У дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петрыкаве адкрылі абноўлены будынак аддзялення Дэпартамента аховы.
Урачыстая цырымонія прайшла з удзелам начальніка Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь генерал-маёра міліцыі Аляксандра Шэпелева, начальніка абласнога ўпраўлення аховы МУС палкоўніка міліцыі Віталія Дзевяцілава, старшыні райвыканкама Аляксандра Верамеева, прадстаўнікоў сілавога блоку Гомельшчыны, духавенства.
– Кожнае абнаўленне – гэта гонар і радасць як у жыцці чалавека, так і ў нашай службе. Па ўсёй краіне ў падраздзяленнях Дэпартамента аховы праходзіць мадэрнізацыя будынкаў і абнаўленне тэхнікі. Асабліва хачу адзначыць, што шмат што ў Петрыкаўскім аддзяленні было зроблена сіламі саміх супрацоўнікаў. Для вас гэта другі дом, менавіта ваша адданасць і працавітасць зрабілі яго такім, якім мы яго бачым сёння”, –падкрэсліў начальнік Дэпартамента аховы генерал-маёр міліцыі Аляксандр Шэпелеў.
За час рамонту тут створаны максімальна камфортныя ўмовы і ўстаноўлена найноўшае абсталяванне, што дасць магчымасць праваахоўнікам якасна выконваць службовыя абавязкі.
У падарунак да адкрыцця будынка начальніку Петрыкаўскага аддзялення Дэпартамента аховы падпалкоўніку міліцыі Уладзіміру Забродскаму ўручаны сертыфікат на атрыманне службовага аўтамабіля.
Цеснае супрацоўніцтва царквы і праваахоўных органаў ужо доўгія гады з’яўляецца моцным фундаментам для добрых спраў у грамадстве. Протаіерэй Ігар –настаяцель Храма ў гонар Архістраціга Божыя Міхаіла перадаў начальніку Петрыкаўскага дэпартамента ікону. Да ўсяго іншага царкоўнай граматай узнагароджаны міліцыянер-кінолаг групы затрымання Уладзіслаў Жывула і міліцыянер узвода міліцыі Вадзім Вашкевіч.
За дасягненне высокіх вынікаў у службе і ўзорнае выкананне абавязкаў узнагароды атрымалі супрацоўнікі і ветэраны службы.
Нагрудным знакам “ЗА ЗАСЛУГІ” Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС узнагароджаны Мікалай Цішкевіч, Вячаслаў Басюк, Аляксандр Кулак і шэраг іншых праваахоўнікаў вобласці.




Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.








Оставить комментарий