17 снежня адзначаецца Дзень беларускага кіно.
У гэты дзень святкуецца развіццё айчыннага кіно: ад класічных кінастужак, такіх як “Лясная быль”, да сучасных карцін, якія ўдзельнічаюць у міжнародных фестывалях.

З такой нагоды мы хочам успомніць пра фільм, які атрымаў прыз за захаванне нацыянальных традыцый у кіно на фестывалі “Залаты Брыг” (Брыганціна) у 2008 годзе, а таксама лідыраваў у рэйтынгу гульнявога кіно на Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”.
Гэта фільм “На спіне ў чорнага ката”. Калі запытаць у жыхароў Петрыкаўскага раёна ці ведаюць яны гэтую кінастужку, бадай кожны адкажа станоўча, бо яго здымалі ў нас.
Менавіта так: палова фільма знята ў вёсках Дарашэвічы, Макарычы, Галубіца і ў садзе каля вёскі Бяланавічы. Жыхары гэтых вёсак і самадзейныя музыканты сталі артыстамі масавых сцэн. Землякі дапамагалі здымачнай групе вырашаць і тэхнічныя пытанні. Удзел у здымках дазволіў сяльчанам адчуць прыналежнасць да “кінаіндустрыі”.
Самая вялікая група масоўкі былі дзеці, большасць з Ляскавіцкай школы, іх нават адпускалі з заняткаў.
У галоўнай дзіцячай ролі здымалася ўнучка Прэзідэнта, Віка Лукашэнка, ад яе імя вёўся аповед у фільме, – гэта ведаюць усе. А вось, што яе дублёрам была дзяўчынка Маша, а зараз карэспандэнт газеты “Петрыкаўскія навіны” Марыя Тамко – вядома не ўсім.
Што цікава, але чорны кот таксама з нашага раёна. На пачатку здымак ён проста неяк містычна з’явіўся перад здымачнай групай, пазбавіўшы яе ад пошуку галоўнага пухнатага героя. Кот вельмі адказна выконваў сваю ролю, а пасля здымак гэтак жа загадкава знік. Мясцовыя жыхары пазней казалі, што кот жыве ў вёсцы Дарашэвічы.
Прэм’ера фільма “На спіне ў чорнага ката” таксама была незвычайная: не ў сталічных кінатэатрах, а ў кіназале вёскі Ляскавічы. Жадаючых было вельмі шмат, таму паказаў прыйшлося рабіць два. Жыхары з цікавасцю ўглядаліся ў кадры і пазнавалі мясціны, сябе ці суседа.
Каму як, а мне падаецца, што галоўны герой у гэтым фільме не дзед Лёха ці Саня, не чорны кот і нават не ўнучка, якую цудоўна сыграла Віка Лукашэнка, а наша Прыпяць: магутная, шырокая і маляўнічая. Яна літаральна зачаравала здымачную групу, якая шукала “натуру” па ўсёй Беларусі. Рэжысёр Іван Паўлаў сказаў, што калі яны ўбачылі нашы мясціны, адразу зразумелі: вось яно тое, што патрэбна!
Здымаўся фільм 17 гадоў таму, але ніхто не перашкаджае ў Дзень беларускга кіно паглядзець яго яшчэ раз і пасмяяцца над прыгодамі свавольнікаў-дзядоў, зноў знайсці сябе ці суседа на экране і, канечне, палюбавацца на нашу цудоўную палескую прыроду.
Цікавага прагляду!
Надзея Сігай.






Оставить комментарий