Жыць у поўную сілу

0
332

У лютым 2015 года на базе Петрыкаўскага ТЦСАН адкрылася аддзяленне комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

Тэма актыўнага даўгалецця, магчымасці для людзей узросту 65+ рэалізаваць свае творчыя здольнасці заўсёды ў полі зроку нашага грамадства. Каб жыццё людзей пенсійнага ўзросту было паўнавартасным, у краіне рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы “Сацыяльная абарона”, “Даступнае асяроддзе”, “Актыўнае даўгалецце”. У нашым горадзе работа ў дадзеным напрамку, у асноўным, ускладзена на работнікаў аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і забеспячэння дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту.
– На сённяшні дзень у аддзяленне залічана 95 чалавек, для якіх упраўленнем па працы райвыканкама арганізаваны падвоз на заняткі. У нас створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб людзі сталага ўзросту маглі развівацца, мець зносіны з аднадумцамі, сачыць за сваім здароўем. Пастаўленую перад намі задачу, мы выконваем, праз работу клубаў, – расказвае загадчык аддзялення Кацярына Гарбацэвіч.
Кацярына Віктараўна дзеліцца, што на сённяшні дзень аддзяленне налічвае сем такіх клубаў :“Майстрыха” – рукадзелле, “Жыць здорава” – лячэбная фізкультура, танцы, скандынаўская хадзьба, “Камп’ютарная адукаванасць” – кансультацыя і навучанне ў працы на камп’ютары, “У самавара” – узаемадзеянне з катэгорыяй людзей 80+, “Неспакойныя сэрцы” – наведвальнікі гэтага клуба прымаюць удзел у рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных творчых, спартыўных фестывалях, “Маладыя душой” – клуб для аматараў мастацкай самадзейнасці, “Старэем граматна” – правядзенне сустрэч, экскурсій.
– Таксама жыць землякам актыўна, цікава і прыгожа дапамагаюць установы культуры, спорту, валанцёры, – працягвае суразмоўца. – Наведвальнікі смела і яскрава заяўляюць пра сябе на розных узроўнях. Пра цікавае і разнастайнае жыццё, вынікі творчых, інтэлектуальных, спартыўных перамог можна прасачыць у нашых сацыяльных сетках: Аднакласнікі – “Сярэбраны ўзрост”, Telegram – “Петрыкаўскі ТЦСАН”.
За дзесяць гадоў працы аддзяленне стала для многіх землякоў другім домам, месцам для дыялогу, сустрэч са спецыялістамі, сябрамі і цікавымі людзьмі. Пра гэта яны гавораць самі.

Жыць у поўную сілуЛюбоў ЧАЎСАВА:
– Першы раз я трапіла ў гэтыя сцены – ў 2015 годзе пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Сваё прафесійнае жыццё я аддала працы ў бухгалтэрыі Цэнтральнай раённай бальніцы і заўсёды была разам з людзьмі, у калектыве. Менавіта тады мая былая калега прапанавала мне займацца скандынаўскай хадзьбой. Яна ўжо наведвала Цэнтр і знайшла там сваіх аднадумцаў. Напэўна, у той перыяд жыцця мне не хапала зносін з людзьмі, актыўнасці. Я згадзілася і вырашыла наведваць Цэнтр. Сустрэлі мяне там цудоўныя спецыялісты. Спачатку была хадзьба, затым рукадзелле, пачала ўдзельнічаць у канцэртных праграмах, прадстаўляць раён за яго межамі. Цяпер я хаджу на танцы. З намі займаецца Лілія Мароз – цудоўны, творчы чалавек, спецыяліст, пасля заняткаў з якой адчуваеш прыліў сіл і энергіі. Галоўнае для мяне тут – зносіны з добрымі і чулымі людзьмі, магчымасць адысці ад хатніх спраў і прысвяціць вольны час цікавай і карыснай справе.
Аддзяленню жадаю далейшага развіцця, заўсёды трымаць зададзеную планку.

Жыць у поўную сілуРаіса БУДЗІЛОВІЧ.
– Не буду хаваць, маё жыццё стала больш насычаным і яскравым пасля прыходу ў аддзяленне. Наведваю яго з пачатку адкрыцця. Калі пайшла на заслужаны адпачынак – працавала я ў аддзеле статысткі райвыканкама, працягвала актыўнае грамадскае жыццё, была ўдзельніцай мастацкай самадзейнасці Дома культуры. Дайшлі да мяне чуткі, што ў тэрытарыяльным Цэнтры ёсць магчымасць навучацца рабоце на камп’ютары, што было тады неабходнасцюпаўнавартаснага актыўнага жыцця. Зацікавілася і пайшла за новымі ведамі, дзе мне ў дадатак прапанавалі стаць удзельніцай калектыву “Маладыя душой”. Я і сёння з’яўляюся членам гэтага калектыву, займаюся танцамі. Два разы на тыдзень разам з іншымі жанчынамі наведваю фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзе з намі займаецца лячэбнай фізкультурай валанцёр Цэнтра Людміла Зубар.
Жадаю, каб дзверы аддзялення былі адкрыты доўгія гады, бо сюдынаведвальнікі прыходзяць, як дадому, дзе ўтульна і камфортна, дзе вас чакаюць.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара, з архіву Цэнтра.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о