Нагодай для напісання артыкула стаў Міжнародны дзень абароны дзяцей.
Напярэдадні свята мы наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу Віктара і Жанны Зізюк – месца, дзе кожнае дзіця ахінута цяплом і клопатам, адчувае сябе часткай вялікай дружнай сям’і.
– Кожнае дзіця – гэта маленькі свет, поўны святла і надзеі, – дзеліцца Жанна Іванаўна. – Калі дзяўчынкі і хлопчыкі ўпершыню пераступаюць парог нашага дома, мы стараемся зрабіць так, каб яны адчулі і зразумелі: тут ім рады, тут яны абаронены і любімыя.
За 17 гадоў існавання сямейнага дома праз пяшчотныя рукі нашых герояў прайшло больш за 40 дзяцей. Сёння старэйшыя з падапечных ужо маладыя бацькі. На дадзены момант у сям’і выхоўваецца 10 дзяцей.
Жанна Іванаўна расказвае, як важна падарыць дзецям не толькі прытулак, але і цяпло чалавечых адносін. “У кожнага з нашых дзетак свая гісторыя, свае перажыванні і страхі, свае надзеі і мары. Мы вучым іх давяраць, верыць у сябе і будаваць уласную будучыню. Прыемна назіраць, як яны сталеюць, становяцца самастойнымі і шчаслівымі – гэта лепшая ўзнагарода”, – гаворыць прыёмная матуля.
На пытанне: з чаго складаецца іх звычайны дзень і як атрымліваецца ўсё паспяваць – суразмоўніца адказала так: ”Наш дзень праходзіць як звычайна ва ўсіх сем’ях, у якіх ёсць дзеці. У добрае надвор’е стараемся па максімуме правесці час на свежым паветры. Свой дзень я планую, але, каб усё паспяваць, без дапамогі дзетак, вядома, не абыходзімся. У кожнага свае абавязкі. Дапамагаюць і з хатняй гаспадаркай, цяпер у нас толькі куры і гусі, раней былі свінні і каровы. Сумаваць нам не даводзіцца. Па выхадных я вучу дзяўчынак гатаваць, любім ладзіць шашлыкі. Дзеці праводзяць час на свежым паветры, тэрыторыя домаўладання дазваляе. Тут ёсць і арэлі, і батут, і альтанка, для зусім маленькіх – пясочніца, а зусім нядаўна для дзяцей муж зрабіў вялікае футбольнае поле.”
У летнія спякотныя дні ўсё сямейства выбіраецца на збор чарніц. Кожны хоча сабе падзарабіць. Мінулым летам сям’я аб’ехала амаль ўсе славутасці Беларусі. Так дарослыя прывіваюць дзецям любоў да Радзімы.
– Мы верым, што кожнае дзіця заслугоўвае толькі шчаслівай будучыні, поўнай магчымасцяў, і наша задача – дапамагчы ім ў гэтым, – падкрэслівае Жанна Іванаўна.
Міжнародны дзень абароны дзяцей – нагода ўспомніць пра тых, хто мае патрэбу ў нашай падтрымцы і ўвазе.
Дзіцячы дом сямейнага тыпу сям’і Зізюк – жывы доказ таго, што любоў і клопат здольныя тварыць цуды, дорачы дзецям шанец на шчаслівую і яркую будучыню.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.
Оставить комментарий