Як толькі наша краіна стала на свой шлях развіцця, вырабляць тавары са знакам якасці – стала адной з ключавых задач. Беларуская прадукцыя даўно зрабіла сабе імя, карыстаецца попытам далёка за межамі нашай краіны і годна канкурыруе з імпартнымі таварамі. А якім таварам айчыннай вытворчасці сваю высокую ацэнку даюць жыхары Петрыкаўшчыны?
Вольга Ладнова, жыхарка Петрыкава:
– Многія тавары беларускай вытворчасці выклікаюць давер. Так як я ўраджэнка Віцебска, пачну з абутку фірмы “Марка”. Прыгожа, зручна, надоўга. Шырокі выбар мадэляў і, што немалаважна, – часта бываюць зніжкі. З нядаўняга часу адкрыла для сябе рэчыцкі тэкстыль. Раю гаспадыням звярнуць увагу на пасцельную бялізну, лазневыя і кухонныя ручнікі дадзенага вытворцы. Тавар выдатнай якасці: з часам выраб не губляе колер, прыемны навобмацак.
Кожнай зямлячцы важна быць не толькі добрай гаспадыняй, але і прывабнай жанчынай. “Беліта” і “Вітэкс” – тое, што трэба пры выбары крэмаў. Не раз назірала, як айчынную касметыку купляюць у падарунак сваякам, сябрам. І ўпакоўка прадукцыі прыгожая.
Мікалай Голік, жыхар Петрыкава:
– Я, як большасць мужчын, люблю мясную прадукцыю. У выбары спыняюся на прапановах Гомельскага і Жлобінскага мясакамбінатаў.
Гаворачы пра беларускія тавары, хачу звярнуць увагу на адзін факт. Некаторыя людзі, бачачы на паліцах крам прыгожае шкло і фарфор, і не здагадваюцца, што такую шыкоўную прадукцыю прапануе Добрушскі фарфоравы завод і гродзенскі “Нёман” – адзінае прадпрыемства ў Беларусі з векавымі традыцыямі шкловарэння. А ведаць айчынных вытворцаў трэба. Так як і мясцовых. Прадукцыя Петрыкаўскага хлебзавода сярод многіх жыхароў Гомельшчыны доўгія гады славіцца сваімі смакавымі якасцямі, і землякі імкнуцца набыць яе да стала.
Таццяна Фешчанка, жыхарка аграгарадка Грабаў:
– На самой справе ў Беларусі вырабляюць шмат якасных тавараў. На першым месцы, ў прыватнасці для мяне, – беларускія прадукты харчавання. Малочная прадукцыя наша самая смачная: рагачоўская згушчонка, малако, сыры, “Савушкін прадукт” сталі любімымі як для дзяцей, так і для дарослых. Не магу не згадаць пра прысмакі. Цукеркі і шакалад “Спартака”, “Камунаркі”, нараўлянскія зефір і пасціла заўсёды смачныя і з добрым складам.
Калі гаварыць пра вопратку, то вельмі падабаецца “Світанак”. Мадэлі цікавыя, прычым прадпрыемства не абмяжоўваецца адной лінейкай, можна абраць адзенне і жанчынам, і мужчынам, і дзецям. Калі гаварыць пра айчынную прадукцыю, неабходна адзначыць яшчэ адзін важны момант – кошт, які прыемлімы для беларусаў.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий