Днямі наш карэспандэнт прысутнічаў на цырымоніі ўрачыстай рэгістрацыі нованароджанай. Пры ўсёй сваёй, здавалася б, афыцыйнасці, мерапрыемства было цёплым і па-сямейнаму ўтульным, з падарункамі і шчырымі віншаваннямі.
Шчаслівыя бацькі Уладзімір і Аляксандра Новік за пасведчаннем аб рэгістрацыі нованароджанага звярнуліся ў ЗАГС у трэці раз. У сям’і ўжо выхоўваюцца два сынкі: сямі і трох з паловай гадкоў. На гэты раз маладыя бацькі рэгістравалі дачушку з незвычайным і надзвычай прыгожым імем Міра. Маленькая петрыкаўчанка нарадзілася напэрэдадні дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці, а пасведчанне аб нараджэнні атрымала ў дні святкавання векавога юбілею раёна. Магчыма, для кагосьці гэта проста даты календара, аднак нам хочацца бачыць у гэтым прыгожым супадзенні і спалучэнні знакавых падзей будучы яркі, актыўны і шчаслівы лёс нашай маленькай зямлячкі. Бацькі Міры пабраліся шлюбам 11 гадоў таму. На пытанне ці планавалі шматдзетную сям’ю, адказалі ў адзін голас са шчырай усмешкай “не”, і тут жа дадалі: аднак жаданне мець дачушку планы змяніла.
Уладзімір і Аляксандра і ў сілу прафесійных абавязкаў маюць справу з дзіцячымі лёсамі, іх поспехамі і расчараваннямі, радасцю і болем. Так, Аляксандра па прафесіі настаўнік, Уладзімір жа працуе інспектарам у інспекцыі па справах непаўналетніх.
Малады шматдзетны бацька пазначыў: “Дзеці – гэта вялікае шчасце. Пры гэтым, быць бацькамі – вялікая адказнасць. А так як мы з Аляксандрай плануем быць вельмі добрымі бацькамі, то і ступень адказнасці сваю перад дзецьмі і дзяржавай за іх выхаванне, як пазначыла начальнік аддзела ЗАГС Ганна Туравец, добра разумеем”.
У гэты шчаслівы для сям’і дзень раздзяліць з імі радасць завіталі старшыня раённага аддзялення Гомельскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” Мікалай Семяніцкі і старшыня райарганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Святлана Блінец. Лідары грамадскіх арганізацый пажадалі бацькам і нованароджанай моцнага здароўя, толькі сонечных дзён у жыцці, многа шчасця, радасці і, канешне ж, мірнага неба над галавой.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий