Лёс чалавека часам складаны і непрадказальны. Адны жывуць, як нам здаецца, лёгка і бесклапотна, у іншых жыццёвая дарога поўная выпрабаванняў і перашкод.
Алена Іванаўна Браім за сваё жыццё зведала нямала цяжкасцей, бо час, у які нарадзілася і сустракала маладосць наша гераіня, сам па сабе ўжо цяжкі.
– Нарадзілася я ў 1945 годзе ў вёсцы Піліпоны. У сям’і нас было чацвёра: 2 браты і 2 сястры. Маці працавала ў школе тэхнічкай, а бацька ўсё сваё жыццё прысвяціў прафесіі кузняца. Дарэчы, сапраўднае прозвішча нашай сям’і часам людзі забывалі, мяне і зараз усе называюць Лена Кузняцова. Кузня бацькі знаходзілася таксама ў Піліпонах, побач з нашай хатай. У памяці засталіся моманты, калі бацька нацягваў шыны, а праца гэта нялёгкая, аднаму не справіцца, таму на дапамогу ішлі мы, дзеці. Шчыра скажу, не заўсёды атрымлівалася ў нас рабіць так, як нам гавораць.
У сваёй справе Іван Браім меў сапраўдны талент. Рабіў і вазы, і плугі. Нават зараз, калі пад’язджаеш да дома Браімаў, вісяць яго нарыхтоўкі, а ім, дарэчы, нямала гадоў.
Іван Аляксандравіч быў і удзельнікам вайны, але дзецям расказаў пра гэта мала, бо цяжка было ўспамінаць. Тры разы быў ранены, пасля вайны узнагаро-джаны ордэнам 2 ступені.
– На жаль, калгас прыпыніў сваё існаванне, – працягвае аповед Алена Іванаўна, – і, як вы разумееце, кузня ў Піліпонах ужо нікому не трэба была, бо ў Ляскавічах пабудавалі сваю. Бацьку прапаноўвалі таксама перавезці сям’ю і хату туды, але маці была супраць. Таму бацька яшчэ нядоўгі час адпрацаваў брыгадзірам.
Што да майго жыцця, яно было таксама нялёгкім. У 6 гадоў пайшла ў школу ў вёсцы Піліпоны. 4 класы правучылася тут, а потым пачала хадзіць у Брынёўскую школу. Усяго скончыла 7 класаў, бо трэба было ісці працаваць. На шчасце, у Брынёве пачала дзейнічаць вячэрняя школа і гэта дало магчымасць скончыць усе 10 класаў. Раніцай хадзіла на работу, вечарам – у школу. Працоўнага вопыту у мяне нямала, так скажам: у паляводчай брыгадзе адпрацавала нядоўга, потым падлікоўцам, то касіра замяняла, а потым угаварылі ісці на ферму даяркай, я згадзілася. Там працавала дзесьці 5 гадоў. Потым прапанавалі месца брыгадзіра па маладняку. Працавала на гэтым месцы 32 гады, да самай пенсіі. Работа была цяжкая, пра графік гаварыць нельга, бо яго і не было: працавала і на выходныя, і ў адпачынак не хадзіла ні разу. Памятаю, аднойчы далі мне усё ж такі адпачынак, ну я і сабралася ў Гродна да брата. Прыбеглі з фермы і сказалі, што цяля захварэла, ну куды я ўжо паеду. Так і прапаў мой адпачынак.
Калі працавала брыгадзірам, паралельна з’яўлялася і дэпутатам: спачатку мясцовага савета, потым раённага. Узнагародзілі мяне і медалём “За працоўную доблесць”.
Калі выйшла на пенсію, то да мяне прыходзіў дырэктар фермы, прапаноўваў зноў вярнуцца да працы брыгадзірам, але на той момант бацька захварэў, трэба было ўжо яго даглядаць. І, шчыра кажучы, стамілася я ўжо, кожны дзень хадзіць з Піліпонаў у Брынёў, а бывала і па 3 разы трэба было бегаць, бо дома чакала гаспадарка: і парасят трымалі, і кароў. Бацька мой пражыў 102 гады, маці толькі 82.
Зараз мая праца не менш адказная: клапаціцца пра ўнукаў і праўнукаў. У мяне 2 унучкі і 5 праўнукаў.
Наша пакаленне зведала многа выпрабаванняў на жыццёвым шляху. Зараз у моладзі больш магчамысцей пражыць гэта жыццё так, як яны хочуць, таму гэтым трэба карыстацца і ні ў якім разе не наракаць на жыццё, бо жывем у міры і згодзе, а што яшчэ трэба для шчасця?
Анастасія ФЕЛЬКІНА. Фота аўтара.
Оставить комментарий