Аддзел ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама падвёў вынікі паўгоддзя. Падрабязнасці – у нашым матэрыяле.
У пачатку размовы начальнік аддзела Ганна Туравец нагадала, што ЗАГСам рэгіструюцца не толькі акты стварэння сям’і, з’яўлення дзяцей, разводу і смерці, а і выдаюцца паўторныя пасведчанні і даведкі з архіву аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, па ўнясенні змяненняў і выпраўленняў у актавыя запісы, рэгіструюць актавыя запісы аб устанаўленнi бацькоўства, рэгіструюць усынаўленне і ўдачарэнне, перамену імя фізічнай асобай.
Хлопчыкаў больш
Што да сёлетніх паказчыкаў, то з пачатку года насельніцтва нашага раёна павялічылася на 97 чалавек.
Гендэрную пальму першынства на Петрыкаўшчыне ў першым паўгоддзі ўтрымалі хлопчыкі, іх нарадзілася 53, а дзяўчынак – 44. З 97-мі новых жыхароў раёна, 59 нарадзіліся ў сельскай мясцовасці, 38 – у раённым цэнтры. Шчасце ўпершыню стаць бацькамі спазналі ў 38 сем’ях, а статус шматдзетнай сям’і, дзякуючы нараджэнню 3-га дзіцяці, атрымалі 23 сямейныя пары.
Самымі багатымі на нованароджаных сярод сельсаветаў сталі: Петрыкаўскі сельвыканкам, у якім у першым паўгоддзі бягучага года нарадзіліся 11 немаўлят, Капаткевіцкі сельвыканкам, у якім зарэгістравана 10 нованароджаных, і Ляскавіцкі сельвыканкам, дзе спіс жыхароў аграгарадка папоўнілі 8 маленькіх грамадзян.
Па інфармацыі начальніка аддзела ЗАГС Ганны Туравец, штогод павялічваецца колькасць другіх і наступных дзяцей, народжаных у сем’ях.
Цімафей ды Дар’я
Існуе меркаванне, што імя ўплывае на лёс чалавека, таму бацькі стараюцца адказна падыходзіць да выбару імя для свайго дзіцяці.
Па нашай просьбе Ганна Іванаўна склала спіс самых папулярных імёнаў нованароджаных. Сярод мужчынскіх імёнаў у Петрыкаўскім раёне вырваўся ў лідары Цімафей – гэтым імем нараклі 5 хлопчыкаў. У топе пераможцаў Багдан – 4-ра немаўлят папоўнілі спіс мужчын з гэтым імем. Кожнае з імёнаў Аляксей, Уладзіслаў, Канстанцін і Яраслаў бацькі выбіралі тройчы.
Самым папулярным сярод жаночых імёнаў у першым паўгоддзі сталі Дар’я, Ева, Мілана і Сафія – іх у кожным асобным выпадку далі 5-ці нованароджаным дзяўчынкам. На Петрыкаўшчыне ў гэты перыяд нарадзіліся і тры Стэфаніі.
Папоўнілася Петрыкаўшчына і ўладальнікамі рэдкіх імёнаў: Серафіма, Дзекабрына, Іларыя, Савелій і Дамір.
Стану татам у …
Што да ўзроставага паказчыку бацькоўства, то самай маладой маці, на момант нараджэння дзіцяці, споўнілася 16 гадоў, а самаму маладому бацьку – 18. Самы дарослы мужчына, які сёлета набыў прыгожы статус “бацька”, стаў 58-гадовы зямляк. Самай узроставай матуляй стала 45-гадовая жанчына.
У асноўным жа мужчыны становяцца бацькамі ў 30 гадоў, жанчыны – у 27 гадоў.
Вяселлі і разводы
Агульная колькасць заключаных саюзаў у першым паўгоддзе склала 36 шлюбаў, з іх 17 зарэгістраваны ў раённым цэнтры. На жаль, развялося за гэты перыяд 10 пар.
Самай маладой нявесце споўнілася 18 гадоў, а самай дарослай даме на момант заключэння шлюбу споўніўся 61 год. Самым маладым жаніхом сёлета быў 19-гадовы мужчына, а самым дарослым – 64-гадовы.
Мінімальная працягласць шлюбу склала 6 месяцаў і 19 дзён, а максімальная на момант скасавання – 23 гады 6 месяцаў і 27 дзён.
Як пазначыла наша суразмоўца, добрай традыцыяй для аддзела ЗАГС стала ў дні святкавання знамянальных дат, якія маюць дачыненне да сям’і, дзяцей, кахання, ладзіць урачыстыя мерапрыемствы, на якія запрашаюцца прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, лідары грамадскіх арганізацый, падчас якіх ушаноўваюцца нованароджаныя, а таксама шлюбныя пары, якія ў любові і згодзе пражылі доўгія гады.
– Мы заўсёды рады бачыць вас і вашых гасцей у нашым аддзеле ЗАГС у дні вашых сямейных святаў, юбілеяў і іншых урачыстых падзей. Мы гатовы падзяліць з вамі ваша шчасце, павіншаваць са знамянальнымі і запамінальнымі сямейнымі падзеямі, – дадала на завяршэнне размовы Ганна Туравец.
Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий