Зямля – наш скарб

0
594

СЁННЯ – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ ЗЕМЛЕЎПАРАДКАВАЛЬНАЙ І КАРТОГРАФА-ГЕАДЭЗІЧНАЙ СЛУЖБЫ

Зямля – наш скарбУ 2025 годзе калектыў аддзела землеўпарадкавання Петрыкаўскага райвыканкама папоўніўся маладым спецыялістам. Аляксей Крышчук прыйшоў на пасаду галоўнага спецыяліста аддзела, прынёсшы з сабой не толькі глыбокія веды, а і непахіснае жаданне эфектыўна працаваць па выбранай прафесіі.

– На тых, хто звязаў сваё жыццё з землеўпарадкавальнай службай, ляжыць вялікая адказнасць, – пачынае размову Аляксей Васільевіч. – Зямля – гэта нацыянальны скарб, і праца на ёй мае стратэгічнае значэнне для развіцця як рэгіёна, так і краіны.
Наш герой вырашыў звязаць сваё прафесіянальнае жыццё з такой адказнай справай пасля заканчэння Жыткавіцкай сярэдняй школы № 2 імя А.У. Галавача. Ужо з падлеткавага ўзросту юнак праяўляў цікавасць да тэмы экалогіі і прыродных рэсурсаў.

Пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі падаў дакументы ў Беларускую дзяржаўную ордэнаў Кастрычніцкай рэва-люцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчую акадэмію на спецыяльнасць “Землеўпарадкаванне”. Вышэйшую ўстанову малады чалавек закончыў з чырвоным дыпломам, што сведчыць пра яго здольнасці, стараннасць і глыбокае засваенне матэрыялу падчас навучання. Сам спецыяліст прызнаецца, што акадэмія дала яму не толькі тэарэтычныя веды, але і сістэмнае мысленне, уменне аналізаваць складаныя сітуацыі і знаходзіць аптымальныя рашэнні.

– У мінулым годзе я быў накіра-ваны на працу ў Петрыкаўскі раён. Цёплы прыём у калектыве, прапанаванае добраўпарадкаванае жыллё, суседства раёна з малой радзімай – усё гэта спрыяла хуткай адаптацыі на новым месцы, – працягвае суразмоўца. – Мне падабаецца працаваць па выбранай прафесіі. Канечне, трэба пэўны час і практычныя навыкі, каб добра валодаць справай, але ў гэтым дапамагаюць мне калегі з аддзела.

Малады чалавек прызнаецца: – Петрыкаўшчына зачаравала багаццем незабыўных пейзажаў. Але за гэтай прыгажосцю, у тым ліку, стаіць надзвычай важная праца работнікаў службы, якія нясуць адказнасць за кожнае рашэнне, звязанае з зямельнымі пытаннямі.

Хочацца пажадаць маладому чалавеку, каб Петрыкаўшчына стала для яго не проста першым месцам працы, а сапраўды другім домам. Каб адчуваў Аляксей сябе камфортна і ўпэўнена, змог раскрыць свой патэнцыял і ўнесці ўклад у развіццё нашага краю.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о