на сваіх землях будуць вырошчваць авёс, зернебабовыя і гарох. Дадаткова: ААТ “Пціч-Агра” – ячмень і сою, КСУП “Чалюшчавічы” – грэчку, віку, сою, ААТ “Навасёлкі” – проса і сою, КСУП “Запаветы Ільіча” – проса. Асобныя словы пра СУП “Палессе-Аграінвест”: прадпрыемства практычна да ўсіх пералічаных культур плануе засеяць 300 гектараў пшаніцай. Усе гаспадаркі Петрыкаўшчыны будуць сеяць кукурузу на агульнай плошчы 15 200 гектараў, аднагадовыя культуры на плошчы 2 000 гектараў, шматгадовую траву на 9 704 гектарах.
– Як бачым, планы далёка ідучыя, і ад спецыялістаў інспекцыі па насенняводстве і абароне раслін залежыць важнае – якасць пасяўнога матэрыялу. Адзнака кандыцыйнасці, выпіска адпаведных пасведчанняў, афармленне рэкамендацый па ачыстцы, захоўванні, высеву – усё ў нашай кампетэнтнасці, – дзеліцца суразмоўца. – Насенны матэрыял кожнага сельгаспрадпрыемства старанна правяраецца адзін-два разы за сезон, даследаванні вядуцца 7-10 дзён. У выпадку неадпаведнасці паказчыкам, гаспадарцы выдаецца апавяшчэнне з рэкамендацыямі па ліквідацыі недахопаў. Для правядзення даследавання мы адбіраем па 1,2 кілаграма насення з партыі ў 60 тон збожжавых, травы – 0,2-0,5 кілаграма. Умовы для захоўвання ў гаспадарках забяспечаны, галоўнае, каб з ачысткай не было праблем: якасць насеннага матэрыялу напрамую залежыць ад стану ачышчальных ліній.
Са слоў спецыяліста, патрэбнасць насення па раёне сёлета складае 994 тоны, ачышчана – 1485 тоны. З іх 893 адпавядаюць стандартам. На сённяшні дзень практычна ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна забяспечаны сваім насенным матэрыялам. Ёсць неабходнасць у набыцці 100 тон элітнага зерня, але гаспадаркамі раёна плануецца набыць такога 320 тон. Якасць насеннага матэрыялу дазваляе разлічваць на атрыманне добрай ураджайнасці. Аграрыі выдатна разумеюць, што высакаякаснае гатункавае насенне – гэта аснова добрага ўраджаю, таму ўсе гаспадаркі павінны набыць пэўную колькасць эліты. Для гэтага закупляюць высокае рэпрадуктыўнае насенне з першага ўраджаю, даводзяць яго да патрэбных пасяўных кандыцый. Гэтую работу ўжо выканаў СУП “Палессе-Аграінвест”, закупіўшы 91 тону элітнага насення пшаніцы, ячменю, аўса ў сельгаспрадпрыемствах Гродзенскай, Мінскай, Гомельскай абласцях. Да наступлення вясновай сяўбы яравых збожжавых астатнія гаспадаркі таксама набудуць неабходную колькасць элітнага насення ў арганізацыях вобласці і рэспублікі
– Падрыхтоўка насення патрабуе асаблівай увагі, – дадае Пётр Васільевіч.– За кошт высокай якасці прыбаўка ўраджаю можа скласці да 15-20%. Вядома, пры ўмове захавання ўсіх тэхналагічных патрабаванняў пры сяўбе. Ад таго, як гаспадаркі папрацуюць у дадзеным напрамку зараз, залежыць вынік пры ўборцы.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара
Оставить комментарий