Паглыбленне ў прафесію журналіста лепш пачынаць з ранняга ўзросту, упэўнены карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін”. Аргументаваць гэтую думку нашы супрацоўнікі адправіліся ў Мышанскую сярэднюю школу.
Дапытлівасць, камунікабельнасць, інтэлектуальнасць, начытанасць, пісьменнасць, валоданне аратарскім майстэрствам, жаданне пастаянна развівацца, вывучаць часам складаныя і незразумелыя тэмы, быць у цэнтры падзей – фактары, якія адносяць да журналістыкі. Аднак большасць з іх – звычайная неабходнасць адукаванага чалавека, такая як дыхаць, есці і спаць. Пра гэта вялі размову карэспандэнты “ПН” на сустрэчы з вучнямі выпускных класаў, сярод якіх былі наведвальнікі гуртка ўстановы адукацыі “Юны журналіст”.
Мэта такіх сустрэч – прыцягнуць маладое пакаленне да супрацоўніцтва з раённай газетай, натхніць спрабаваць пісаць артыкулы, прапаноўваць штосьці новае і не баяцца праяўляць ініцыятыву.
Далёка не кожны падлетак сёння разумее, што любая прачытаная ім інфармацыя – створана кімсьці, не абавязкова журналістам у вузкім разуменні гэтага слова. Любы грамадзянін нашай краіны – ужо ўдзельнік інфармацыйнага поля. Таму важна быць актыўным па абодва бакі прафесіі. Пагадзіцеся, пакуль адны здабываюць інфармацыю, іншыя яе ствараюць – акцёры, музыканты, спартсмены, урачы і многія-многія іншыя. І тыя і другія жадаюць атрымліваць якасныя матэрыялы.
“Наша газета можа стаць стартавай пляцоўкай у свет журналістыкі, – адзначыла ў час дыялогу наш карэспандэнт. – Дастаткова толькі жадання, а ўжо злавіць свежую думку на бягу, сфармуліраваць яе выразна, ясна, каб яе зразумеў любы чытач ці слухач, асвятляць падзеі ярка, але даступнай для аўдыторыі мовай, дапаможам мы, больш дасведчаныя ў гэтай справе людзі. Рэдакцыя аказвае актыўнае садзейнічанне ў напісанні матэрыялаў маладым карэспандэнтам, дапамагае стварыць партфоліа для паступлення на факультэт журналістыкі і падрыхтавацца да творчага экзамена ў час уступнай кампаніі.
Паступаючы на журфак, трэба быць гатовым, што давядзецца чытаць вельмі шмат літаратуры. Толькі за першы курс вы прачытаеце каля 28 аўтараў па антычнай літаратуры (Гамер, Архілох, Сапфо, Платон, Еўрыпід, Эсхіл, Сафокл і яшчэ шмат-шмат іншых).
Так, ёсць дысцыпліны, якія тычацца толькі журналісцкай справы: напрыклад, гісторыя журналістыкі ці тэорыя журналістыкі і медыякамунікацый.
Праграма ВНУ ахоплівае ўсе сферы: і тэлебачанне, і радыё, і друкаваныя выданні, і новыя медыя ці інтэрнэт-СМІ. Студэнтаў вучаць здымаць і манціраваць відэа, фатаграфаваць, агучваць, а не толькі пісаць. А яшчэ вучоба на журфаку дазваляе пагрузіцца ў эпіцэнтр культурнага і творчага жыцця”.
Асаблівы акцэнт наш супрацоўнік зрабіла на тым, што ўжо з 2023 года ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны пачнуць рыхтаваць журналістаў.
Пасля абмеркавання падрыхтоўкі да паступлення, навучання на факультэце, карэспандэнты “ПН” распавялі пра “ўнутраную кухню” выдання: дзе шукаць цікавыя тэмы для публікацый, якім чынам адбываецца напаўненне раённай газеты, як журналісты нават з вандровак па-за межамі працы знаходзяць падставу для артыкула.
Так, фотакарэспандэнт Арцём Гусеў расказаў, што аднойчы падчас адпачынку наткнуўся на птушынае гняздо, світае з сінтэтычных адходаў. Чым не матэрыял на надзённую тэму пра экалогію? Карацей, журналістыку нельга паставіць на паўзу. Назіральным трэба быць у любы час сутак, інакш страціш цікавую інфармацыйную нагоду.
Размова атрымалася доўгай і грунтоўнай. Таксама вучні школы змаглі задаць хвалюючыя пытанні і атрымаць разгорнутыя і кампетэнтныя адказы. Рабяты адзначылі, што атрымалі шмат карыснай інфармацыі і гатовыя набываць досвед журналісцкага рамяства не толькі ў рамках школьнай газеты, але і раённага выдання.
Мы спыталі ў школьнікаў, спадзяемся, будучых журналістаў, у якой галіне друкаванага слова яны змаглі б рэалізаваць сябе?
Валянцін КОЎШАР, вучань 9 класа, актыўны аўтар школьнай газеты, адзначыў, што хацеў сябе паспрабаваць у больш сур’ёзнай тэме, у тым ліку на старонках выдання.
”Мне спадабалася сустрэча, даведаўся шмат новага. Прыйду і раскажу пра гэта дома бацькам. Мне цікава расказваць сябрам розныя гісторыі, пераказваць пацешныя факты. Думаю, прыйшоў час паспрабаваць нешта новае ў журналісцкай справе! Люблю спорт, у вольны ад заняткаў час бегаю. Журналістыка і спорт – сапраўдныя сёстры, упэўнены, што можна любімы занятак пераўтварыць у сапраўды важную прафесію”.
Варвара ГАЛКІНА, вучаніца 9 класа, рэдактар школьнай газеты “СЮЖэт”.
“Сур’ёзна пра паступленне на факультэт журналістыкі не задумвалася, але, магчыма, маё меркаванне зменіцца. Я люблю падбіраць для школьнага выдання артыкулы, на планёрцы прадумваць нумар, шукаць цікавыя факты. Для сябе паспела вызначыць, што праца рэдактара не з простых заняткаў, трэба яшчэ ўважліва праверыць тэкст на стылістычныя і пунктуацыйныя памылкі, захаваць усе правілы вёрсткі і дызайну. Я люблю вывучаць жыццё жывёл, калі можна сумясціць гэты кірунак з журналістыкай, было б выдатна.
Леанід ВІШНЯКОЎ, вучань 9 класа, не хавае, што любіць для школьнай газеты вышукваць нешта незвычайнае. Хлопец таксама любіць спорт, дзякуючы якому, на яго думку, чалавецтва развіваецца.
“А яшчэ навука! Мне здаецца, што геалогія – адна з найважнейшых. Мне здаецца, што было б цікава спалучыць журналістыку і геалогію. Тады можна было б лёгка і цікава расказваць пра паходжанне розных камянёў”.
Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.
Оставить комментарий