Жыццёвая філасофія Веранікі Міцкевіч

0
1816

У прафесіі ўрача (не важна, лечыць ён чалавека ці жывёлу) не можа быць месца абыякавасці. Такога меркавання прытрымліваецца Вераніка Міцкевіч. Сёння наша гісторыя – гэта не проста артыкул пра прафесіянала, але і пра жанчыну, якая здолела ўвасобіць сваю галоўную мару, злучыўшы любячую сям’ю, пакліканне і бізнес у адно гарманічнае цэлае.

З першых хвілін размовы з Веранікай адчуваецца яе незвычайная энергія і шчырасць. Вераніка Мікалаеўна – ветэрынарны ўрач, індывідуальны прадпрымальнік, любячая жонка і маці, шчыры чалавек з вялікім сэрцам. Яна належыць да таго тыпу людзей, якія не баяцца марыць і, што немалаважна, упарта ідуць да сваёй мэты.

Пакліканне, што стала справай жыцця
Гераіня з дзяцінства ведала, што яе прафесійнае жыццё бу-дзе звязана з дапамогай братам нашым меншым. Скончыўшы Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, свой шлях яна пачала, як і многія, з размеркавання – працавала ветэрынарным урачом на МТК у Буда-Кашалёва.
– Пасля адпрацоўкі быў досвед працы асістэнтам ветэрынарнага ўрача, атаскапістам у адной з ветэрынарных клінік Санкт-Пецярбурга, дзе набывала новы досвед і ўдасканальвала майстэрства, – успамінае Вераніка Мікалаеўна. – Але, прызнаюся шчыра, сумавала па малой радзіме. Вярнуўшыся ў Петрыкаў, уладкавалася на працу ў раённую ветэрынарную станцыю. Аднак мара аб прадпрымальніцтве і ўласным кабінеце, дзе можна цалкам рэалізаваць свае веды і падыход да пацыентаў, не згасала ніколі.

Здзяйсненне мары
Стварэнне бізнесу – гэта заўсёды выклік, асабліва для жанчыны. Але Вераніка Мікалаеўна змагла пераадолець усе цяжкасці, дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці, працавітасці і веры ў сваю справу.
Мара стала набываць рэальныя абрысы, калі ў жанчыны з’явілася сваё памяшканне – будынак, які дастаўся ёй ад бацькі практычна ў цэнтры горада, каля базарнай плошчы. Апошні год быў часам тытанічных намаганняў. Днём – праца ў ветстанцыі, увечары і ноччу – рамонт памяшкання. У гэтым ёй стаў надзейнай апорай муж Уладзімір, які дапамагаў ва ўсім. І вось 4 лістапада мінулага года шыльда «Ветэрынарны кабінет» запалілася. Тут ветэрынарны ўрач прымае сваіх маленькіх пацыентаў сама: робіць складаныя аперацыі коткам і сабакам, аказвае хірургічныя і стаматалагічныя паслугі, праводзіць прафілактычныя агляды. Пацыенты бываюць розныя: трусы, марскія свінкі, хамякі, пацукі і нават спартыўныя галубы. Днём – ветэрынарны ўрач працуе на ветстанцыі ў лабараторыі, а потым – спяшаецца ва ўласны кабінет.
– Я рада дапамагчы заўсёды, днём і ноччу, – усміхаецца суразмоўца. – Калі ў цябе свая справа, справа ўсяго жыцця, слова “графік” становіцца ўмоўным.

Не толькі прадпрымальнік
Вераніка Мікалаеўна – клапатлівая жонка і маці дваіх чароўных дзетак Лізаветы і Міколы. Яна здолела знайсці залатую сярэдзіну паміж кар’ерай і сямейным жыццём, што для многіх жанчын з’яўляецца складанай задачай.
– Сям’я – гэта мая галоўная падтрымка і натхненне, – са шчырай усмешкай дзеліцца мая гераіня. – Я заўсёды стараюся прысвячаць час сваім дзецям, быць побач з імі.
Нават з такім шчыльным графікам яна паспявае вадзіць іх у садок, на гурткі, знаходзіць час і на шпацыры па горадзе. Яе аддушына – рыбалка з мужам Уладзімірам. Ёсць час і на павышэнне кваліфікацыі. Зусім нядаўна яна праходзіла навучанне ў Маскве, каб быць у курсе самых сучасных методык. Вераніка таксама з’яўляецца супрацоўнікам дабрачыннай арганізацыі “ЗооШанс”, дапамагаючы бяздомным жывёлам.

Планы на будучыню
У нашай гераіні няма часу на прыпынкі. Ужо зараз яна будуе новыя планы: атрыманне ліцэнзіі, адкрыццё ўласнай ветэрынарнай аптэкі і закупка новага сучаснага абсталявання. Яе энергія здаецца невычэрпнай.
Вераніка Мікалаеўна – выдатны прыклад сучаснай беларускай жанчыны: мэтанакіраванай, любячай, працавітай. Яе утульны ветэрынарны кабінет – гэта не проста бізнес, а астравок надзеі, здароўя і любові для ўсіх хвастатых і вусатых жыхароў Петрыкаўшчыны, створаны сэрцам, верным свайму пакліканню.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о