У саставе дэлегацыі Петрыкаўскага раёна на абласных Дажынках, што праходзяць сёння ў гарадскім пасёлку Карма – трактарыст-машыніст ААТ “Чалюшчавічы” Уладзімір Бажок. Мы сустрэліся з аграрыям напярэдадні ўрачыстасці і распыталі ў яго пра жыццё і шчырую працу.
– Сам я галоўчыцкі. Маю чатырох сясцёр і двух братоў. Калі мне было 10 гадоў, сям’я засталася без бацькі і з гэтага часу, можна сказаць, пачалася мая праца, бо трэба было дапамагаць маці. Праз пэўны час я, як кажуць, прыкіпеў да сельскагаспадарчай тэхнікі. Яно і не дзіва: бацька быў трактарыстам, і два старэйшыя браты таксама. Багата часу я праводзіў на палетках са старэйшымі таварышамі, што ўжо працавалі механізатарамі на мясцовых палетках, што і прадвызначыла мой выбар прафесіі, – распачынае свой аповед Уладзімір Раманавіч.
Пасля заканчэння Калінкавіцкага ПТВ № 51 мужчына працаваў у навасёлкаўскай гаспадарцы. Потым была служба ў Савецкай Арміі, пераезд у Мінск і ўладкаванне трактарыстам на завод “Керамін”. Але разам з жонкай Уладзімір Бажок вырашыў перабрацца бліжэй да роднай яму зямлі і з 1988 года нязменна працаваў у капаткевіцкай гаспадарцы, якая не так даўно была далучана да ААТ “Чалюшчавічы”. Дарэчы і абранніца Уладзіміра Ірына таксама аддала 17 гадоў свайго жыцця рабоце ў аграрнай галіне.
“З пачатку палявых работ я быў заняты на сяўбе кукурузы. Зараз на сваёй “восемдзесятдвойцы” з паўпрычэпам ПСТ-9 займаюся перавозкай зялёнай масы і, канешне, раздаю корм нашым рагулям. З надыходам зімовага перыяду працы стане заўважна менш, але гэта не значыць, што работа будзе не такой важнай. Пакарміць жывёлу, выправіцца на перавозку па гаспадарчых справах нашага прадпрыемства і, вядома, тэрмінова вывозіць арганіку з хлявоў, якой, напрыклад, летась у нас было ажно 70 тысяч тон – усё гэта таксама адказны ўчастак працы”, – дзеліцца аграрый.
За свойскай гутаркай, 62-гадовы мужчына, хоць і не адразу, прызнаўся, што чакае сканчэння палявога сезону, бо ў час адпачынку ён ужо з нецярпеннем чакае, калі выправіцца на ўлюблёны промысел – рыбалку. “Лаўлю рыбу я хіба не па ўсяму раёну. У наваколлі аблюбаваў урочышча Ракаў, таксама наведваюся да вёсак Багрымавічы, Конкавічы, Дземенка. Вось і грыбы ўжо, кажуць, у лесе з’явіліся – значыцца таксама трэба наведаць свае лясныя паляны, традыцыйна багатыя на дары прыроды. Увогуле, я лічу, што жыццё – гэта рух. Як толькі перастаеш рухацца, нечым займацца, задавальняць сябе шчырай працай, адразу пачынае падводзіць здароўе. Таму на месцы нікому б сядзець не раіў, заўсёды можна знайсці рухомы і карысны занятак па душы”, – дзеліцца думкай суразмоўца.
На днях, дырэктар гаспадаркі Сяргей Ракіцкі паведаміў свайму падначаленаму, што за шчырую працу механізатар будзе ўзнагароджаны пуцёўкай у санаторый. “Вось і яшчэ адзін занятак у адпачынку з’явіўся і гэта выдатна – з’езджу на аздараўленне. Балазе дзве дачкі мае ўжо дарослыя, уладкаваліся ў жыцці, стварылі сем’і і радуюць сваім наведваннем разам з унукамі. А я, прызнацца, за 42 гады працы быў у санаторыі толькі адзін раз, і тое 2 гады таму. Ведаеце, хлеб працаўніка палеткаў лёгкім не назавеш, ды і ў больш маладыя гады ўсё жадаеш паспець, не зважаючы на адпачынак. Іншая справа зараз, можна крыху і дзеля сябе пажыць”, – разважае механізатар.
Чакае Уладзімір Раманавіч і лета, калі да яго прыедуць унукі і традыцыйна пачнуць цікавіцца працай дзядулі, папросяць, каб ён пракаціў іх на сваім “Беларусе” і дазволіў пасядзець на руках за рулём жалезнага каня. У гэтым кругавароце сціплых, але такіх цёплых падзей і ёсць сэнс жыцця нашага героя.
Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий